Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

«Спалі на падлозе, а ўдзень жабравалі з торбамі». Успаміны пра вайну ўраджэнкі Дубровеншчыны Тамары Гайко

На Віцебшчыне становіцца ўсё менш людзей, якія былі ўдзельнікамі або сведкамі мясцовых падзей Вялікай Айчыннай вайны. Калі яна пачалася, Тамары Гайко (Селіванавай), зараз жыхарцы Оршы, было ўсяго тры гадкі. Яна ведае пра тую вогненную пару з успамінаў родзічаў і землякоў, нешта захавалася і ва ўласнай памяці.

“Згадваючы вайну, я міжволі параўноўваю нашу Беларусь з белай бярозай, якую глыбока параніла сякера фашыста-ката. Параніла, але не знішчыла, бо народ рашуча ўзняўся на барацьбу з крывавым агрэсарам і разам з іншымі народамі-братамі даў яму сакрушальны адпор”, – піша ў рэдакцыю пенсіянерка.

Шмат нацярпелася родная вёска Тамары Макараўны – Пятрыкі Дубровенскага раёна. Як распавядае аўтарка пісьма, спачатку фашысты адчувалі сябе пераможцамі – весяліліся, гойсалі па вуліцах, рэзалі свіней, чапляліся да дзяўчат…Раз вечарам у хату Селіванавых нечакана забег савецкі салдат, абвешаны гранатамі, і спытаў у гаспадыні: “Немцы ёсць?” Тая моўчкі паказала на вялікі пакой, дзе вячэралі пад шнапс афіцэры-чужынцы. Баец схапіўся за гранату, але жанчына перапыніла яго руку, умольна зашаптаўшы: “Толькі не тут, у мяне – дзеці…” У гэты момант на вуліцы завязаўся бой.

З хаты немцы выскоквалі праз вокны.Страляніна працягвалася амаль усю ноч, якую малыя Селіванавы прасядзелі ў падпечку.

“Назаўтра фашысты хавалі сваіх пабітых, а параненых на падводах адпраўлялі ў бальніцу Асінторфа. Загінуўшых дэсантнікаў, здаецца, не было, бо вельмі нечаканым і рашучым атрымаўся іх напад. Вёска, хоць і ўпотайкі, радавалася”, – нібы наноў перажывае даўнія падзеі Тамара Макараўна.

Калі ў наваколлі з’явіліся партызаны, то ворагі, каб адпомсціць, распачалі аблавы і расстрэлы. Жыхары Пятрыкаў і суседніх вёсак хаваліся ў лясах і балотах, перабіраючыся з месца на месца. Зрэдку ўдавалася натыкнуцца на зямлянку, а зазвычай начавалі пад адкрытым небам. Тамарына маці прыкрывала сваіх дзетак лапнікам. Заядалі вошы, дапякалі кароста, малярыя, іншыя хваробы і беды.

Зусім невыносна стала, калі вёска трапіла ў паласу дзевяцімесячнага процістаяння савецкага войска гітлераўскаму ў 1943 – 1944 гадах. З набліжэннем лініі фронту пачаліся частыя бамбёжкі.

“Мы з мамай і цёткай Матронай прабраліся праз лясныя шаты на Смаленшчыну. У вёсцы Усюкі нас прытуліла адна добрая жанчына. Спалі на падлозе, а ўдзень жабравалі з торбамі. Ушчэнт збяднелыя з-за вайны рускія людзі ратавалі нас ад галоднай смерці апошнім кавалкам хлеба”, – працягвае расповед пра сваё горкае маленства Тамара Гайко.

Пасля выгнання акупантаў Пятрыкі было не пазнаць. “Пад абгарэлай печчу я знайшла свой чаравічок, а ён ужо не налез на нагу – падрасла. Пасля доўгага блукання вяскоўцы шукалі, дзе б перазімаваць, капалі зямлянкі. Каб распаліць вогнішча, выкарыстоўвалі знойдзены порах, бо запалак ні ў кога не было. Аднойчы здарылася жудаснае. На ўскрайку вёскі ў цеснай зямлянцы зажыва згарэлі тры сям’і – чалавек дванаццаць, бо якраз каля ўваходу, побач з печчу, успыхнуў порах. Выбрацца не змог ніхто. На месцы зямлянкі доўга стаяў крыж…

Падчас вайны развялося шмат ваўкоў, асабліва ў нашай балоцістай мясцовасці. У адной зграі бегалі і здзічэлыя нямецкія аўчаркі. Выжыўшы пад варожымі кулямі і бомбамі, пасля мы ратаваліся ад шэрых драпежнікаў, якія нярэдка вылі побач з зямлянкамі. Яшчэ было шмат пацукоў і гадзюк. А неяк вясной наша беднае жытло затапіла вадой”, – Тамара Макараўна дагэтуль не можа забыць прыкрыя падрабязнасці пасляваеннага вясковага, а дакладней, палявога, побыту. Нездарма кажуць, што дзіцячая памяць вельмі ўчэпістая.

Не абмінулі шматпакутную вёску і пахаванкі. Прыбітыя страшнай весткай жанчыны шукалі спагады ў таварышак па няшчасці – разам было лягчэй яго пераносіць.

Жыццё наладжвалася цяжка і марудна: вяскоўцы размініравалі палі, засыпалі траншэі, ямы, акопы, каб хоць што-небудзь пасеяць.

Працавалі ад цямна да цямна, не шкадуючы сіл. Знямоглых людзей падтрымлівала вера ў тое, што жахлівае мінулае ніколі больш не вернецца. Але яно яшчэ даволі доўга нагадвала пра сябе смертаносным рэхам. Хлапчукі збіралі патроны, гільзы, усё металічнае, што траплялася пад руку, каб здаць у нарыхтоўку і зарабіць якую капейку. Нярэдка падрываліся і гінулі або заставаліся калекамі.

“Неяк з Заполля да мамы прыйшла яе сястра Алена Меншкарудная і кажа: “Ганна, я, здаецца, знайшла яму з дабром – нарэшце зажывём!”. Жанчыны з рыдлёўкамі хуценька рушылі здабываць “скарб”. Капнулі трохі – і аслупянелі ад страху: супрацьтанкавая міна! На шчасце, усё абышлося. Дарэчы, свае сямейныя схованкі з рэчамі, зробленыя ў пачатку вайны, знайшлі нямногія – разнесла выбухамі, спаліла пажарамі.

Пры вызваленні Дубровеншчыны паміж вёскамі Лабаны і Кіраёва ішоў кровапралітны бой, усё было завалена загінуўшымі. Астанкі савецкіх воінаў, якія склалі галовы на тым полі, пахаваныя на мемарыяльным комплексе “Рыленкі”. А ў Пятрыках, на падворку, дзе стаяла бацькоўская хата, зараз помнік, які сведчыць, што тут знайшлі вечны спачын 7,5 тыс. воінаў.

Кожны чалавек, чыё жыццё апаліла вайна, да сканчэння свайго веку не забудзе яе страшныя праявы. Гэтак і я”, – падсумавала свой ліст Тамара Гайко.

Фота з адкрытых крыніц.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ