Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Трэці раз у Пастаўскім раёне прайшоў інклюзіўны фестываль «Асаблівыя, ЯК УСЕ»

У трэці раз пастаўскія «Азёркі» сабралі дзятву на інклюзіўны фестываль «Асаблівыя, ЯК УСЕ», геаграфія і колькасць удзельнікаў якога павялічылася.

 

Калі ў 2019 годзе, калі пачыналі, гаварыла кіраўніца вялікай каманды арганізатараў Рыта Шылей, прыехала крыху больш за 70 бацькоў з дзецьмі, то сёлета толькі дзяцей было больш чым у два разы. Гэта радуе. Значыць, грамадства збаўляецца ад комплексу, што ў ім ёсць і асаблівыя дзеці, якія таксама жадаюць мець магчымасць зносін, вясёлага баўлення часу. Звычайна дні іх напоўнены перажываннямі, таблеткамі, фізічнымі практыкаваннямі... Вось і захацелася падарыць гэтым дзецям, іх бацькам свята.

 

 

 

І свята ўдалося. Вясёлае, цікавае, напоўненае забавамі і творчасцю. Хлопчыкі і дзяўчынкі далонькамі малявалі карціны, складалі букеты, размалёўвалі малюнкі, танцавалі і спявалі, усе хацелі пабыць у майстэрні візажыстаў і аквамастакоў, пачаставацца прысмакамі, ад якіх ламіліся сталы, з’есці паходнай кашы, сфатаграфавацца з вялізным Мядзведзем і Вавёркай – сімваламі фестывалю, іншымі роставымі лялькамі, пасядзець на сучасным байку, патрымаць у руках шланг пажарнай машыны і пагладзіць козачак… Цяжка словамі перадаць, як мяняўся настрой дзяцей і іх бацькоў, замест скаванасці ў эмоцыях і рухах прыходзілі смех, жаданне паўдзельнічаць у гульнях, конкурсах, паказаць сябе, свае здольнасці.

– Асаблівыя дзеці даюцца нам не як пакаранне за штосьці, а для таго, каб мы з дабрынёй глядзелі на свет, пераасэнсавалі свае погляды, учынкі, змянілі сябе, – не стамляецца паўтараць Рыта Шылей. – У камандзе абсалютная большасць тых, хто мае сваю асабістую гісторыю, на сваім вопыце ведае, як жывецца сем’ям з хворым дзіцём. Яны ўкладаюць душу ў падрыхтоўку свята. Наогул людзей добрых, спагадлівых, гатовых дапамагчы іншым, наўкол шмат. Наш фестываль адкрыў ім дзверы для такой дзейнасці, і гэта таксама плюс мерапрыемству.

 

 

 

Напрыклад, сярод байкераў на «крутых» машынах былі прадстаўнікі розных клубаў краіны. Пра фестываль даведаліся з сеціва. Тыя, хто адчуў патрэбу парадаваць дзятву, рушылі ў Паставы. Не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі ўзбіраліся на сядзенні, цягнуліся да руля і з задавальненнем фатаграфаваліся. Ці вось уладальнікі аднаго з пастаўскіх кафэ, якія частавалі гасцей піцай. Не перабольшу, калі скажу, што ішла яна на ўра. Гаспадары не паспявалі падносіць стосы каробак. Пагранічнікі на палявой кухні гатавалі кашу, да якой каўбаскі прыслала ААТ «Навасёлкі-Лучай», з розных гарадоў кандытары перадалі здобу. Пачастункаў хапіла дзецям і дарослым, але, бадай, больш важнымі для ўсіх былі перажываемыя эмоцыі. Дзятва не адыходзіла ад ветурачоў з Ліды, якія прыехалі на фестываль з выратаванымі імі сабакамі, знаёмілі бацькоў з методыкай лячэння розных хвароб з дапамогай жывёл. Адна з дзяўчынак, лашчачы сабаку, у якога замест лапы быў пратэз, гаварыла маці: «Плакаць больш не буду, сабачка ж не плача, хоць её, напэўна, вельмі балюча».

Вакол пажарнай машыны, устаноўкі для вырабу мыльных пузыроў, ля стала, дзе праводзіў вопыты Прафесар, натоўпіліся дзеці і іх бацькі. Кожны спрабаваў штосьці зрабіць сам, радаваўся ўдачы.

У кожным месцы, на кожным кроку хлопчыкаў і дзяўчынак суправаджалі валанцёры. Іх блакітныя і жоўтыя футболкі пастаянна мільгалі ў натоўпе.

 

 

 

– Мне цяжка сёння сказаць, колькі чалавек удзельнічалі ў арганізацыі свята, — гаворыць Рыта Шылей. – Толькі валанцёрам падпісалі 91 удзячнасць. Усім дзякуй за дапамогу, бо кожны быў бескарыслівым памочнікам, проста дзяліўся дабрынёй свайго сэрца.

Фота Тамара ПАШКЕВІЧ


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ