Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Выстава «Матулін ручнік» адкрылася ў Глыбоцкім раёне

У чытальнай зале Падсвільскай гарпасялковай бібліятэкі Глыбоцкага раёна арганізавана прэзентацыя незвычайнай выставы з пранікнёнай назвай "Матулін ручнік". У сабранай калекцыі ўсяго некалькі экспанатаў, але кожны з іх – асаблівы.

– Выставачнай дзейнасцю займаемся з 2013 года, – гаворыць загадчыца гарпасялковай бібліятэкі Святлана Яцкоўская. – Сярод кніжных стэлажоў мы і прэзентуем творчасць нашых чытачоў, якія захапляюцца саломапляценнем, вышываюць, пішуць вершы, ствараюць дзівосныя вырабы з падручных матэрыялаў. Галоўнае, што робяць гэта з душой, і атрымліваецца вельмі прыгожа. Праводзім калектыўныя і персанальныя выставы.

Тэма матулінага ручніка зацікавіла многіх. Бібліятэчная выстава паслужыла свайго роду ўспамінам пра мінулае, сваіх родных і блізкіх. Гартаючы старонкі кніг і часопісаў, чытачы нагадваюць гісторыі, звязаныя з ільнянымі, вышыванымі ручнікамі. Калісьці яны былі неад'емнай часткай побыту, а цяпер усё часцей становяцца сямейнай рэліквіяй.

На бібліятэчнай выставе ёсць ручнік, сатканы звыш 100 гадоў таму.

Падсвільчанка Клаўдзія Бурэнь захоўвае яго ў памяць аб сястры. Марыя Рамашка прынесла доўгі ручнік, які калісьці выткала з чырвонай ніткай яе мама, а Вольга Леднік пагадзілася паказаць унікальную працу, створаную па дамове глыбоцкай майстрыцай шмат гадоў таму.

У арганізацыі выставачнай дзейнасці бібліятэкары гарпасёлка заўсёды актыўна супрацоўнічаюць з клубам народных майстроў "Спадчына", які дзейнічае пры Падсвільскім Доме культуры. Кіраўнік творчага аб'яднання Валянціна Шымко ў гэты раз паказала ільняныя ручнікі сваёй бабулі.

Асаблівае месца на міні-выставе займаюць работы метадыста Дома рамёстваў Алены Мацюшонак. Адзін з прадстаўленых ручнікоў яна ўпрыгожыла традыцыйным арнаментам Віцебскага Паазер'я.

– Выкарыстоўваючы віртуальную прастору, разумеючы, што не ўсе жадаючыя могуць прыйсці і паглядзець выставу, мы пастараліся расказаць як мага больш пра асаблівасці беларускага арнаменту і нават прапанавалі невялікі майстар-клас, – працягвае Святлана Паўлаўна. – У былыя гады лічылася абавязковым для дзяўчыны вышываць, ткаць. Цяпер у моладзі іншыя інтарэсы, але і тыя, хто ў сталым узросце, імкнуцца ад іх не адстаць. Напрыклад, некаторыя падсвільчанкі займаюцца квілінгам, удасканальваюць сваё майстэрства ў інкрустацыі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ