Таццяна Краснадубская, старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Шаркаўшчынскага раёна:
— Асноўны заканадавец Канстытуцыі — народ. Адсюль і змяненні. А сёння Канстытуцыя дапаўняецца тымі складнікамі, якія прадыктаваны часам і новымі выклікамі. Мэта гэтых змяненняў – захаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне ўсіх галін улады, стварыць яшчэ больш збалансаваную сістэму дзяржаўнага кіравання. Сярод новаўвядзенняў – наданне канстытуцыйнага статуса Усебеларускаму народнаму сходу, які зможа выступіць у ролі страхавальніка ад неабдуманых рашэнняў і дзеянняў на самым высокім узроўні. Эфектыўнае народнае веча – гэта правераны часам інструмент. Зыходзячы з гэтага менавіта яго і прапануецца інтэгрыраваць у нашу рэчаіснасць.
Плануецца таксама пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж органамі ўлады, павышэнне эфектыўнасці работы Парламента і Урада.
Свет вакол нас розны, не заўсёды добразычлівы. Калі раней у Канстытуцыі было прапісана, што мы, народ Беларусі, маем права на самавызначэнне, цяпер гэта дапаўняецца яшчэ і правам на захаванне нацыянальнай самабытнасці, суверэнітэту. Мы хочам бачыць нашу краіну моцнай і квітнеючай. Такой і імкнёмся яе перадаць сваім нашчадкам, будучым пакаленням.
У праекце напісана, што Асноўны Закон мае першачарговае права на выкананне. І гэта правільна, бо Канстытуцыя краіны вышэй за ўсе міжнародныя акты. Як грамадзянка, як чалавек, як маці, лічу вельмі важным захаваць незалежнасць нашай краіны.
Лічу, што падтрымлівае змяненні і дапаўненні, якія прапануецца ўнесці ў Асноўны закон краіны, і насельніцтва. Абсалютная большасць жыхароў сельсавета прыняла ўдзел у абмеркаванні яго праекта. Толькі ў Лужках за апошні тыдзень прайшлі сустрэчы на чатырох дыялогавых пляцоўках. “На рэферэндум пойдзем, праект Канстытуцыі падтрымаем” – такая выснова прагучала на кожнай сустрэчы.
Фота аўтара.