Браслаўчанка Ала Пучынская добра ведае: здзейсніць сваю мару ніколі не позна. Яна зрабіла гэта – паступіла ва ўніверсітэт – праз дваццаць гадоў, калі на першы курс Разанскага вышэйшага каманднага ваеннага вучылішча паступіў старэйшы сын Аляксандр, а самы малодшы член сям’і Захар быў першакласнікам. Менавіта тады, збіраючыся на тэсціраванне пасля заканчэння школы, Саша нагадаў маці пра яе даўнія планы. І яна рашылася. Зарэгістравалася і разам з сынам здала тэсты, была залічана ў навучальную ўстанову на бюджэтнай аснове, паспяхова скончыла ўжо чатыры курсы і працуе настаўніцай у СШ №2 Браслава.
– Муж і дзеці парадаваліся, калі даведаліся пра маё студэнцтва. Хай і завочнае, але такое жаданае, – расказала Ала Пучынская.
Парадавацца адно, а жыць без жонкі не адзін тыдзень з чацвярыма дзецьмі (Саша ўжо паехаў у Разань) – другое. Але што гэта за цяжар для сям’і, дзе шчасцем лічаць дапамагчы адно аднаму.
Пучынскіх можна лічыць эталонам. Іх сапраўды сем “Я”: бацька, маці, чатыры сыны і дачка – дружныя, таленавітыя, з’яднаныя кроўнай роднасцю ў ячэйку, якая мацуе фундамент грамадства. Хай гэта гучыць шаблонна, але адпавядае ісціне. Грамадства прызнала гэты факт, узнагародзіўшы Алу Уладзіміраўну ордэнам Маці.
Тады Захару споўніўся адзін год. Яны пераехалі з вёскі ў горад, дзе з падтрымкай дзяржавы пабудавалі кватэру. Не паспелі падключыць тэлефон, як ён зазваніў. Незнаёмы чалавек запрасіў гаспадыню ў рэзідэнцыю Прэзідэнта.
– Не паверыла, палічыла, што хтосьці мяне разыгрывае напярэдадні 8 Сакавіка, – узгадала Ала Уладзіміраўна. Але хутка зразумела, што гэта праўда. Скажу так: прыём у Прэзідэнта быў падобны на казку. У ліку заслужаных жанчын краіны, да якіх далучылі і нас, дзвюх шматдзетных маці, атрымала ордэн. Гэты дзень – падарунак і памяць на ўсё жыццё.
– Гэта не адзіная ўзнагарода ў мамы з татам, – заявіў Захар. І стаў пералічваць поспехі бацькоў. Да яго далучыліся старэйшыя браты Іван і Кірыл, сястра Ангеліна.
Як і мінулыя гады, 2019-ы багаты для Пучынскіх на перамогі. Валерый Алегавіч названы “Лепшым па прафесіі” ў раённым спаборніцтве механізатараў і адзначаны ўдзячнасцю старшыні райвыканкама, у Ангеліны першае месца ў раённай алімпіядзе па абслугоўваючай працы, у Кірыла другое – па біялогіі. На раённым конкурсе на званне “Лепшая шматдзетная сям’я” Пучынскія занялі першае, а на абласным этапе – другое месца.
Скарбніца здабыткаў, без сумнення, будзе папаўняцца і далей.
Не дзіўна, што ў такіх бацькоў растуць таленавітыя і працавітыя дзеці. Аляксандр у ліку лепшых курсантаў вучылішча, адказвае за вучобу і паводзіны ўсіх беларускіх хлопцаў, што вучацца ў ваеннай навучальнай установе. У жніўні яго разам з маладой жонкай чакаюць у Браславе.
Іван – навучэнец віцебскага ліцэя. Кандытар, на зайздрасць усім членам сям’і, адменны. Ад яго звычайна чакаюць пачастункаў, часта незвычайных, бо любіць эксперыментаваць, злучаць розныя прадукты.
Кірыл – вучань 9 класа.
– Пакуль цяжка сказаць, якую прафесію выбярэ, – сказала маці. – Але хутчэй тую, што звязана з прыродай ці жывёламі, накшталт лесніка ці ветурача. Ён ахвотней за іншых дзяцей едзе да дзядулі з бабуляй, дапамагае ім па гаспадарцы. Ён першы памочнік бацьку на дачы. Будзе добрым гаспадаром.
Але ў Кірыла яшчэ шмат іншых здольнасцей. Ён іграе на гітары, балалайцы, баяне, адзін з музыкаў аркестра ЦДМ. За ім прыйшоў і Захар. Іграе на балалайцы, захапляецца танцамі і шахматамі.
Ну а Ангеліна наогул вытанчаная асоба. Танцуе, умее вырабляць прыгожыя рэчы з воўны, добра малюе, лепіць, не гаворачы ўжо пра рукадзелле.
– А як жа камп’ютар? – пытаюся ў старэйшых і малодшых Пучынскіх.
– Па чарзе і не больш як па гадзіне, – адказвае Захар.
– Ёсць час – садзімся за стол і раскладваем “Манаполію”, – дадала Ангеліна. – Я чатыры разы выйгравала, але больш шанцуе бацькам. Яны ў эканоміцы спрактыкаваныя. Побач з хатай возера, маем агарод. Таму ніхто не сумуе. Клопатаў дабавілася – падабралі ў навальніцу на вуліцы кацяня. Цяпер маем Мурлыку і Монцю.
Ангеліна з Захарам пачалі лашчыць хатніх любімцаў. Старэйшыя паглядалі на іх з усмешкай. Любоўю свяціліся іх вочы.
Фота аўтара.