Пасля капітальнага рамонту ў Паставах ўрачыста адкрылі будынак раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Наваселле пастаўскія следчыя справілі ва ўрачыстай абстаноўцы. Адкрыць абноўлены РАСК прыехалі прадстаўнікі ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці на чале з генерал-маёрам юстыцыі Уладзімірам Шалухіным, іншых абласных структур, якія мелі дачыненне да правядзення работ. Мясцовую ўладу прадстаўляў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, калег – работнікі раённых сілавых структур.
Мы выдатна разумеем, што без стварэння камфортных умоў немагчыма патрабаваць ад супрацоўнікаў поўнай самааддачы, – адзначыў Уладзімір Шалухін.
Дарэчы, усяго за два з паловай месяцы за сродкі рэспубліканскага бюджэту тут замянілі сістэму ацяплення, праклалі оптавалакно для высокахуткаснага доступу ў інтэрнэт, зрабілі касметычны рамонт фасада і ўнутраных памяшканняў, іх перапланіроўку.
Таксама устаноўлены сістэма відэаназірання ўнутры будынка і на прылеглай тэрыторыі, новая пажарная сігналізацыя. Уладкавана пляцоўка перад аддзелам, зроблены пандус для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, асвятленне, лавачкі і альтанкі на заднім двары. Набыта новая мэбля і камп’ютарная тэхніка.
Начальнік УСК вобласці пажадаў калектыву поспехаў у рэалізацыі прафесійных памкненняў і падзякаваў усім, хто прымаў удзел у рамонце будынка і добраўпарадкаванні тэрыторыі. А затым уручыў заслужаныя ўзнагароды.
Пастаўскія следчыя атрымалі сертыфікат на каштоўны падарунак. Павіншаваў навасёлаў і Сяргей Чэпік.