Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

В Браславе прошел религиозный праздник «Маці Божая Валадарка азёр»

У кожнага чалавека свая дарога да Бога. Адны прыходзяць да яго ў дзяцінстве, другія знаходзяць у юнацтве, хтосьці напрыканцы зямнога жыцця. Гэта думка, што прагучала на Святой імшы з нагоды шанавання Маці Божай у Браслаўскім абразе Валадаркі азёраў, была зразумела, бадай, усім вернікам, якія сабраліся ля палявога алтара браслаўскага касцёла. Дарог было сапраўды шмат, але ўсе яны вялі да адной мэты – да Бога і яго Маці, у якіх шукалі заступніцтва, міласэрнасці і дапамогі. А таксама супакою і міру, якія, як кажа біскуп Алег Буткевіч, так патрэбны сёння кожнаму ў сучасным неспакойным свеце.

Сёлетняе свята мела свае фарбы. Праходзіла ў спакойнай сямейнай абстаноўцы, быццам сабрала родных людзей. Кідалася ў вочы, што пілігрымы істотна памаладзелі. Пабольшала маладых бацькоў, якія прыехалі ці прыйшлі ў Браслаў з дзецьмі, а таксама колькасць юнакоў і дзяўчат. Пілігрымка з Глыбокага, напрыклад, складалася ў асноўным з маладых людзей. Больш за сто чалавек пад спякотным сонцам пешшу ішлі да Маці Божай Браслаўскай, даказваючы перш за ўсё сабе моц сваёй веры. Увайшоўшы ў храм, яны ляглі перад абразом, дзякавалі Марыі, што дайшлі, што сярод іх не аказалася слабых духам, і, вядома, кожны ў думках гаварыў з Маці пра самыя патаемныя жаданні і надзеі. Да яе, як самага блізкага чалавека, людзі ў чарговы раз прыйшлі з радасцю і болем, вясёлыя і самотныя, бо ведалі – яна ніколі не адштурхне, заўсёды зразумее, адорыць спакоем.

Ні пандэмія, ні дрэннае надвор’е, ні іншыя жыццёвыя цяжкасці ніколі не былі перашкодай для тых, хто хоча ля цудадзейнага абраза пагутарыць з Матуляй і яе Сынам. Што шукаюць і знаходзяць яны ў веры, што прымушае іх пешшу па спёцы, як сёлета, два-тры дні ісці ў Браслаў часам з маленькімі дзецьмі на руках?

– Вера, – сказалі сяброўкі Марыя і Ірына з Глыбокага.

– Для мяне, – адзначае Марыя, – яна адкрылася ў адной з пілігрымак, у якую пайшла за кампанію са знаёмымі. У нейкі момант прыйшло азарэнне, што ўсё наўкол створана Госпадам і мы, людзі, толькі частка яго тварэння. І чым больш пазнаю свет, тым больш пераконваюся ў гэтым.

– Марыя яшчэ студэнтка, а я ўжо скончыла навуку, – уступае ў размову Ірына. – Буду працаваць у сталіцы, але гэта не перашкодзіць сустракацца з Маці Браслаўскай. З ёй у мяне свае вельмі шчырыя адносіны.

Маладыя звычайна просяць у нябеснай Заступніцы каханага, падказкі, якую дарогу выбраць у жыцці, людзі больш сталыя ведаюць цану здароўю і просяць аб ім, аб шчасці для дзяцей, а сёлета да асабістых зваротаў дабавіўся і адзін агульны – за супакой у краіне і свеце.

– Гэта мая трэцяя пілігрымка ў Браслаў, – адказвае Антон на маю цікаўнасць пра тое, што вядзе яго ў дарогу. – Ішоў, каб атрымаць тут сакрамэнт канфірмацыі. У пілігрымцы рыхтаваўся да яго, маліўся, чыніў пакаянне за свае грахі, за грахі блізкіх і за грахі народа.

Дзве Валянціны з Мастоў фатаграфаваліся на фоне храма. Адна прыехала ў Браслаў упершыню, другая – у чацвёрты раз.

– Мяне паклікалі прыняць удзел у пілігрымцы, – сказала тая Валянціна, што была першы раз. – Я падумала і вырашыла: паклікалі – значыць Маці кліча мяне, трэба ехаць. Наша сустрэча атрымалася цёплай. Яна прыняла мяне ў сваю сям’ю.

Маша і Саша з дачкой Міхалінкай прыехалі з Бараўлян. Казалі, узялі абавязацельства кожны год бываць там, дзе ёсць абраз Марыі. Сёлета прыехалі ў Браслаў з меншай з чатырох дзяцей. Старэйшыя ў бабулі на Брэстчыне.

Ніяк не магла сабраць экскурсавод гасцей, што прыехалі пазнаёміцца з Браславам. Яны стаялі перад абразом Маці, цікавіліся пабудовай храма і тым, што адбывалася наўкол. Даведаўшыся пра традыцыю пакідаць запісаныя просьбы святару, паспешліва пісалі свае.

Напэўна, у кожнага, хто ўдзельнічаў у святочных мерапрыемствах, былі свае просьбы-інтэнцыі. Падчас суботняй імшы многія з іх прагучалі і ў прамовах біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, архібіскупа Мінска-Магілёўскай епархіі Юзафа Станеўскага і тычыліся таго, што трэба цаніць зямлю, дзе жывём, не забываць на законы Божыя і дзяржаўныя.

– Калі бачыце старую хату, памятайце, што гэта не бацькоўская хата пахіснулася, а ваша памяць пра родны кут, дзе нарадзіліся, калі стары абраз не пасуе да сучаснага інтэр’ера новай кватэры – гэта вашыя памкненні страцілі чысціню, – праводзіў аналогіі Юзаф Станеўскі.

Адчыніць свае сэрцы Хрысту і ў гэты лёсавызначальны час маліцца за Бацькаўшчыну, каб праблемы, з якімі мы сутыкнуліся, былі як мага хутчэй вырашаны, заклікалі вернікаў таксама іерархі генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і архімандрыт Сяргей Гаек, якія ў пятніцу ўдзялілі сакрамэнт канфірмацыі больш як 70 маладым вернікам. Разам з іерархамі Эўхарыстыю канцэлебравалі і святары з розных мясцін.

Закончылася свята падзякай Алега Буткевіча старшыні райвыканкама Вячаславу Грышчанку і яго намесніку Вользе Вялічцы, святарам і вернікам за ўдзел ва ўрачыстасці і запрашэннем на супольную малітву ў наступным годзе.

Фота аўтара.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ