На паліцах шэрагу беларускіх магазінаў з’явіўся зялёны і чырвоны сыр. Яго нязвыклы колер прыцягваў увагу пакупнікоў, якія распытвалі прадаўцоў пра незвычайную навінку і, вядома, захацелі яе пакаштаваць. На гэта і разлічвалі браслаўскія сыраробы філіяла Глыбоцкага МКК, калі выпусцілі сваю навінку, якая напярэдадні навагодніх святаў павінна была на перанасычаным традыцыйнымі сырамі рынку зацікавіць спажыўцоў. Што, дарэчы, і ўдалося.
Але перш, чым новы прадукт з’явіўся ў продажы, сспецыялісты не адзін месяц вывучалі нямецкі вопыт па вырабе каляровых сыроў, асвойвалі тэхналогію іх вытворчасці, прыстасоўвалі смакавыя якасці да ўжо папулярных у пакупнікоў. У выніку нарадзіліся сыры “Песта базіліка” з базілікам і часнаком (зялёны) і “Песта тамата” са смакам базіліку, майарану, арэгана, тамату і часнаку (чырвоны). Усяго ж за мінулы год, як сцвярджае вядучы тэхнолаг Іна Бейнар, на новым сучасным прадпрыемстве быў асвоены выпуск 44 відаў прадукцыі, сярод якой ёсць такая, што не вырабляецца больш нідзе ў Беларусі. Гэта сметанкова-тварожны прадукт “Браслаўскі пачастунак” з рознымі дабаўкамі, якія ствараюць своеасаблівы смак і могуць задаволіць любы густ. Нездарма на народным конкурсе “Чэмпіён смаку” ён заваяваў Гран-пры.
Дарэчы, у першы год работы пасля маштабнай рэканструкцыі прадпрыемства, на сырным форуме першае месца было прысуджана сыру “Браслаўль”. Летась на конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь лепшымі былі прызнаны сыры “Гройцар” і “Пашахонскі”.
– У 2016 годзе, – падзялілася планамі Іна Аляксандраўна, – маем намер пачаць выраб цвёрдага элітнага сыру з працяглым тэрмінам паспявання накшталт літоўскага гатунку “Джугас”. І па-ранейшаму будзем нарошчваць вытворчасць запатрабаваных пакупнікамі сыроў, сярод якіх летась лідзіраваў “Мааcдамер Гранд” і якога штомесяц выпускалі па 50 тон.
Калектыў зусім крыху не дацягнуў да поўнага асваення магутнасцей прадпрыемства, разлічанага на 300 тон прадукцыі ў месяц, забяспечыўшы тэмп росту да мінулага года 136,7%. Прычым працаваў не на склад. Браслаўскія сыры з задавальненнем купляюць гандлёвыя сеткі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда. Менавіта ў Расію было адгружана летась больш за 75% сыроў, а агульная рэнтабельнасць ад іх рэалізацыі склала практычна 6%.
Фота Тамары Пашкевіч.