Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Гадуе некалькіх асаблівых сыноў. Вячаслаў Трафімчык з Пастаў расказаў пра лёс бацькі-адзіночкі

Лёс Вячаслава Трафімчыка з Пастаў няпросты. Мужчына — бацька двух асаблівых сыноў, якіх працяглы час гадуе адзін. І не таму, што стаў удаўцом. Проста ў адзін дзень жонка і маці хлопцаў забрала свае рэчы і пайшла жыць да другога.

– Стамілася, – гаворыць, апраўдваючы жанчыну, Вячаслаў. – Гэта сапраўды нялёгкая ноша – гадаваць двух хлопцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Як і ўсе, ствараючы сям’ю, сужэнцы Трафімчыкі разлічвалі на шчаслівае жыццё. З радасцю чакалі першынца, які нарадзіўся на Вялікдзень. Сашанька рос, набіраў вагу, але не садзіўся. Вось тады і забілі трывогу. Візіты да ўрачоў – ад раённых да сталічных – спакою не дабаўлялі. Толькі бацькі не гублялі надзеі, што яны справяцца, хвароба адступіць. Клінікі, рэабілітацыйныя цэнтры мяняліся адзін за адным. Прагрэс бачылі, толькі ён не быў такім, як хацелася. Адным словам, жыццё сканцэнтравалася вакол сына, які і ў 10, і ў 21 год не можа абыходзіцца  без апекі.

– Зачаць другое дзіця асмеліліся толькі праз сем гадоў, – працягвае Вячаслаў. – Цяжарнасць працякала нармальна, але ўсё ж трывога была. Зноў нарадзіўся хлопчык, здаровы, як казалі ўрачы. Толькі праз пэўны час у яго дыягнаставалі гідрацыфалію. Хваробу лакалізавалі, але і гэты сын пачаў адставаць у развіцці. Напэўна, не трэба расказваць, што перажываюць сем’і ў такой сітуацыі. Дзякуй усім, хто дапамагае нам усе гады. Хлопцы хадзілі ў дзіцячы сад, карэкцыйны цэнтр, навучаны самаабслугоўванню, але самастойна жыць не змогуць.

Дзень бацькі цяпер распісаны літаральна па мінутах. Пад’ём да 6 гадзін раніцы, гатаванне ежы на сняданак, абед і вячэру. Потым зборы сыноў – старэйшага – у аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, малодшага – у рэабілітацыйна-карэкцыйны цэнтр, сам – на працу. Вечарам па звыклым маршруце дахаты. Трэба прыбраць, памыць адзенне, заняць хлопцаў. Больш за ўсё яны любяць маляваць, прычым, адзначае бацька, па колеру фарбаў, пакла­дзеных на паперу, ён навучыўся разумець іх настрой, тое, як прайшоў дзень, перажываюць радасць ці ёсць трывога.

Так у паўсядзённых турботах мінаюць дні. На выхадныя хлопцы едуць да дзядулі з бабуляй па матчынай лініі. Тыя любяць унукаў і з радасцю прымаюць іх. У Вячаслава з’яўляецца час на хатнія справы. У адзін з нядаўніх выхадных з’ездзіў з малодшым сынам да свайго бацькі ў Валкавыск. Пагаварылі пра далейшае жыццё, абмяняліся машынамі. Дахаты вярнуліся на больш прасторным аўто бацькі. Сям’я Вячаслава павялічваецца. Ён сустрэў жанчыну таксама з няпростым лёсам. Вырашылі, што будуць разам гадаваць цяпер ужо чацвярых дзяцей.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ