У Германавіцкай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна люты аб’яўлены месячнікам ваенна-патрыятычнага выхавання. І амаль кожны дзень тут праходзяць мерапрыемствы, падчас якіх супрацоўнікі школьнага музея і музея Язэпа Драздовіча расказваюць школьнікам пра подзвіг землякоў у барацьбе з ворагам. Як сведчыць кніга «Памяць», у Шаркаўшчынскім раёне было знішчана 2027 мірных жыхароў.
У лістападзе 1942-га фашысты арганізавалі карную аперацыю ў Браслаўскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім раёнах пад кодавай назвай «Нюрнберг». Пасля таго як ім не ўдалося знішчыць партызан у Казянскіх лясах, было вырашана стварыць тут «мёртвую» зону. Немцы спалілі разам з жыхарамі ўсе вёскі, якія размяшчаліся непадалёку ад леса. Сведкі па-дзей успамінаюць, што крыкі пакутнікаў былі чутны за некалькі кіламетраў. Восенню таго ж года і ў Шаркаўшчынскім раёне было спалена 11 вёсак, расстраляна каля 700 мірных жыхароў.
Карныя экспедыцыі паўтараліся не адзін раз. У кастрычніку 1943-га былі поўнасцю або часткова, разам з жыхарамі, спалены вёскі Ёды, Ёрзаўка, Буда Бліжняя, Буда Дальняя, Валашчанскія, Высокае, у 1944-м – Чарамхова, Грыблы. Некалькі вёсак з гэтага cпіска зніклі з твару зямлі назаўсёды.
Адзін з нямногіх жы-хароў спаленых вёсак, каму ўдалося выжыць, Рыгор Касцюкевіч. Ён расказаў, як усіх мужчын сабралі ў адну хату, паставілі ў двары станкавы кулямёт і загадалі выходзіць па аднаму. Першага мужчыну расстралялі, тое ж чакала і іншых. Вяскоўцы зачыніліся знутры. Тады гітлераўцы падпалілі будынак. Рыгор Васільевіч у клубах дыму выскачыў праз акно і змог схавацца. Фашысты не пашкадавалі ні старых, ні малых. Той страшны дзень карнікі закончылі тым, што пакінулі пасля сябе на месцы хат чорныя коміны.
У памяць аб спаленых вёсках і іх жыхарах быў узве-дзены мемарыяльны комплекс на месцы, дзе стаяла Свята-Мікалаеўская царква. У пасляваенны час сюды перанеслі рэшткі пахаваных на вясковых могілках сяльчан, якія былі закатаваны фашыстамі ў 1942 годзе.
Цяжкі лёс чакаў і яўрэяў. У гета ў Шаркаўшчыне былі звезены больш за тысячу чалавек з бліжэйшых сельсаветаў. Раніцай 17 чэрвеня 1942 года з Глыбокага прыехалі фашысты і пачалі расстрэльваць яўрэяў.
На ўсходняй ускраіне Шаркаўшчыны былі выкапаны дзве ямы, у якіх пахаваны сотні расстраляных. Сёння на месцы гэтай брацкай магілы ўстаноўлены помнік. Каля 400 чалавекам удалося ўцячы падчас расстрэлу, але многіх акупанты дагналі непадалёку ад вёскі Радзюкі. Тут у 2015 годзе быў таксама пастаўлены помнік ахвярам генацыду.
У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі захоў-ваецца «Акт аб злачынствах гітлераўскіх захопнікаў у мястэчку Ёды Шаркаўшчынскага раёна», які складзены на аснове сведчанняў мясцовых жыхароў.
Яны паведамляюць, што ў кастрычніку ў Ёды прыехала 60 фашыстаў. За суткі да гэтага немцы і паліцаі прыгналі ў мястэчка больш за сотню яўрэяў і закрылі іх у будынку школы. Сюды таксама былі сагнаны і мясцовыя яўрэі. Многіх з іх вялі босымі, паўраспранутымі, хоць у гэты час ужо стаяў мароз. Пасля групамі чалавек па 20 – 30 іх пачалі выводзіць да выкапанай ямы, ставілі на яе краі, распраналі дагала і расстрэльвалі. Знішчэнне мірных грама-дзян доўжылася на працягу двух сутак.
Яму з расстралянымі не закопвалі паўтара месяца. Увесь гэты час немцы і паліцаі на тым месцы забівалі ўсё новых і новых людзей. Такім чынам загінула каля 450 мірных жыхароў.
Створанае гета ў Лужках праіснавала нядоўга. Канчатковае рашэнне пра яго ліквідацыю было вынесена нямецкім камандаваннем да пачатку лета 1942 года. Прыкладна ў двух кіламетрах ад мястэчка была выкапана яма. Там яўрэяў распраналі, забіралі схаваныя каштоўнасці і расстрэльвалі.
Дэманструючы дакументы, фотаздымкі, запісы ўспамінаў сведкаў тых жудасных падзей, шматлікія карціны на тэму генацыду, якімі валодае музей, яго работнікі нібы перадаюць наказ тых ахвяр усяму чалавецтву: «Гэта не павінна паўтарыцца».
Фота аўтара.