Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Беларускую мову і народныя традыцыі прывіваюць з маленства ў дзіцячым садку Віцебска

Бацькам хочацца, каб іх дзеці раслі не толькі здаровымі, але і разумнымі, спартыўнымі, творчымі і вывучалі замежныя мовы. Таму нікога не здзіўляе, што сучасныя дашкольнікі, акрамя іншых асабістых поспехаў, могуць пахваліцца веданнем некалькіх дзясяткаў слоў па-англійску. А па-беларуску? Выхавацель віцебскага дзіцячага сада №86 Ларыса Глазунова з ахвотай прывівае сваім падапечным павагу да роднай мовы і лічыць, што перспектывы добрыя, тым больш што бацькі — толькі за.

«Нягледзячы на тое, што беларуская мова абавязкова вывучаецца ў кожнай дашкольнай установе, у гэтым годзе наш сад дадаткова абраў для сябе праграму менавіта ў гэтым напрамку. Наша задача — выхаваць у дзяцей чуйнасць да моўных нормаў і сродкаў выразнасці, паглыбіць веды. Кожны член калектыву ахвотна падтрымаў прапанову загадчыцы Раісы Андрэйчык, бо мы самі любім родную мову. Бачым, што дзеці цікавяцца, — адзначае Ларыса Рыгораўна. — Калі чытаем народныя казкі, вершы, спяваем і гуляем, у іх фарміруецца слоўнікавы запас і веданне таго, як гучаць адны і тыя ж словы па-руску і беларуску. І гэта, безумоўна, ідзе на карысць, таму што кожная з моўных сістэм засвойваецца аўтаматычна з характэрнымі для яе асаблівасцямі, дзякуючы чаму з часам складанасці з перакладам знікнуць».

Першымі педагогамі для малых становяцца бацькі. Тата і мама павінны стварыць пэўнае асяроддзе, каб дзеці разумелі, што беларуская мова — родная. Як адзначыла Ларыса Рыгораўна, з гэтым праблем не ўзнікае. Бацькі, бабулі і дзядулі, калі заўважылі, што дзеці пачалі выкарыстоўваць беларускія словы, актыўна падтрымалі іх. «Дарослыя вітаюцца і развітваюцца па-беларуску, а кожны чацвер у нас праходзіць дзень роднай мовы — з раніцы да вечара размаўляем выключна на ёй. Аднак беларуская мова гучыць заўсёды, таму што дзеці цікавяцца, як будзе «па-нашаму» тое ці іншае».

Асаблівы гонар Ларысы Рыгораўны — альбом з калекцыяй беларускіх арнаментаў, якія вышыла для сада Юлія Картаўнёва, маці адной з дзяўчынак. «Вельмі прыемна, што мы маем такую падтрымку з боку бацькоў. Дзеці з цікавасцю гартаюць старонкі, разглядаюць сімвалы: вось Берагіня, вось абуджэнне прыроды вясной, — расказвае Ларыса Глазунова. — Калі ў групе праходзіць чарговае свята і дзеці пераапранаюцца ў нацыянальныя касцюмы, яны просяць патлумачыць, што азначае вышыты на іх узор».

Каб пэўнае пачынанне прыжылося, патрэбна шмат намаганняў. Як адзначыла загадчыца дзіцячага сада, Ларыса Рыгораўна ў гэтым плане вялікі энтузіяст і чалавек, аддадзены сваёй справе. «Гэта майстар, якога пашукаць трэба. Кожнае мерапрыемства з яе ўдзелам ператвараецца ў тэатральную дзею. Калі ў нас Вялікдзень, Купалле ці Каляды, то па ўсіх правілах: беларускія народныя песні, традыцыйныя гулянні, забавы. Ларыса Рыгораўна ўмее зацікавіць дзяцей і стварыць святочную атмасферу»,— кажа Раіса Аляксандраўна.

Адзіны ў працоўнай кніжцы Ларысы Глазуновай запіс красамоўна сведчыць пра тое, што чалавек знайшоў сваё месца і прырос да яго каранямі. Трыццаць гадоў таму яна прыйшла праца ваць у гэты сад пасля заканчэння Полацкага педагагічнага вучылішча. Прызнаецца, што ў той час адчувала сябе самай шчаслівай, бо трапіла ў дзіцячы калектыў не выпадкова: «Я марыла пра гэта яшчэ з малодшых класаў. Так склалася, што заўсёды даглядала суседскіх малых. Паколькі я вучылася ў музыкальнай школе, на дапамогу прыйшоў акардэон. Акрамя таго, драматычны кружок адкрыў пэўны арганізатарскі талент. Таму абрала прафесію не раздумваючы і ніколькі не шкадую».

Творчыя здольнасці і прафесійнае майстэрства Ларысы Рыгораўны былі неаднаразова адзначаны ганаровымі граматамі, пісьмамі ад бацькоў, удзячнымі запісамі ў кнізе водгукаў і прапаноў. У калектыве Ларыса Глазунова карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, з ахвотай дапамагае маладым калегам, знаходзіць падыход да кожнага. «Гэта майстар педагагічнай справы»,— падкрэслівае Раіса Андрэйчык.

Фота Дзмітрыя Осіпава


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ