Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

«Гатова была аддаць жыццё, каб хутчэй прагнаць ворага з роднай зямлі». Марыя Балтушкіна з Глыбокага расказала, як хадзіла ў разведку

На пачатку вайны немцы дзяцей не чапалі. І гэты факт скарысталі партызаны. Самыя актыўныя і гатовыя да барацьбы падлеткі станавіліся разведчыкамі і сувязнымі народных мсціўцаў. Да ліку такіх належыць і ўраджэнка Магілёўшчыны Марыя Балтушкіна, якая апошнія 20 гадоў жыве ў Глыбокім.

У 1941-м ёй ішоў трынаццаты год. Вядома, у партызанскі атрад, куды пайшоў бацька, яе не ўзялі. Актыўнай, кемлівай, фізічна моцнай дзяўчыне знайшлася справа, што была ёй па сіле. Разам са стрыечным братам мела заданні хадзіць па вёсках, прыглядацца, якія дамы занялі немцы, чым займаюцца. Гэтыя простыя звесткі давалі партызанам магчымасць біць падчас налётаў па месцах вялікай колькасці ворагаў, па ажыўленасці руху меркаваць, ці не задумалі акупанты штосьці супраць народных мсціўцаў і мірнага насельніцтва. Адным словам, такая інфармацыя дапамагала ў планаванні баявых аперацый.

Пра гэтыя факты з біяграфіі ветэрана расказаў яе сын Віктар. Не хацеў, каб успаміны ўстрывожылі маці і адмоўна паўплывалі на стан здароўя. Як і ўсе ў сям’і, ведае яе жыццё, ганарыцца. Адразу пасля заканчэння вайны ёй, непаўналетняй, выдалі пасведчанне ўдзельніцы партызанскага руху. Дзяржава ўжо тады так высока ацаніла яе дапамогу партызанскім атрадам, дзе спачатку камісарам, а пасля камандзірам быў Герой Савецкага Саюза Дзмітрый Гуляеў. Менавіта па яго заданнях Марыя хадзіла ў разведку, папярэ­джвала вяскоцаў, на які дзень трэба напячы хлеба, падрыхтаваць харчы для партызан.

Сама Марыя Пятроўна на рос­пыты пра яе ваенную біяграфію звычайна кажа проста: рабіла тое, што і ўсе: ворагу не скарылася, як магла і ўмела шкодзіла, гатова была аддаць жыццё, каб хутчэй прагнаць з роднай зямлі. І нічога пра тое, колькі разоў рызыкавала жыццём.

Так было і ў 1943 годзе. Жадаючы пазбавіць партызан падтрымкі насельніцтва, акупанты і іх памагатыя сталі праводзіць карныя акцыі, знішчаць мірнае насельніцтва. У яе роднай вёсцы сагналі ў вялікі дом жыхароў і рыхтаваліся спаліць. Смяротнікаў выратавала Марыя. 

Рабіла тое, што і ўсе: ворагу не скарылася, як магла і ўмела шкодзіла, гатова была аддаць жыццё, каб хутчэй прагнаць з роднай зямлі. І нічога пра тое, колькі разоў рызыкавала жыццём. 

Калі вярнулася з лесу і ўбачыла, што адбываецца, зразумела, які страшны лёс іх чакае. Пабегла да жанчыны, якая ведала нямецкую мову, кінулася той у ногі і стала прасіць заступіцца за аднавяскоўцаў, пераканаць, што партызаны толькі зрэдку наведваюцца сюды і сілай забіраюць ежу, іншай карысці ад іх не маюць.

Сёння цяжка сказаць, чаму жанчына паслухала дзяўчынку. Але просьбу яе выканала. Як лаяльная да «новага рэжыму», жыхарка населенага пункта пацвердзіла пра няўдзел суседзяў у партызанскім супраціўленні.

За сваё выратаванне тыя вяскоўцы ўсё жыццё дзякавалі дзяўчыне, зычылі здароўя ёй і яе будучым дзецям. Пасля вайны пры вялікім дэфіцыце жаніхоў Марыя сапраўды лёгка выйшла замуж за ўдзельніка вайны. Вайсковы подзвіг яе выбранніка,які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця, ва ўзнагародным лісце апісаны так: «За час баёў за прыгарад Кітц з 06.03.45 па 14.03.45 малодшы сяржант Балтушкін М. А. быў наводчыкам мінамёта, паказаў сябе мужным і ініцыятыўным малодшым камандзірам. Нягледзячы на што­дзённы абстрэл праціўнікам агнявых пазіцый, таварыш Балтушкін М. А. працягваў весці агонь па контратакуючаму праціўніку, у выніку чаго таму быў нанесены адчувальны ўрон у жывой сіле. Знішчаны дзве супрацьтанкавыя гарматы, тры дзоты і да сарака гітлераўцаў. Таварыш Балтушкін М. А. дастойны ўрадавай узнагароды ордэна Чырвонай Зоркі. Былі ў яго яшчэ і медалі «За вызваленне Варшавы» і «За ўзяцце Берліна».

У самой Марыі Балтушкінай баявых узнагарод няма. Яе ўдзел у вайне адзначаны юбілейнымі ордэнам «Вялікай Айчыннай» і медалямі. Але пяцёра дзяцей, якіх яны з мужам выгадавалі, вывучылі, далі вышэйшую адукацыю, не перамяншаюць яе ўклад у Вялікую Перамогу.

Напярэдадні святаў да ветэрана Вялікай Айчыннай і маці-гераіні Марыі Балтушкінай не зачыняюцца дзверы ад колькасці гасцей – блізкіх і сваякоў, знаёмых і малазнаёмых, дзятвы, тых, хто жадае павіншаваць ветэрана і такім чынам выказаць сваю ўдзячнасць за мірнае неба над галавой.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ