Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Крылаты факеланосец Перамогi: гiсторыя генерал-маёра Віталя Гардзілоўскага

Крылаты факеланосец Перамогi - так журналісты назвалі ў свой час генерал-маёра Віталя Гардзілоўскага.

Ён нарадзіўся 29 студзеня 1912 года ў міёрскай вёсцы Чэрасы і пры хрышчэнні атрымаў імя Віталь. Пра гэта захаваўся запіс у метрычнай кнізе мясцовай Свята-Мікалаеўскай царквы. Наўрад у той час хто мог прадбачыць, што хлопчык з правінцыяльнай глыбінкі стане лётчыкам, увойдзе ў гісторыю як пілот, што ў красавіку 1945 года падаў войскам светлавы сігнал да штурму Берліна, даслужыцца да звання генерал-маёра. Жыхарам свайго Міёрскага раёна імя славутага земляка вярнулі мясцовыя краязнаўцы, яны ўдакладнілі і сапраўдную дату яго нараджэння.

Бацька будучага лётчыка – Аляксандр Сцяфанавіч – служыў псаломшчыкам у чэраскай царкве. Калі пачалася Першая сусветная вайна, пайшоў на фронт. Быў паранены, лячыўся ў шпіталі ў Вязьме. Пасля выздараўлення ўладкаваўся там на чыгуначную станцыю і перавёз з Беларусі сям’ю.

Меў намер стаць чыгуначнікам і Віталь. Ён скончыў Маскоўскі тэхнікум шляхоў зносін. Аднак замест чыгуначнага палатна яму былі наканаваны паветраныя магістралі. І гэты кардынальны паварот лёсу здарыўся падчас службы ў арміі.

Юнак трапіў у Севастопаль у 1-ю Чырванасцяжную Качынскую школу лётчыкаў імя Мяснікова, дзе рыхтавалі кадры для авіяцыі. Затым яго перавялі ў Энгельс у 14-ю школу пілотаў, дзе перакваліфікаваўся на лётчыка бамбардзіровачнай авіяцыі. Адным з першых асвоіў хуткасны бамбардзіроўшчык СБ (АНТ – 40), на якім і нанёс удар па ворагу ў першы дзень Вялікай Айчыннай вайны.

Вайна для маладога пілота пачалася 22 чэрвеня 1941 года ў 12 гадзін 8 хвілін. У складзе адной з трох дзявятак бамбардзіроўшчыкаў СБ падняўся ў неба. Курс узялі на польскі горад Сувалкі, дзе ў раёне возера Сервы размяшчаўся нямецкі аэрадром. З таго вылету ўсе машыны вярнуліся цэлымі. А далей пачаліся чорныя дні. За першы месяц баёў у небе Беларусі са 173 самалётаў СБ 13-й дывізіі ў страі засталіся два.

Віталя Гардзілоўскага адправілі на Казанскі авіязавод асвойваць новы пікіруючы бамбардзіроўшчык. Прызначылі інструктарам па палётах. Настаўнікам ён быў добрым. Пад яго камандаваннем эскадрылля зрабіла 800 баявых вылетаў і не мела людскіх і матэрыяльных страт.

Пазней Гардзілоўскага прызначаць камандзірам дальне­бамбардзіравальнага палка, які ён сам і фарміраваў. 4 чэрвеня 1944 года полк зрабіў свой першы баявы вылет. Бамбілі варожыя аб’екты ў Баранавічах, Брэсце, у Польшчы, Славакіі.

Калі Чырвоная армія падступіла да Берліна, камандуючы 18-м паветраным войскам галоўны маршал авіяцыі Аляксандр Галаванаў вырашыў падаць сігнал да штурму з дапамогай светлавых бомб ЦАСАБ-10. Іх факелы, спускаючыся на парашутах, на працягу дзесяці хвілін гараць яркім чырвоным святлом, якое бачна за 90 кіламетраў. Выканаць гэту баявую задачу было загадана гвардыі падпалкоўніку Віталю Гардзілоўскаму. Начны палёт праходзіў ва ўмовах строгай сакрэтнасці, пры поўным радыёмаўчанні. Выйсці на сувязь пілоту дазвалялася толькі ў экстраннай сітуацыі. Пазней Віталь скажа, што ён не ведаў, у чым крыецца задача скідвання бомб над Зяелаўскімі вышынямі ў пяць гадзін раніцы. Але калі ў ранішнім небе загарэліся дзясяткі агнёў, Чырвоная армія па ўсіх накірунках пачала наступленне на Берлін. Было гэта 16 красавіка 1945 года.

За гады вайны на рахунку Віталя Гардзілоўскага 137 баявых вылетаў. Узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Аляксандра Неўскага, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені і сямю медалямі.

Пасляваеннае мірнае жыццё Віталя Гардзілоўскага таксама звязана з авіяцыяй: ваеннай і грамадзянскай. Служыў у тым ліку ў Беларусі. У Баранавічах камандаваў першай у гісторыі савецкіх ваенна-паветраных сіл цяжкай бамбардзіровачнай авіядывізіяй. Званне генерал-маёра атрымаў у 1957 годзе.

На адпачынак Віталь Аляксандравіч выйшаў у 1961 годзе. На гэты час меў 3600 гадзін налёту. З ваеннай авіяцыі перайшоў у грамадзянскую. Быў начальнікам аэрапорта ў падмаскоўным Унукаве. Зямны шлях лётчыка скончыўся ў 1993 годзе.

У школьным музеі Міёрскай СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі ў раздзеле славутых землякоў можна знайсці больш падрабязную інфармацыю пра Віталя Гардзілоўскага. Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна і з дапамогай сеціва. Большасць экспанатаў адлічбавана і знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце музея.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ