Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Як пенсіянерка з Пастаў стала мадэллю і трапіла на старонку амерыканскага часопіса?

Хадзіць па подыуме – справа нескладаная. І навучыцца гэтаму можна хутка, асабліва калі табе 14 ці 20 гадоў. Мадэльных школ для маладых існуе шмат. А вось рашыцца на такі эксперымент ва ўзросце здольныя нямногія. Калі маладосць мінула, дзеці выгадаваны і нават выраслі ўнукі, жанчыны лічаць, што сваю місію выканалі і ім засталося дажываць адпушчаны век. Але гэты ўзрост нездарма называецца «залатым»: ён падказвае нам, сталым жанчынам, што жыццё працягваецца, у ім яшчэ багата нерэалізаваных магчымасцей.


З гэтага разважання пачалася размова з пастаўчанкай Святланай Рассохінай, якая мадэллю стала пасля 60 гадоў. Было цікава пачуць з першых вуснаў, што падштурхнула пенсіянерку з правінцыі падацца ў мадэльную школу, ды не ў сваю айчынную, а ў амерыканскую, якія перажывала эмоцыі, калі была запрошана для ўдзелу і выйшла на подыум міжнароднага конкурсу ўзроставых мадэляў, які праходзіў восенню мінулага года ў Турцыі?


– Вядома, была рада, што мяне заўважылі і ацанілі. Хоць перажыла шмат хваляванняў, але вынікі конкурсу задаволілі, запаважала сябе, бо атрымала добрыя водгукі ад яго арганізатараў і прадстаўнікоў мадэльных агенцтваў, – гаворыць Святлана Уладзіміраўна. – Заключыла дагавор з адным з мадэльных агенцтваў і маю запрашэнне на паказ расійскіх брэндаў ад Дома моды Зайцава. Толькі зноў і зноў буду паўтараць: сваю місію бачу ў тым, каб адкрыць жанчынам ва ўзросце дарогу да мары – любой, бо ў кожнай засталіся нерэалізаванымі розныя памкненні, творчыя задаткі. Час ажыццявіць іх.


Будучы жонкай афіцэра, Святлана калясіла за мужам па прасторах былой неабсяжнай краіны. Жылі ў Расіі, Казахстане, Украіне. Урэшце аселі ў Паставах, яе родным горадзе. На малой радзіме жанчыне захацелася зрабіць для землякоў, перш для жанчын, штосьці значнае, стварыць месца, дзе яны маглі б адпачыць і стаць больш прыгожымі і ўпэўненымі ў сабе. Так у Паставах з’явіўся салон прыгажосці, адкрыты па франшызе, набытай у адной з кітайскіх фірмаў, былі падрыхтаваны спецыялісты масажу, догляду твару і цела. Цяпер Святлана трымае магазін элітнай біжутэрыі. Але ў адладжаным патоку жыццёвых спраў жанчына засумавала. Новае знайшла ў «Інстаграме», дзе ўбачыла аб’яву міжнароднага мадэльнага агенцтва аб наборы на анлайн-курсы мадэлінгу. Вырашыла паспрабаваць. Тым больш што заняткі ладзіліся для ўзроставых мадэляў. Праводзіліся яны два разы на тыдзень на працягу трох з паловай месяцаў. Будучых мадэляў вучылі асанцы, прыгожай паходцы і нават пранізліваму погляду, уменню пазіраваць перад фотааб’ектывам, асаблівай этыцы і іншаму. – Мы атрымлівалі хатнія заданні, напрыклад: зрабіць рэкламу брэнда свайго рэгіёна, прыдумаць убор, зрабіць прафесійныя фотаздымкі для партфоліа, – тлумачыць пастаўчанка. – Падчас вучобы з’явілася адчуванне, што я нібыта перараджаюся: станаўлюся не толькі больш прывабнай знешне, але і мяняецца мой унутраны свет. Гэта сваё самаадчуванне пастаралася перадаць у дыпломнай рабоце – паказала сябе ў вобразе птушкі Фенікс і шахматнай каралевы. У выніку ў ліку 20 мадэляў ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў з італіі, Германіі, Бельгіі, Украіны, Расіі атрымала запрашэнне на міжнародны конкурс у турэцкую Аланію. З Беларусі была адна. Мы прэзентавалі сябе і рэкламавалі адзенне розных брэндаў, якое нам і падарылі. Было шмат фотасесій, здымкі ўпрыгожвалі турэцкія газеты. Дарэчы, я трапіла таксама на старонку амерыканскага часопісу MARIKA.

Дэфіле па подыуме, якое дае драйф і выкід-вае ў кроў адрэналін, упэўненасць у свае сілы і магчымасці, – цудоўна. Але не галоўнае. Для сябе Святлана ставіць задачу ўласным вопытам пераканаць, што ў любым узросце можна быць прыгожай і запатрабаванай. Трэба толькі любіць сябе, жадаць змяненняў і, вядома, працаваць над сабой.

Фота з сямейнага альбома Святланы РАССОХІНАЙ. 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ