У сённяшнім спісе населеных пунктаў Віцебшчыны ўдалося знайсці толькі адну назву, звязаную з сімвалам 2019 года па кітайскім календары – свіннёй. Раней такіх вёсак было больш. Адны зніклі, іншыя ў свой час перайменавалі. Напрыклад, у сямі кіламетрах ад Кабаноў ёсць урочышча Парасятніца, у ваколіцах якого шмат ягад і грыбоў. Тут быў аднайменны населены пункт, які ў 1930-х стаў Новааляксееўкай. У вайну яго спалілі акупанты.
Вёска Кабаны Віцебскага раёна з’яўляецца марай дачніка. Тут ціха, побач лес, у крокавай даступнасці маляўнічая рэчка Усвяча. Гэта вам не тлумнае прыгараднае садаводчае таварыства.
Па адной версіі, назва вёскі паходзіць ад таго, што каля леса жыло шмат дзікоў. Другая легенда сведчыць, што аднойчы гаспадар ехаў на кірмаш прадаваць парасят. Раптам конь спудзіўся і панёс падводу, скрыня перакулілася, і “пятачкі” разбегліся.
Пераправа-пераправа
Кабаны размешчаны на левым беразе Усвячы, зараз тут пастаянна пражываюць два чалавекі – Уладзімір Аўчыннікаў і Галіна Сямёнава. Насупраць на правым беразе знаходзіцца цэнтр сельсавета Заполле, сувязь з якім у цёплы перыяд ажыццяўляецца з дапамогай лодак, зімой – па лёдзе. Дарэчы, калісьці тут штогод наладжвалі спецыяльныя кладзі, іх кожную вясну зносіла бурлівая вада. Таксама быў брод, па якім пераязджалі машыны, трактары і нават камбайны.
Каб зараз патрапіць у вёску на транспарце, трэба рабіць крук у 16 км, значны ўчастак праходзіць па лясной дарозе, па якой цяпер не кожная легкавушка пройдзе.
Карэспандэнты “ВВ” прыехалі ў міжсезонне: лодкі пастаўлены на прыкол, а лёд не надта надзейны. Таму на левы бераг мы так і не пераправіліся, але тым не менш сустрэліся з паловай насельніцтва Кабаноў.
Дапамагчы і пагаварыць
Уладзіміра Аўчыннікава мы напаткалі ў Заполлі, куды ён перайшоў аднаму яму вядомымі ледзянымі сцежкамі.
Уладзімір – сацработнік, абслугоўвае сем пажылых людзей, сярод іх суседка Галіна Сямёнава. Да пенсіі яна працавала ў Віцебску на шоўкаткацкім камбінаце і вось ужо каля трыццаці гадоў жыве ў бацькоўскім доме. Падапечныя таксама ёсць у Заполлі і Папаратні. Кожнага Уладзімір наведвае па чатыры разы на тыдзень.
Носіць ваду, дровы, купляе лекі, ходзіць у краму ці дапамагае прынесці адтуль прадукты. У ліку абавязкаў і своеасаблівая палітінфармацыя: пры неабходнасці чытае старым газеты, дзеліцца апошнімі навінамі ў свеце, краіне і ваколіцах, ды і проста гаворыць пра жыццё-быццё. Уладзімір Аўчыннікаў мае і грамадскую нагрузку – ён старэйшына Кабаноў.
Важны знак
Сёлета ўдалося вырашыць актуальную для вёскі праблему. Справа ў тым, што тут спрадвек была палявая дарога, якая вяла з Заполля да супрацьлеглага ад Кабаноў берага Усвячы. Сюды прыязджае аўталаўка, дачнікі пакідаюць аўтамабілі, а затым перапраўляюцца на лодцы на свае сядзібы.
Дык апошнім часам трактарысты мясцовага сельгаспрадпрыемства пачалі разам з полем пераворваць і дарогу, якая ідзе па яго ўскрайку. Гэтым летам на павароце з’явіўся ўказальнік “Кабаны” як напамін механізатарам. Шыльду зрабіў з дошкі і падпісаў асабіста старшыня Запольскага сельсавета Рыгор Шлыкаў. Праўда, восенню дарогу прадыскавалі, але потым усё ж зараўнялі.
Дарэчы, калі ехаць па гэтаму знаку, трапіш да альтанкі, якую для адпачываючых зрабілі на беразе Усвячы леснікі.
Прыход акупантаў
У Заполлі жыве ўраджэнка Кабаноў Лідзія Галаўнёва (у дзявоцтве Галеева), якая расказала пра пачатак вайны.
Чэрвеньскім днём 1941 года маленькая Ліда разам з равеснікамі гулялася ў пяску. Раптам сталі збірацца дарослыя: жанчыны плакалі, мужчыны ўзбуджана гаварылі. Дзеці зразумелі, што нешта не так. Потым ім сказалі, што пачалася вайна. Малыя таксама сталі плакаць. Праз нейкі час з’явіліся немцы. Сям’ю выгналі з хаты і пересялілі ў калгасную старожку.
Ваеннае ліхалецце амаль не пакінула ў Кабанах жылля. Пасля вызвалення людзі доўгі час туліліся ў зямлянках.
Мартыралог
Падчас калектывізацыі ў Кабанах быў створаны калгас імя Сталіна. Але не ўсе хацелі ісці ў абагуленую гаспадарку, за што і пацярпелі. Як сведчыць кніга “Памяць. Віцебскі раён”, у 1932-м аднаасобнікі Васіль Кісялёў і Тарас Кісялёў былі асуджаны на пяць і тры гады адпаведна. Аднавяскоўцаў рэабілітавалі ў 1989-м.
Дванаццаць жыхароў загінулі падчас вайны на франтах ці прапалі без вестак: Іван Алашэнка, Афанасій Галееў, Барыс Галееў, Іван Галееў, Павел Галееў, Фёдар Галееў, Пётр Герасімаў, Анатоль Кісялёў, Максім Фядотаў, Цімафей Шутрык, Сцяпан Якаўлеў. Пасля вызвалення ад фашыстаў пры размініраванні мясцовасці 17 мая 1944-га загінуў Анатоль Кісялёў, яго пахавалі ў Заполлі.
Вёска ў агні
Гады чатыры назад вясной загарэлася сухая трава ў ваколіцах паселішча. Агонь хутка падступаў да Кабаноў.
Уладзімір Аўчыннікаў у гэты час знаходзіўся ў Заполлі і ўбачыў дым над роднай вёскай. У Кабанах заставалася Галіна Сямёнава, якая паведаміла аб пажары па тэлефоне 101. Але супрацоўнікі паста МНС у Заполлі і мясцовага лясніцтва, заўважыўшы дым, ужо самі збіраліся на дапамогу.
Выратавальнікі паехалі ў аб’езд, але веснавое разводдзе не дазволіла ім прабіцца па размытай дарозе, і машына завязла. Леснікі рушылі напрасткі на лодках праз Усвячу. Разматалі пажарныя рукавы і мотапомпай каталі ваду з рэчкі. Адначасова трактар узорваў ахоўную паласу. Хутка ачаг узгарання быў ліквідаваны.
У свеце жывёл
На ўсход ад Кабаноў знаходзіцца вялікі лясны масіў, які цягнецца кіламетраў на дзесяць да мяжы з Веліжскім раёнам Смаленскай вобласці. Мясціны тут глухія і бязлюдныя, таму прадстаўнікі фауны адчуваюць сябе поўнымі гаспадарамі.
Час ад часу дзікі ў Кабанах “дапамагаюць” мясцовым жыхарам капаць бульбу. Рэгулярна на ўскрайку лесу з’ўяляюцца тры казулі. Мінулай вясной шораху навяла мядзведзіца, якая выйшла да Кабаноў з двума мядзведзянятамі. Пра зайцаў і лісіц і гаворкі няма.
Сярод хатніх жывёл у Кабанах сем катоў і дзве сабакі. У гаспадарцы Уладзіміра Аўчыннікава мышэй ловяць Красун і Маркіза. Яшчэ старэйшына прыглядвае за дваімі муркамі, якіх на зіму пакідаюць дачнікі. Астатніх “матроскіных” і “шарыкаў” трымае Галіна Андрэеўна. На лета з Віцебска прывозяць ката па мяшунцы Рыжун. Пародзісты і з багатай рудой поўсцю, ён паводзіць сябе з адпаведнай самавітасцю.
На малую радзіму
Летам у Кабанах ажываюць яшчэ пяць двароў. Выхадцы з вёскі прыязджаюць у бацькоўскія хаты як дачнікі. На прысядзібных участках яны вырошчваюць гародніну, разбіваюць кветнікі, нібы спаборнічаючы паміж сабой, у каго прыгажэйшы. На зіму гаспадары часткі дамоў перадаюць ключы старэйшыну, каб прыглядзеў за парадкам і пры неабходнасці пратапіў.
Святочны салют
Звычайна сустракаць Новы год у Кабанах з Віцебска прыязджае сям’я Цевялёвых. Яны запрашаюць да сябе ў госці Уладзіміра Аўчыннікава. Сядаюць за стол, глядзяць тэлевізар, ладзяць танцы. А пасля апоўначы неба над Кабанамі расквечвае святочны феерверк.
Так будзе і сёлета.
Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.