Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч віншуе католікаў са святам Вялікадня

«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага,

каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16).

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!

Словы Евангелля паводле св. Яна адлюстроўваюць сутнасць таго, што адбылося ў гэтыя Пасхальныя дні, калі мы перажываем найбольшае хрысціянскае свята – Уваскрэсенне Езуса Хрыста.

Чарговы раз мы ўваходзім у таямніцу Крыжовай смерці і Уваскрэсення нашага Збаўцы і прагнем падзяліцца з усім светам гэтай радасцю: Бог не адмяніў свайго намеру ратаваць гэты свет, як глыбока б ён не паграз у граху, не страціў сваёй любові да чалавека. Як скажа апостал Павел: «Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові да нас і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом» (Эф 2, 4 – 5). І на іншым месцы: «Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8 – 9). Так выглядае перспектыва годнага жыцця – жыцця не толькі ў гэтым свеце, але і ў вечнасці.

Крыніцай радасці свята Уваскрэсення з’яўляецца яшчэ і таму, што «ў Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста... Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка» (Эф 2,13,17). Не існуе больш магутнай сілы прымірэння і паяднання, якую чалавек можа мець праз веру ў Езуса Хрыста. Гэтая вера заўсёды была ўмацаваннем і паратункам для чалавека, асабліва ў хвіліны выпрабаванняў. Такой яна застаецца і зараз.

Няхай Уваскрэслы Хрыстос сваёй моцаю сцеражэ сучасны свет ад раздораў, войнаў і знішчэння, а для кожнага з вас стане крыніцай надзеі, сапраўднай радасці і спакою! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Са святам!

+Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ