Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

Школьніца з Віцебска трапіла ў фінал конкурсу ідэй для старшакласнікаў «Першыя»

Віцябчанка Анастасія Кундзір прадставіць нашу вобласць у фінале праекта «Першыя», які праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Дзевяцікласніца сярэдняй школы №12 прапануе стварыць мабільны дадатак — маршрутызатар па музеях абласнога цэнтра — і такі ж сайт.

Дзяўчына зняла пра музеі Віцебска відэаролік, які нечакана для яе стаў пуцёўкай у фінал. У 10-хвілінным выступленні, якое яна будзе прадстаўляць у Мінску, расказваецца пра самыя яскравыя старонкі гісторыі Віцебска, дэманструецца, якія выставы можна паглядзець у нашым горадзе.

Анастасія асабіста аддае перавагу менавіта Мастацкаму музею.

– У ім часта мяняюцца экспазіцыі, можна знайсці штосьці на свой густ, – расказвае яна. – Там ёсць не толькі карціны, але і скульптуры, фатаграфіі. У гэтым музеі кожны месяц з’яўляецца нешта новае, цікавае, таму я і прапаную яго для сваіх сяброў і турыстаў.

Першыя памочнікі Анастасіі ў рэалізацыі праекта – мама, якая дапамагла зняць відэасюжэт, і настаўнік беларускай мовы Антон Арцямёнак, які карэктуе тэксты, падказвае, як падаць той ці іншы матэрыял. І аб праекце дзяўчына таксама даведалася ад яго.

– Ідэя стварыць мабільны дадатак прыйшла нечакана, – кажа фіналістка праекта «Першыя». – Я шукала, у які з музеяў можна пайсці на выхадных, але знайшла вельмі мала інфармацыі пра экспазіцыі, якія там ёсць. Таму вырашыла: чаму б не сабраць усё ў адзіную базу і не стварыць унікальны маршрут для гасцей нашага горада.

Многія з сяброў Анастасіі ўжо даведаліся пра гэта і чакаюць, калі можна будзе ўстанавіць музейны маршрутызатар на свой смартфон.

Зараз праект-фіналіст яшчэ ў распрацоўцы, але яго стваральніца плануе пашырыць яго, адначасова зрабіць сайт, дзе будзе ўся інфармацыя пра віцебскія музеі, і ў будучым супрацоўнічаць з турагенцтвамі.

Анастасія плённа і паспяхова займаецца не толькі на ўроках мовы і літаратуры, але яшчэ і наведвае школьны тэатральны гурток «Світанак», прымае ўдзел у беларускамоўных пастаноўках. Гурток ужо выступаў на розных конкурсах, і для дзяўчыны, якая сцвярджае, што ніколі не хвалюецца на сцэне, гэта адзін з любімых заняткаў. Акрамя таго, яна – удзельніца школьных моўных алімпіяд, навуковых канферэнцый. Напрыклад, у мінулым годзе разам з Антонам Арцямёнкам яна падрыхтавала праект, прысвечаны беларускаму кіно, дзе расказвалася пра гісторыю гэтага жанру мастацтва ў нашай краіне з 1900-х па 2020 г.

У планах таленавітай дзяўчыны – новыя цікавыя праекты, перамогі, захапленні. Нязменнай крыніцай натхнення Анастасія лічыць родную мову, на якой стваралі літаратурныя шэдэўры яе любімыя аўтары – Максім Танк і Аркадзь Куляшоў.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ