Аддзел загса Верхнядзвінскага райвыканкама – ці не самы прыгожы ў вобласці. Але не толькі аздобай інтэр’ераў тут імкнуцца падкрэсліць значнасць і ўрачыстасць такіх падзей у жыцці чалавека, як рэгістрацыя шлюбу, нараджэння дзіцяці. Асаблівая ўвага надаецца зместу саміх цырымоній.
Начальніку аддзела Алене Карценка нароўні з профільнай – юрыдычнай – адукацыяй спрыяе ў гэтым яшчэ адна, гістарычная. Дасведчанасць у рэгіянальных традыцыях, назапашаная на папярэдняй працы ў Валынецкім краязнаўчым музеі імя І. Чэрскага, аказаліся ў загсе вельмі дарэчы.
– Сустракаючы маладых з караваем, сцелім перад імі ручнік, і праходзяць яны пад ручніком. У гонар нараджэння новай сям’і звонім у званочак. Жаніх з нявестай заплятаюць касу традыцыйнай беларускай ляльцы. Па даўняй прыкмеце, сколькі плятуць, столькі будзе доўжыцца іх сужэнскае жыццё, – прыводзіць прыклады Алена Карценка (на фота).
У загсе ёсць пастаянная выстава сувеніраў, дэкаратыўных вырабаў, выштукаваных наведвальнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Маладажоны набываюць з гэтага нешта сабе на памяць, а грошы ад пакупак пералічваюцца на рахунак ТЦСАНа. “Кірмаш добрых спраў” завецца.
Рэгістрацыя шлюбу па індывідуальным сцэнарыі праводзіцца, калі маладыя жадаюць правесці ўрачыстасць не стандартна, а згодна з уласнымі ўяўленнямі. Напрыклад, адна пара падчас выязной рэгістрацыі пасадзіла дрэва ў парку як сімвал свайго паяднання. Іншым падабаецца, каб да цырымоніі спрычыніліся артысты мастацкай самадзейнасці. У такіх выпадках могуць выручыць выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў або народны вакальна-харэаграфічны калектыў “Ярыца”.
Алене Мікалаеўне запомнілася ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу пары, у якой на той момант ужо было чацвёра дачок. На свята дзяўчаткі прыйшлі ў прыгожых бальных сукенках. 45-гадовыя бацькі пачувалі сябе вельмі шчаслівымі.
Праца ў загсе робіць псіхолагам, патрабуючы да кожнай пары індывідуальнага падыходу. Гледзячы на тых, хто яшчэ толькі падае заяву на шлюб, Алена Мікалаеўна можа амаль беспамылкова вызначыць, ці адбудзецца сям’я, хто станецца ў ёй галоўным.
– Адна з нявест напярэдадні рэгістрацыі другога свайго шлюбу спытала: а ці можна падчас цырымоніі сказаць “не”? Сказаць можна, ды пасля гэтага згодна з заканадаўствам яна павінна быць спынена. Ды і чаго ісці ў загс, калі збіраешся адмовіць жаніху? Тады жанчына, якой, мабыць, хацелася дадатковых і публічных доказаў кахання свайго абранніка, заявіла: будзем іншы спосаб шукаць, каб патрапаць нервы. Але ўсё прайшло добра, жывуць нармальна, – расказвае Алена Мікалаеўна.
Летась адбылося 27 урачыстых запісаў навароджаных, у тым ліку 11 – на беларускай мове. Пры сустрэчы маці і дзіця з раддома “Ярыца” пяе хвалу бацькам, жадае немаўляці добрай долі. Да віншавання далучаюцца аддзяленне Чырвонага Крыжа, райком БРСМ.
Загс супрацоўнічае з шэрагам аддзелаў райвыканкама, устаноў, грамадскімі арганізацыямі і святарамі. 8 ліпеня цэнтрам святкавання Дня сям’і, любові і вернасці становіцца царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Сар’я. Там каля помніка святым Пятру і Фяўроніі магчыма і выязная рэгістрацыя шлюбу. Святары – частыя госці ў клубе маладой сям’і “І шчаслівыя разам”, дзе спецыялісты натарыяльнай канторы і загса выступаюць з тлумачэннямі шлюбна-сямейнага заканадаўства, бясплатна кансультуюць шматдзетных маці. У тыдзень прававых ведаў наведваюць школы з лекцыямі, гутаркамі з мэтай прапаганды сямейных каштоўнасцей. Добры водгук меў цыкл лекцый пра традыцыйнае беларускае вяселле і радзіны.
– Праца ў загсе вельмі цікавая, насычаная эмоцыямі. Радуемся шчаслівым падзеям у жыцці наведвальнікаў і смуткуем разам, калі нехта з іх блізкіх пакінуў гэты свет. Я ўдзячна сваёй папярэдніцы Веры Крыштопенка, якая, можна сказаць, прывяла мяне сюды і навучыла адносіцца да справы творча, – зазначае начальнік аддзела. – У межах святкавання 100-годдзя органаў загс Рэспублікі Беларусь сёлета правядзём конкурс прафесійнага майстэрства паміж упраўляючымі справамі сельвыканкамаў. Лепшага накіруем на абласны тур конкурсу, а калі пашанцуе, то і на рэспубліканскі.
Фота Антона Сцепанішчава.