Шаркаўшчынскі раён адзначыў 85-ю гадавіну свайго ўтварэння. З гэтай нагоды ў раённым Цэнтры культуры прайшла ўрачыстасць «Дзіўны наш край над ракою Дзісной».
На захадзе вобласці сярод шумных лясоў, неабсяжных балот, у блакіце азёр і рачулак размясціўся Шаркаўшчынскі раён. Гэта адно з маляўнічых месцаў поўначы Беларусі. Тут з даўніх часоў жывуць і працуюць гасцінныя і адкрытыя людзі, тут кожны куточак дыхае даўніной.
У гісторыі раёна было нямала старонак, напоўненых радасцю і горам, перамогамі і паражэннямі, дасягненнямі і заняпадамі. Азіраючыся на пройдзены шлях, з упэўненасцю можна сказаць, што ўсе пакаленні шаркаўчан імкнуліся і імкнуцца зараз жыць і працаваць так, каб наш край багацеў і прыгажэў.
— Шчыра віншую вас з 85-годдзем з дня ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака. — Гэта знакавая дата аб’ядноўвае ўсіх нас, гэта свята людзей, чыёй працай ён багацеў і прыгажэў, і ўсіх тых, хто перайме эстафету адказнасці за яго далейшы лёс. Дарагія сябры! У гэты святочны дзень ад усёй душы жадаю, каб наш раён заставаўся вечна маладым і квітнеючым!
Дыплом аб прысваенні звання «Ганаровы грамадзянін Шаркаўшчынскага раёна» атрымаў ветэран працы, поўны кавалер ордэнаў Працоўнай Славы Канстанцін Дабравольскі.
У святочным мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка. Ён шчырымі словамі вітаў прысутных, павіншаваў з юбілейнай датай утварэння раёна, пажадаў землякам мірнага неба над галавой, стваральнай працы на карысць роднай Беларусі.
Ва ўрачыстай атмасферы Ігар Сергяенка ўручыў Падзякі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства «Княж» Уладзіміру Буда і ўрачу-педыятру ўчастковаму Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы Веры Юркевіч.
Кіраўнік спраў Віцебскага аблвыканкама Ігар Кузняцоў зачытаў прывітальны адрас ад старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Субоціна з нагоды 85-годдзя Шаркаўшчынскага раёна.
У юбілейны для раёна год, па добрай традыцыі, ушанавалі герояў працы, чыімі рукамі ствараецца дабрабыт краю і дзяржавы. Асаблівыя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас ветэранаў працы, дзякуючы якім адбывалася станаўленне народна-гаспадарчага комплексу раёна, яго ўстойлівае развіццё.
Кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх аб’яднанняў атрымалі з рук старшыні райвыканкама Падзякі і каштоўныя падарункі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.