Мае дзяды — Ціхан Кавалеўскі і Антон Пісарэнка — не вярнуліся з вайны. Адзін памёр ад ран, другі знік без вестак. Яны прыкладна ў адзін час пайшлі на фронт з вызваляўшымі Беларусь часцямі Чырвонай арміі.
У нядзелю, 22 чэрвеня 1941 года, у Няклюдаўскім сельсавеце Талачынскага раёна распісаліся жыхары вёскі Мікуліна Антон Пісарэнка і Наста Ляшук. Падчас вяселля стала вядома аб пачатку вайны. Прыбылі супрацоўнікі райваенкамата і раздалі мікулінскім мужчынам павесткі.
Наступнай раніцай у Талачын, які знаходзіўся за 25 км, накіраваліся чароды людзей. Разам з Антонам ішла ўчарашняя нявеста Наста. Пазней яна згадвала, што каля былога манастырскага будынка (у ім знаходзіўся ваенкамат) Свята-Пакроўскай царквы стаяў неверагодны натоўп людзей, жанчыны галасілі.
Праз шмат гадзін чакання Антона адправілі дамоў як «белабілетніка» – нягоднага да воінскай службы. З развіццём партызанскага руху ён пайшоў у лес. У маі 1942 года у Антона і Насты нарадзілася дачка Вольга.
***
Калі пачалася вайна, у жыхароў вёскі Краснае Сяло Сенненскага раёна Ціхана і Еўдакіі Кавалеўскіх было двое дзяцей – Мікалай і Антаніна. Ціхан таксама быў белабілетнікам, і яго вярнулі з ваенкамата.
У 1943-м у сям’і нарадзіўся сын Віктар, які пражыў усяго дзевяць месяцаў. У тым жа годзе акупанты спалілі частку Краснага Сяла, дзе стаяла хата Кавалеўскіх. Яны з дзецьмі пераехалі ў суседнюю вёску Вейна (таксама часткова спаленую) да маці Еўдакіі Антаніны Васільеўны, якая дзяліла зямлянку з сям’ёй аднавяскоўцаў.
***
У ліпені 1944 года абодвух дзядоў прызвалі ў войска.
На сайце «Памяць народа» значыцца, што Антон Пісарэнка трапіў у «перадавыя часці Чырвонай арміі», магчыма, прама з партызан. Знік без вестак 6 верасня 1944-га. Аднавясковец, які служыў разам з Антонам, пасля вайны расказваў, што падчас бою іх падраз-дзяленне загналі ў балота і ацалець было мала шанцаў.
Ціхан Кавалеўскі быў прызваны Сенненскім райваенкаматам. З дакументаў вядома, што ён служыў кулямётчыкам 631-га стралковага палка 159-й стралковай дывізіі. Дарэчы, гэтае злучэнне ўдзельнічала ў вызваленні Віцебска – 26 чэрвеня 1944-га загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага дывізіі аб’яўлена падзяка і прысвоена ганаровае найменне Віцебская.
У сярэдзіне жніўня 1944-га 159-я дывізія ваявала ў Літве на мяжы з Усходняй Прусіяй. У адным з баёў адзначыўся чырвонаармеец Кавалеўскі і быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
У загадзе камандзіра палка Дзмітрыева адзначалася: «16 августа 1944 г. при отражении контратаки противника в районе деревни Рудзе Литовской ССР, когда был разбит ручной пулемет, тов. Ковалевский взял у раненого бойца автомат и начал вести огонь по пехоте, следовавшей за танками противника. В это время подожженный немецкий танк остановился перед красноармейцем Ковалевским, и выскочивший из танка экипаж – 3 немца – начал вести обстрел наших наступающих бойцов, тов. Ковалевский не растерялся, занял выгодную для себя позицию и несколькими очередями уничтожил экипаж немецкого танка».
Гэтым загадам медалём «За адвагу» былі ўзнагароджаны адзінаццаць чалавек. Апроч Ціхана Кавалеўскага, адзначаны яшчэ два ўраджэнцы Сенненшчыны – Рыгор Пятровіч Андрэйчанка і Ягор Сямёнавіч Ермашкевіч.
Мяркуючы па гісторыі злучэння, 17 жніўня 1944-га ў 12.05 камдыў Калінін далажыў Ваеннаму савету 5-й арміі аб тым, што 159-я стралковая дывізія ІІІ Беларускага фронту
выйшла на Дзяржаўную граніцу СССР (з Усходняй Прусіяй). У гонар падзеі ўсе часці пачалі салютаваць – ад пісталета да гарматы. На наступны дзень дывізія перайшла да абароны захопленага рубяжу, адначасова робячы вылазкі, у якіх часам удзельнічалі цэлыя батальёны і палкі. Таксама ішло абучэнне новага папаўнення, назапашванне боепрыпасаў, паліва, харчавання і іншых матэрыяльных сродкаў, неабходных для забеспячэння наступлення.
Невядома, ці атрымаў Ціхан Кавалеўскі медаль, бо ў адным з баёў быў цяжка паранены і памёр ад ран 13 верасня 1944-га ў дывізійным медсанбаце, што размяшчаўся ў вёсцы Лепалаты, там жа быў і пахаваны.
У 1967-м сын Мікалай рабіў запыт у Міністэрства абароны СССР аб месцы пахавання бацькі. У адказе значыліся воінскія могілкі мястэчка Лукшай Шакяйскага раёна Літоўскай ССР. Але, мяркуючы па апублікаваных у інтэрнэце фатаграфіях мемарыяльных дошак, імя дзеда на іх няма.
Горкія паведамленні з фронту практычна адначасова прыйшлі да жонак байцоў – Анастасіі Палікарпаўны і Еўдакіі Ягораўны, якія пасля вайны больш не выходзілі замуж.
***
Антон Пісарэнка і Ціхан Кавалеўскі страцілі жыцці з розніцай у тыдзень.
Відавочна, да вайны яны маглі ведаць адзін аднаго, бо паміж вёскамі Мікуліна і Краснае Сяло – крыху больш за 2 км, і знаходзяцца абапал адміністрацыйнай мяжы Талачынскага і Сенненскага раёнаў. Магчыма, яны ра-зам былі ў ваенна-перасыльным пункце ці ў вучэбным падраздзяленні, бо баявы шлях 159-й стралковай дывізіі праходзіў праз Сенненшчыну і Талачыншчыну і асабовы склад злучэння папаўнялі жыхары вызваленых тэрыторый. А можа, яны і служылі ў адным палку.
Але не ведалі Ціхан Карнеевіч і Антон Сцяпанавіч таго, што праз дваццаць адзін год маглі стаць сватамі. Яны так і не ўзнялі чарку за здароўе маладых – Мікалая і Вольгі.
Варожыя кулі перашкодзілі.