На панадворку дома на вуліцы Зялёнай у Друйску Браслаўскага раёна мяне сустрэла чарада дзятвы з сям’і Буткевічаў.
Дзяўчынкі дружнай кампаніяй павялі мяне знаёміцца з гаспадарамі. Мне хацелася даведацца: як гэта – гадаваць дзевяцярых дзяцей, апранаць, абуваць, развіваць, выхоўваць годнымі людзьмі?
Людміла Ігараўна трымала на руках гадавалага хлопчыка. Ён быў падобны на жанчыну, і калі б не ведала, што ў сям’і Буткевічаў гэта прыёмнае дзіця, нават сумнення не закралася б пра адсутнасць у іх кроўнай роднасці.
– Гэта Цімафей, – прадставіў Мікалай Іванавіч. – Пакуль не ведаем, на які перыяд ён у нас застанецца. Яго маці далі час на выпраўленне, а дзіця прывезлі нам. Хлопчык ужо стаў нам родным. Яго палюбілі з першага дня і гатовы стаць яму сям’ёй у памяць пра свайго сына Цімафея, якога страцілі яшчэ ў пачатку сямейнага жыцця – ён нарадзіўся з невылечнай хваробай.
Мікалай і Людміла сям’ю стварылі ў 19 гадоў. Жылі ў суседніх вёсках на Браслаўшчыне. Пазнаёміліся на дыскатэцы, закахаліся з першага погляду. Калі юнака прызвалі ў армію, Людміла абяцала яго чакаць і слова стрымала. Калі праз год Мікалай прыехаў у водпуск, вырашылі распісацца.
Іх першынец Максім у мінулыя выхадныя ўжо стварыў сваю сям’ю. Зарэгістраваў шлюб у загсе і замацаваў бласлаўленнем перад алтаром. Пакуль жыве з бацькамі, але вось-вось атрымае ўласны дом.
Адзін за адным пасля Максіма нарадзіліся Цімафей, Ганна, Маргарыта, Давід, Лілія, Ева. Бацькоўскі подзвіг Буткевічаў ацаніла дзяржава – Людмілу Ігараўну ўзнагародзілі ордэнам Маці.
З такой колькасцю дзяцей турбот у бацькоў хапала. Але ў нейкі момант Мікалай Іванавіч стаў прывозіць на выхадныя хлопчыка з дзіцячага дома, дзе тады працаваў. І аднойчы яны з жонкай вырашылі стаць для Алежкі сям’ёй. А яшчэ праз колькі часу прынялі ў яе яшчэ аднаго выхаванца дзетдома Паўла.
Пра кожнага са сваіх дзяцей бацькі гаварылі з любоўю. Партрэты вымалёўваліся яркія, бо ўсе Буткевічы – таленавітыя.
Старэйшая з дзяўчынак Аня заканчвае 9-ы клас. У планах – паступленне ў педагагічны каледж. Яна скончыла школу мастацтваў па класе фартэпіяна, самастойна асвоіла ігру на гітары. У яе абавязках музычнае суправаджэнне службы ў царкве. Яшчэ Аня з задавальненнем гуляе ў баскетбол.
Васьмікласніца Маргарыта са школьных прадметаў аддае перавагу беларускай мове. Затое ў творчасці дыяпазон захапленняў шырокі. У школе мастацтваў спявае ў хоры і асвойвае скрыпку, у гімназіі займаецца танцамі і вакалам.
У Браслаўскай гімназіі разам з сёстрамі вучыцца і Давід. Ён таксама вучыўся ігры на скрыпцы, пакуль займаўся ў Друйскай СШ. У гімназіі не паспявае сумяшчаць заняткі ў дзвюх школах, таму выбраў секцыю па футболе.
Яшчэ дзве дачкі Буткевічаў вучацца ў пачатковых класах Друйскай школы. Таксама музыкальныя, старанныя.
– Гэта першае дзіця патрабуе шмат клопату,– падзялілася думкамі Людміла Ігараўна. – А калі яно не адно, многія пытанні вырашаюцца значна прасцей. Старэйшыя прыглядаюць за меншымі, дапамагаюць у вучобе. Кожны мае свае абавязкі. Давід, напрыклад, павінен штодня наварыць жывёле два вядры бульбы. Дапамагаюць яму Ева і Ліля. Старэйшыя дочкі дзяжураць па кухні. Вечарам па чарзе яны наводзяць у ёй парадак. Алег – першы памочнік у бацькі. Яго хобі – тэхніка. Умее кіраваць трактарам і рамантаваць, але і з канём упраўляецца спраўна. Наогул у вялікай сям’і дзеці растуць у адрозненне ад аднагодкаў больш прыстасаванымі да жыцця, камунікабельнымі. Напрыклад, Павел жыве ў Мінску, з’яўляецца адным з кіраўнікоў паспяховай будаўнічай кампаніі. Менавіта ў сям’і атрымаў загартоўку, сфарміравалася яго жыццёвае крэда, чаго не меў у дзіцячым доме.
Вялікая сям’я Буткевічаў жыве ў гармоніі, дзелячы між сабой па ўзросце і сіле хатнія клопаты, падтрымліваючы адно аднога.
Першым а палове шостай устае бацька. Ранішняя гадзіна – гэта яго асабісты час для роздуму. У цішыні ёсць магчымасць падзякаваць Госпаду, папрасіць прабачэння за свае памылкі, слабасці, сумненні, у думках прытуліцца да Яго. Гэта так проста і так складана, але дае сілы цвёрда стаяць на нагах, клапаціцца пра сваю сям’ю і іншых людзей.
– Потым ён прыгатуе сняданак, разбудзіць мяне, разам пап’ём кавы, і новы дзень набярэ рух, – сказала Людміла Ігараўна. – Пачнём адпраўляць дзяцей у школу, зоймемся гаспадарчымі справамі.
А гаспадарка ў Буткевічаў немаленькая: шэсць кароў, пяць свіней і больш за 20 парасят, 20 авечак, вялізны надзел зямлі, на якім сям’я вырошчвае збожжавыя, бульбу, гародніну.
– Колькі дзяцей, столькі павінна быць і кароў, тады бедаваць не будзеш, – пракаменціраваў Мікалай Іванавіч. – І мукі, калі спатрэбіцца, са свайго ўраджаю намелем, і хлеб спячом… Правільна арганізаваная падсобная гаспадарка заўсёды пракорміць.
Падчас сустрэчы з Буткевічамі ўразілі спакойная атмасфера ў доме, добразычлівасць паміж бацькамі і дзецьмі – дарослыя ў размове не абрывалі і не папраўлялі дзяцей, тыя ў сваю чаргу не перабівалі бацькоў, цеплынёй свяціліся вочы ўсіх суразмоўцаў. Гледзячы на іх, думала: што гэта такое – чалавечае шчасце? Якім прыборам і ў якіх адзінках яго можна вымераць? Зразумела адно – Буткевічы знайшлі яго і робяць усё, каб шчасце не пакінула іх дом.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.