ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс» у ліку тых гаспадарак раёна, якія плюсуюць па валавым надоі малака да ўзроўню мінулага года. Прычым прыбаўка істотная — 10%.
- Прырост дасягнуты ў першую чаргу дзякуючы абнаўленню дойнага статка, – лічыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Марына Хаданёнак. – Сёлета 30% яго заменены першацёлкамі, якія даюць не менш чым па 20 кг малака.
Работа па ўзнаўленні статка, як адзначаюць ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, набыла ў агратэхсэрвісе ў апошнія гады сістэмнасць. Тут фарміруюць тры групы нецеляў, сёлета па 60 галоў кожная, даглядаць якіх даручана адказным работніцам. А да гэтага яшчэ адпрацаваная тэхналогія пакрыцця кароў, добрая паша, паўнацэннае кармленне ў стойлавы перыяд – і вынік даў пра сябе знаць ростам надояў. Але ў малочнай галіне рэзервы павелічэння прадуктыўнасці кароў і паляпшэння якасці малака не вычарпаны, падкрэслівае Марына Хаданёнак. Асабліва на комплексе з даільнай залай. І прыводзіць такую статыстыку: даяркі МТФ «Наваселле» ў канцы верасня даілі ў сярэднім на карову па 16,5 кг малака, МТФ «Вялікае сяло» – 16,3. І толькі па 10 літраў у «Пашках» з даільнай залай. Тут патрабуецца ў першую чаргу давесці да ладу абсталяванне. Тое, што павінен рабіць камп’ютар, рэгулюецца, як гаворыць загадчыца комплексу Іна Магалінская, ручным рэжымам. Ужо не адзін год малако ад усіх кароў – здаровых і пралечаных – зліваецца і захоўваецца ў адным халадзільніку. Другі няспраўны працяглы час. Вядома, на гатунак «экстра» такое малако прэтэндаваць не можа. У выніку гаспадарка штогод губляе тысячы рублёў выручкі. Пастаянныя звароты на Глыбоцкі МКК, якому даручана абслугоўванне абсталявання на фермах сыравіннай зоны, выніку, сцвярджаюць галоўны заатэхнік і загадчыца комплексу, не даюць. Па іншых кірунках сумеснай дзейнасці прэтэнзій да камбіната работнікі комплексу не маюць. У гаспадарцы ў дзень прыезду працавалі рабочыя прадпрыемства, апрацоўвалі капыты жывёле, разам з заатэхнікам аб’язджала фермы начальнік упраўлення па жывёлагадоўлі Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання Жанна Баравінец, кансультавала мясцовых работнікаў па фарміраванні груп і доглядзе нецеляў.
З гэтага тыдня дойны статак у гаспадарцы пачалі пераводзіць на стойлавае ўтрыманне. Фермы адрамантаваны, прадэзінфіцыраваны, абсталяванне праверана. Для цялят пабудавана новае памяшканне. Кармоў на зіму назапашана больш леташняга. У канцы верасня на даільнай зале «Пашкі» закрылі апошнюю траншэю кукурузнага сіласу.
Статак мясных кароў – герафордаў – ставіць на фермы пачнуць у канцы кастрычніка. Іх у гаспадарцы 500 галоў. Эліту прадаюць на племя ў іншыя вобласці, трэці-чацвёрты прыплод адкармліваюць і здаюць на мяса. Парода хуткарослая і хуткаспелая, лёгка прыбывае ў вазе на кілаграм у суткі, а з падкормкай камбікормам – і на паўтара. Элітай «краснорубашечников», як герафордаў называюць з-за колеру афарбоўкі, тут ганарацца.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.