У пяты раз у вёсцы Жылінскія на Пастаўшчыне прайшоў адкрыты чэмпіянат па касьбе, які сёлета атрымаў статус міжнароднага.
![]()
Тое, што папулярнасць спаборніцтваў, распачатых пастаўчанінам Пятром Каралём, набірае размах, пацвердзіла істотна ўзросшая колькасць яго ўдзельнікаў. Сёлета пасапернічаць у валоданні вясковым інструментам сабраліся 25 чалавек. Яшчэ пяць – у хуткаснай касьбе на дыстанцыі ў 400 метраў. Гэта былі мужчыны і жанчыны з розных рэгіёнаў Беларусі, з Урала, Якуціі, Украіны, Польшчы. Акрамя дэманстрацыі сілы і спрыту кожны з іх мае і больш глыбокую мэту – не даць народным традыцыям адыйсці ў нябыт глыбей вывучаць побыт сваіх продкаў.
На ўсходзе сонца пачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў спаборніцтваў, а неўзабаве зазвінелі косы. Касцы ўмела клалі траву ў роўныя пракосы. Усіх абышоў пастаўчанін, дэбютант спаборніцтваў Іосіф Галяк. Крыху адстаў ад яго Рыгор Равенька з Бярозы, трэцім – Аляксандр Андалецкі з Шаркаўшчынскага раёна.
Сярод жанчын былі свае лідары. Трэцяе месца прысуджана палачанцы Наталлі Сабчук, другое – пастаўчанцы Алене Хмылко. Пераможцай стала мясцовая ўраджэнка Ванда Купран, якая скасіла больш за 13 сотак травы.
Пераможцы і прызёры чэмпіянату ўзнагароджаны дыпломамі, грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі.
Далей пастаўчане, як паведаміў Пётр Кароль, маюць намер удзельнічаць у спаборніцтвах на айчынных і замежных пляцоўках. Найбліжэйшыя адбудуцца ў Славакіі, таму мінулы чэмпіянат – свайго роду адборачны тур да яго.






