Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі!
І вось мы зноў з радасцю сустракаем свята Божага Нараджэння. Падзею, што сталася ў невялічкай паўднёва-ўсходняй краіне, у непрыкметным мястэчку, і ўжо тым больш у зусім не ўтульных умовах. Такім чынам спраўдзілася старадаўняе прароцтва: «І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля» (Мц 2,6). Словы, якія цытуе Евангелле паводле Св. Мацвея, паказваюць, што Бог нікога не выключае са свайго збаўчага плану і Яму любы кожны, нават найменшы закуток на нашай планеце.
Да такіх куткоў належыць і нашая краіна. Да тых месцаў, дзе Божае Слова прагне стацца целам, належыць кожнае нашае сэрца, кожны наш дом. Няхай яны будуць адкрытыя да Божай праўды і няхай у кожным вашым сэрцы заяснее Святло Хрыста – Нованароджанага Збаўцы!
І тое нястрашна, што гэтае сэрца не зусім яшчэ падрыхтаванае, што ў ім, можа, яшчэ зашмат непарадку, злосці, сумневу. Яно патрабуе Святла! Божага Святла, якое ачышчае, гоіць і залечвае раны, якое супакойвае і ўлівае радасць. Асветленае ззяннем Бэтлеемскай зоркі, людское сэрца пачынае разумець сваю годнасць, пачынае бачыць сэнс свайго існавання, становіцца здольным бараніць тое, што дадзена яму Богам. Таму гэтае святло так прыцягвала пастушкоў, якія вартавалі ўначы свой статак. Мудрацоў, якія ішлі здалёк, каб ушанаваць Спрадвечную Мудрасць, і нават жывёл, што сталі сведкамі такой незвычайнай падзеі.
Ці мы не абыякавыя да гэтага Святла? Адкрыем перад Ім свае сэрцы, каб Бог, «...Які ёсць, Які быў і Які прыходзіць, Усемагутны» (пар. Ап.1,8), не быў вымушаны шукаць сабе іншае месца, каб яго берагчы і блаславіць. Няхай Ён, пасяліўшыся ў нашых сэрцах, беражэ і ахоўвае нашую краіну, дазваляючы нам жыць у ёй свабодна і шчасліва! Няхай дае нам мудрасць, каб мы цанілі тое, што маем, і былі адважнымі шукаць шляхоў змяніць тое, што гэтых зменаў патрабуе!
Са святам Божага Нараджэння!
Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.