«Дзякуй Богу і родным за доўгі мой век!» — прамовіла, прымаючы віншаванні ў свой адрас, Францішка Мікалаеўна Бурэц — старэйшы жыхар вёскі Крыўкі Лужкаўскага сельсавета Шаркаўшчынскага раёна, якая напрыканцы студзеня адзначыла 100-годдзе.
Нарадзіўшыся ў шматдзетнай сялянскай сям’і, Францішка з маленства зведала жыццёвыя нястачы. Акрамя яе, у бацькоў выхоўваліся яшчэ пяцёра дзяцей. Вопратка была вельмі сціплая, прадуктаў харчавання не хапала. Але гэта не стала перашкодай таму, каб маленькую Францішку адправіць на навучанне ў школу. Грамату дзяўчынка спасцігала ў Лужках. Школу скончыла ў 1940 годзе, незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў пасляваенныя гады, калі аднаўлялася народная гаспадарка, а жыццё станавілася на мірныя рэйкі, Францішка вырашыла вучыцца далей. З невялікай сумачкай, у якую маці сабрала самыя неабходныя рэчы, дзяўчына паехала ў Ашмяны Гродзенскай вобласці, каб паступіць у педагагічнае вучылішча. Там Францішка атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю і кваліфікацыю настаўніка пачатковых класаў.
У 1953 годзе пачала працаваць настаўніцай у Стральцоўскай школе, што недалёка ад родных мясцін. На доўгі час яе другой радзімай стала Глыбоччына, дзе Францішка Мікалаеўна вучыла грамаце вясковых дзетак. Выйшла замуж за хлопца-прыгажуна Аляксандра, які працаваў брыгадзірам чыгуначнікаў на станцыі Зябкі Пліскага раёна. Стварылі сям’ю, нарадзілі сына Аляксандра, дачку Валянціну. Так склаўся лёс, што спадарожніка жыцця рана не стала, ён памёр у 40-гадовым узросце. З таго часу Францішка замуж больш не выйшла, бо не ўяўляла сямейнага шчасця з іншым чалавекам – вельмі любіла свайго Аляксандра.
Калі пайшла на заслужаны адпачынак, пераехала на малую радзіму ў вёску Жарсцвянка, каб даглядаць хворую маці. Зараз ужо на працягу дваццаці год Францішка Мікалаеўна жыве разам з сям’ёй сына Аляксандра ў суседніх Крыўках.
У дзень 100-гадовага юбілею павіншаваць жанчыну прыехалі старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Таццяна Краснадубская, старэйшына вёскі Крыўкі Марына Якубёнак (яна ж, дарэчы, аказвае Францішцы Мікалаеўне кваліфікаваную медыцынскую дапамогу па меры неабходнасці), спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Людміла Стома. Госці пажадалі імянінніцы здароўя, доўгіх і шчаслівых год жыцця, цеплыні і павагі ад родных і блізкіх людзей.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.