Напэўна, у кожнага кіраўніка дарожнай службы ёсць карта сеткі дарог, якая заўсёды ў яго перад вачамі. У кабінеце начальніка пастаўскага ДЭУ-33 Алега Крукоўскага таксама. Толькі ў яго яна ўзята ў своеасаблівую рамку з фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць пэўныя моманты жыцця калектыву.
– Гэта адна са стаянак адпачынку, якую добраўпарадкавалі сёлета. А гэта здымак з будаўніцтва лясной дарогі. Тут нашы хлопцы рамантуюць водапрапускную трубу пад дарогай, – тлумачыў Алег Крукоўскі. – Дарэчы, наш калектыў у вобласці адзіны, хто валодае тэхналогіяй гільзавання труб.
У зоне адказнасці ДЭУ-33 211 км рэспубліканскіх дарог. У райвыканкаме рабоце дарожнай службы далі высокую ацэнку, як і яе начальніку. Малады, ініцыятыўны, дзейны – тыповы прадстаўнік новага пакалення кіраўнікоў, якія не толькі ўмеюць арганізаваць работу падначаленых, але і зарабляць грошы, – так гаварыў пра начальніка ДЭУ намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш.
І гэта сапраўды так. Выдзеленыя арганізацыі на гэты год сродкі на ўтрыманне і рамонт дарог калектыў ДЭУ асвоіў ўжо ў жніўні. Заставаліся яшчэ чатыры месяцы, на працягу якіх і транспартныя артэрыі належыла даглядаць, і заработную плату выплачваць. Карацей кажучы, самім знайсці на гэта грошы. Вопыт пошуку работы ў старонніх арганізацыях начальнік упраўлення меў. Не адзін год пастаўскія дарожнікі плённа супрацоўнічаюць з жыллёва-камунальнай службай абласнога цэнтра, дзе дапамагаюць рамантаваць асфальта-бетоннае пакрыццё вуліц. Сёлета таксама былі запрошаны для такой работы, дзе сіламі чатырох чалавек калектыў зарабіў 140 тыс. руб.
Другая такая ж па колькасці брыгада не адзін месяц шчыравала на дарозе Брэст – Масква. Ліквідавала дэфекты на 9 тысячах пагонных метраў і ўнесла ў касу прадпрыемства яшчэ 125 тыс.руб.
Але самым вялікім аказаўся заказ на будаўніцтва лясной дарогі даўжынёй 7,5 км. Упершыню дарожная арганізацыя з сістэмы «Віцебскаўтадара» бралася за такую работу і ставіла задачу не толькі зарабіць грошы, але і захаваць рэпутацыю надзейнага падрадчыка. Аб’ём работы чакаў вялікі. Толькі для фарміравання прасёлка прадстаяла завезці 120 тыс. т пяску і яшчэ 16 тыс. т на яго пакрыццё. Сваіх аўтамабіляў, а іх было задзейнічана 8, не хапала. Яшчэ столькі ж заказалі ў Глыбокім.
Ліпень праверыў прафесіяналізм дарожнікаў-будаўнікоў. Штодзённыя дажджы размывалі палатно, пад’езды ператвараліся ў суцэльнае месіва. Тры тыдні, як рассказвае Алег Пятровіч, пагрузчык не мог заехаць у кар’ер. А тэрміны прыспешвалі.
Але справіліся. Умела кардынавалі работу тэхнікі і людзей галоўны інжынер Мікалай Цехановіч і малады начальнік участка Сяргей Буйко. Ніхто з занятых на будоўлі не лічыўся з асабістым часам. У выніку, як і было запланавана, дарогу здалі ў кастрычніку. Члены камісіі, што прымалі яе, выказалі пажаданне і далей супрацоўнічаць з калектывам ДЭУ-33.
Заробленыя грошы – 1,3 млн руб. – і добрыя водгукі заказчыка натхнілі кіраўніка прадпрыемства і калектыў і далей удзельнічаць у падобных тэндарах і пры добрым збегу абставін прадоўжыць такую падпрацоўку па-за ведамствам.
Цяпер тэхніка ДЭУ задзейнічана на ўзвядзенні ў райцэнтры 40-кватэрнага дома. Так рубель да рубля і сабралася за 10 месяцаў выручка ў 3,2 млн руб., на 1 млн большая, чым летась.
Наяўнасць уласных грошаў дазваляе калектыву абнаўляць машынна-трактарны парк. Сёлета купілі бензавоз, 20-тонны МАЗ з прычэпам, сродкі малой механізацыі.
– Увогуле за апошнія некалькі гадоў мы сур’ёзна абнавілі свой парк, – сцвярджаў Алег Крукоўскі. – Набылі тры МАЗы, экскаватар, трактар, аўтагрэйдар. Без спецыяльнай тэхнікі работы не знойдзеш. А дзякуючы ёй змаглі зарабіць сёлета ў старонніх арганізацыях 1,8 млн руб., а гэта сур’ёзная фінансавая падтрымка нашага бюджэту.
Акрамя таго, пастаўскае ДЭУ мае намер, напрыклад, адкрыць свой кар’ер. Жвір патрэбны самім, але на яго існуе попыт і ў іншых арганізацыях, у насельніцтва. У планах асваенне ўласнай вытворчасці цэмента-бетоннага раствору.
Фота Аляксандра АЗЕРСКАГА і з архіва ДЭУ.