Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Ферма замест казармы. Альтэрнатыўную службу на Віцебшчыне праходзіць 7 юнакоў

Па інфармацыі абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  аблвыканкама, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб альтэрнатыўнай службе» ў краіне яе праходзяць каля 40 чалавек, сем з іх – на Віцебшчыне. Адным з першых прыняў альтэрнатыўшчыкаў у сярэдзіне снежня мінулага года «Браслаўскі райаграсервіс».

Як ім служыцца, ці адчулі цяжар нязвыклага для сябе жыцця? За адказамі на гэтыя пытанні я адправілася ў Ахрэмаўцы. Пра навічкоў ведала, што яны прыехалі  з Гомельскай вобласці,  альтэрнатыўную службу выбралі па рэлігійных перакананнях, на работу прызначаны ў жывёлагадоўчую галіну. На малочнатаварнай ферме «Гайлешы» сустрэлася з Сяргеем Кажушкам. Хлопец наводзіў парадак у памяшканні – падсыпаў пілавінне, падмятаў праходы, падсоўваў да кармушак сянаж, які  каровы адсунулі ад ясляў.

Загадчыца фермы Ірына Мацюк, даведаўшыся пра мэту візіту, адразу пачала хваліць Сяргея. Маўляў, спраўны, работы не цураецца, усё ў яго атрымліваецца добра. Даяркі хочуць навучыць яго машыннай дойцы.

— Хлопец я вясковы, сялянскую працу ведаю, — з усмешкай адзначыў юнак.
У сям’і Кажушкаў Сяргей старэйшы сын. Акрамя яго, ў перасяленцаў з Казахстана яшчэ пяць дзяцей. Так склалася, што восенню мінулага года на службу адправіліся адразу тры браты: Сяргей на альтэрнатыўную, а Васіль і Мікалай трапілі ў танкавыя войскі і цяпер знаходзяцца ў Пячах Мінскай вобласці.

Свой выбар Сяргей патлумачыў проста: вера яму  не дазваляе браць у рукі зброю і даваць клятву камусьці іншаму, акрамя Усявышняга.

— Як і ўсе дзеці, я гуляў у вайну, у школе займаўся на ўроках ваеннай падрыхтоўкі. Але ў 16 гадоў свядома прыйшоў да Бога, зразумеў, што трэба жыць па яго запаветах, — прызнаўся Сяргей Кажушка. Ён рады таму, што трапіў на Браслаўшчыну. Спадабаліся шчырасць і дабразычлівасць  мясцовых лю­дзей. Прадпрыемства выдзеліла яму пакой у інтэрнаце.

— Чысты, цёплы, ёсць на чым гатаваць і дзе спаць, — расказаў Сяргей. – У бліжэйшыя выхадныя чакаю бацькоў і братоў. Прывязуць пральную машыну, халадзільнік, ноўтбук. Як бачыце, уладкоўваюся трывала, на ўсе тры гады службы. Летам збіраюся запрасіць да сябе меньшых братоў, хай пакупаюцца ў Браслаўскіх азёрах, паловяць рыбу…

Расказваючы пра сябе, хлопец не забываўся і сам задаваць пытанні, удакладняць свае правы і абавязкі. З радасцю даведаўся, што зможа атрымаць да 10 дзён водпуску па Законе аб альтэрнатыўнай службе яшчэ 10 дадатковых, калі не будзе парушаць дысцыпліны. Памерам заработнай платы задаволены,  першая выплата парадавала. І да раскладу работы прывык, толькі першыя тры дні было цяжка падымацца ў 4 гадзіны раніцы. Хапае часу, каб адпачыць, пачытаць, пазнаёміцца з Браславам.

З другім альтэрна-тыўшчыкам сустрэцца не ўдалося — захварэў, таму пагаварылі па тэлефоне. Дзмітрый Чобра ўмовамі службы таксама задаволены. Ён зай­маецца рамонтнымі работамі на  фермах. Здымае кватэру, дзе жыве з жонкай, якая прыехала з Гомельшчыны ўслед за мужам.
Адным словам, мясцовыя жыхары ветліва прынялі альтэрнатыўных службоўцаў. Іх паводзіны і адносіны да работы падабаюцца кіраўніку сель­гаспрадпрыемства, старшыні сельскага Савета дэпутатаў, калегам.

— Служба пачалася добра, і, дай Бог, гэтак жа добра прой­дзе, — сказаў на развітанне Сяргей Кажушка.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ