Для аграномаў зіма – не менш напружаны час, чым вясна, але зараз работа кіпіць не на палях, а ў кабінетах. Спецыялісты заняты разлікамі па павышэнні ўрадлівасці глебы. На Верхнядзвіншчыне бал яе набліжаецца да 27. Ён прыблізна такі ж, як у суседніх раёнах, і ніжэйшы, чым сярэдні па вобласці. А вось ураджай летась тут сабралі намнога вышэйшы, чым суседзі.
– Стратэгія развіцця Верхнядзвінскага раёна прадугледжвае значны рост вытворча-эканамічных паказчыкаў, – расказала намеснік начальніка па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Кароткая. – Пастаўлена задача павысіць рэнтабельнасць продажу, зменшыць затраты, атрымаць больш чыстага прыбытку. Дасягненне гэтых мэт у многім будзе залежыць і ад таго, як спрацуе раслінаводства, які ўраджай вырасцім, наколькі паўнацэнным рацыёнам забяспечым пагалоўе жывёлы, што, урэшце, выручым ад рэалізацыі збажыны, насення рапсу і траў. Спадзявацца толькі на надвор’е, якое, дасць Бог, паспрыяе развіццю раслін, — справа дарэмная. Вынік перш-наперш прынясе праца хлебароба, яго клопат пра павышэнне ўрадлівасці глебы, якасць насення, якое ён пакладзе ў глебу, як захавае тэхналогію вырошчвання культур.
Старшыня райвыканкама Васіль Шылаў адзначыў, што летась у сельскай гаспадарцы дасягнуты значны рост вытворчасці валавой прадукцыі. У раслінаводстве ўсе 13 гаспадарак дабіліся добрых вынікаў. Зерневых і зернебабовых сабралі амаль 70 тысяч тон. Па намалоце збажыны перабольшылі паказчык 2021 года на 30 %, а ўраджайнасць аказалася вышэйшай у сярэднім на 6 цэнтнераў у разліку на гектар.
Добры намалот далі іншыя культуры. Сабрана 800 тон бульбы, больш 5 тысяч тон насення рапсу. Зроблены задзел пад ураджай гэтага года. Пасеяна азімых збожжавых больш 14 тыс. га, рапсу і сурэпіцы – 3600, узнята 13 тыс. га ворыва. З восені вядзецца вывазка на палі арганікі пад яравую сяўбу, назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні.
– За кошт натуральнай урадлівасці з гектара можна сабраць не больш 13 – 15 ц збажыны, – растлумачыла Наталля Кароткая. – Мы атрымалі летась 35,5. Рост ураджайнасці забяспечвалі шляхам укаранення сучасных тэхналогій, укладанняў у глебу. Для павышэння ўрадлівасці глебы там, дзе была патрэба, правялі яе раскісленне. З восені вывозім на палі арганіку, назапашваем мінеральныя ўгнаенні. Кампостаў маем ужо 72 % ад патрэбнай колькасці. Больш за 200 тысяч тон іх вывезена на палі. Сельгаспрадпрыемства «Дрысенскі», напрыклад, практыкуе ўнясенне арганікі пад яравую сяўбу з восені. Тое, што такі падыход апраўдвае сябе, пацвярджаюць намалоты: летась гаспадарка сабрала з гектара па 37,3 ц збажыны.
На кожным сельгаспрадпрыемстве на Верхнядзвіншчыне створаны мехатрады, якія ў зімовыя месяцы вывозяць гной на палі. У сярэдзіне студзеня лідарамі ў гэтай рабоце былі ААТ «Шайцерава», «Ужыца-Агра», «Прудзінкі», «Антонава-Агра».
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.