Факсімільнае выданне першага “Буквара” царкоўнаславянскай мовы прэзентавалі ў Віцебскай абласной бібліятэцы.
Важкі трохтомнік – плён дзяржаўна-спонсарскага міжнароднага супрацоўніцтва. “Буквар” скапіраваны з поўнага з двух ацалелых у свеце арыгіналаў, які захоўваецца ў лонданскай бібліятэцы Мідл Тэмпл. Ён быў выдадзены 400 гадоў назад друкарняй віленскага Святадухавага праваслаўнага брацтва ў мястэчку Еўе (зараз Евіс, Літва) і на 13 гадоў старэйшы за надрукаваны Спірыдонам Собалем у Куцейне пад Оршай.
Апрача таго, у трохтомніку змешчаны пераклад старадаўняга “Буквара” на сучасную беларускую і прысвечаныя яму навуковыя даследаванні на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Пра ролю царкоўнаславянскага “Буквара” ў сусветнай і айчыннай адукацыі, змест факсімільнага выдання і ажыццяўленне гэтага адметнага выдавецкага праекта ўдзельнікам прэзентацыі распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кнігазнавец Алесь Суша.
Наклад трохтомніка складае каля тысячы экзэмпляраў. Яны размеркаваны па найбуйнейшых навуковых, адукацыйных, культурна-асветніцкіх цэнтрах краіны, уключаючы галоўнае кнігасховішча Віцебшчыны, абласны краязнаўчы музей і іншыя ўстановы.
Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.