У сённяшнім мітуслівым рытме жыцця нам не стала хапаць часу нават на сябе, а не тое, каб бачыць праблемы сваякоў, знаёмых, суседзяў… А калі заўважаем і хацелі б дапамагчы, зноў жа адкладваем, чакаем, калі выдасца вольны час зрабіць добрую справу. Здараецца, спазняемся, ад гэтага адчуваем няёмкасць, але хутка знаходзім сабе апраўданне…
Знайшлі яго і сваякі Сяргея – асаблівага хлопца, якім дабрыні да пляменніка хапіла роўна на паўгода. Далей маладога чалавека чакаў лёс утрыманца ў лепшым выпадку псіханеўралагічнага дыспансера. Але пра ўсё па парадку.
Марына Васільеўна з сынам Васілём (злева) і прыёмным – Сяргеем
Пакуль была жыва маці, жыццё Сяргея цякло ў спакойным рэчышчы. Аднак ён рана асірацеў, і тады клапаціцца пра ўнука сталі бабуля з дзядулем – абодва ў сталым узросце. Таму праз некаторы час хлопец зноў застаўся адзін на адзін з незразумелым яму акаляючым светам. На савеце сваякоў прытуліць пляменніка ўзяўся брат бацькі, які жыве ў суседняй краіне. Але праз паўгода прывёз хлопца назад, каб змясціць у спецыялізаваную ўстанову.
Родныя не асудзілі яго за гэта. Не кожны настолькі адораны міласэрнасцю, каб дапамагаць іншым. Але, як аказалася, такія людзі былі побач. Гэта сям’я Кайнаравых з Міёр. Чацвёра яе членаў вырашылі ўзяць апеку над Сяргеем, забяспечыць яму падтрымку.
І вось ужо другі год хлопец жыве ў прыёмнай сям’і, якая з прававога пункту погляду называецца замяшчальнай. Гаспадыня Марына Кайнарава – работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – стала для яго маці. Ад перанесенага стрэсу страт і неўладкаванасці Сяргей перастаў размаўляць, расказвае жанчына. Але не так даўно прытуліўся да яе і прашаптаў: “Мама”.
– Вы не ўяўляеце эмоцый, што перапоўнілі мяне, – падзялілася Марына Васільеўна. – Яны былі такія ж моцныя, як ад першых слоў сыноў. Па вачах, выразах твару, асмялеласці Сяргея разумеем, што душа яго пачала адтайваць.
У гэтым працэсе адаптацыі, лічыць Марына Васільеўна, вялікую ролю адыграў яе таксама асаблівы сын Васіль. Добры, усмешлівы, здатны мастак, галоўны памочнік маці па хатняй гаспадарцы, ён стаў прыкладам для Сяргея, паводзінамі і ўчынкамі дэманстраваў упэўненасць.
– Днём хатняя гаспадарка на Васілі, – сказала Марына Кайнарава. – Карове корму падкіне, навядзе парадак у доме, а потым з Сяргеем займаюцца сваімі справамі. Васіль у апошні час захапіўся вывучэннем сцягаў дзяржаў свету, ведае, бадай, усе, папросіце – намалюе.
У іх доме ідэальны парадак. Хлопцы сядзелі за сталом і малявалі. Сяргей –птушак у альбоме, Васіль ствараў на аркушы свой сюжэт. Прывітаўшыся, ён дастаў дамашнюю здобу і запрасіў нас выпіць па кубачку гарбаты.
Няёмкасць першых хвілін мінула і Васіль з ахвотай расказваў пра свае захапленні, пра тое, што ён тры сезоны ўдзельнічаў у навядзенні парадку на “Паўвостраве” – гарадскім месцы адпачынку, што любіць маляваць і бываць у маці на працы.
Сяргей маўчаў, але напрыканцы размовы жэстам паклікаў Марыну Васільеўну і прашаптаў: “Мама”. І яны дамовіліся пра нешта, зразумелае толькі ім.
Я пакідала гэты дом з вялікай павагай да жанчыны, у якой хапае любові і дабрыні для сваіх членаў сям’і і чужых людзей, з якімі штодня зводзяць службовыя абавязкі.
Фота Тамары ПАШКЕВIЧ.