Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

У Браславе прайшла сустрэча прадстаўнікоў ВНУ з вучнямі аграрных класаў

Пазнаёміцца з мясцовымі школьнікамі і пазнаёміць іх са сваёй дзейнасцю прыехалі ў Браслаў прадстаўнікі чатырнаццаці вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Прыслалі сваіх дэлегатаў і тры вядучыя ВНУ сельскагаспадарчай скіраванасці – Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Раён мае патрэбу ў спецыялістах аграрнага сектара, таму сустрэча была карыснай для двух бакоў. Тым больш што на яе прыйшлі вучні аграрных класаў, якія пачалі працаваць на Браслаўшчыне два гады назад.

Як сказала галоўны спецыя­ліст аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Мацук, за гэты час хлопцы і дзяўчаты змаглі больш глыбока пазнаёміцца з асаблівасцямі шэрагу гаспадарак, пабыць на машынных дварах і фермах, пачуць ад саміх работнікаў – радавых і спецыялістаў – пра ўмовы іх працы, адчуць іх гонар за тое, што менавіта яны клапоцяцца пра харчовую бяспеку краіны.

Вучні аграрных класаў Друйскай і Опсаўскай школ, напрыклад, і самі робяць першыя крокі ў павышэнні эфектыўнасці земляробства – паспяхова рэалізуюць міжнародны праект «Пры­школьны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для бяспечных агратэхналогій», за што адзначаны дыпломамі па выніках першага і другога этапаў. Аграрыі Слабодкаўскай ясляў-сада – сярэдняй школы ў рамках супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй «Беларускі Зялёны крыж» працуюць над праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Школьны сад», скіраванай на развіццё сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва.

Свой вопыт супрацоўніцтва з профільнымі прадпрыем­ствамі, фермерскімі гаспадар­камі і аграсядзібамі мае кожная школа. Педагогі імкнуцца расказаць сваім вучням пра шырокія магчымасці прафесій агранома, ветурача, інжынера, энергетыка, бухгалтара ці эканаміста, якія дазваляюць у будучым мець дастойнае працоўнае месца. На Браслаўшчыне такіх прыкладаў шмат. Так, у СВК «Маяк Браслаўскі» створаны цудоўныя ўмовы працы для ўсіх катэгорый работнікаў, высокія заработкі, важкі сацыяльны пакет. А гаспадар аграсядзібы «Ёдзішкі» паспяхова займаецца вырошчваннем экалагічна чыстай прадукцыі і арганізацыяй адпачынку. На слыху ў многіх імя фермера Аляксандра Казлоўскага, які забяспечвае малочнай прадукцыяй вялікае кола жыхароў райцэнтра.

Многія вучні аграрных класаў прыехалі на сустрэчу з прадстаўнікамі ВНУ з бацькамі. Опсаўскія трымаліся кампаніяй, іх і распытала пра намеры. Аляксей Сцефановіч адзначыў, што ўжо сам факт паглыбленага вывучэння хіміі, біялогіі і матэматыкі робіць такі клас прыцягальны. Як і магчымасць уладкавацца на працу ў «Маяк Браслаўскі». Анастасія Барткевіч пасля апошняй сустрэчы з галоўным аграномам гэтай гаспадаркі Валянцінай Таўкінь загарэлася стаць аграномам. У хлопцаў і дзяўчат перад вачамі ёсць добры прыклад прафесійнай рэалізацыі іх сваякоў і знаёмых. З маладым задорам уся група амаль у адзін голас сцвярджала, што, калі паступяць і вывучацца, гатовы працаваць у любой гаспадарцы раёна.

Ірына Мацук дадала, што гэты іх запал райвыканкам будзе падтрымліваць. Ужо заключаны дагавор з сельскагаспадарчай акадэміяй аб арганізацыі ў раёне аграрнага летніка ў адной са школ.

Фота Тамары Пашкевіч.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ