Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Узнали о рождественских традициях парафии Святого Антония в Витебске

У гэтым годзе 24 дні доўжыўся радасны час чакання аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў. Гэты перыяд вернікі называюць Адвэнтам. І яго вызначаюць як радасны час чакання нараджэння маленькага Хрыста. Па старажытнай традыцыі людзі спяшаюцца на ранішняе набажэнства – рараты. Яно пачынаецца ў касцёле ў поўнай цемры. Кожны вернік запальвае сваю свечку ці лампадку і ў цішы ідзе з ёй, са сваімі думкамі і маленнем да алтара.


Каля алтара кожную нядзелю запальваюць новую свечку, і ў апошнюю нядзелю Адвэнта была запалена чацвёртая. Звычайна свечкі ўпрыгожваюць адвэнтавы вянок. Усё гэта сімвалізуе вартасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвятліць наш шлях да Бога.


У касцёле расказваюць гісторыю пра чатыры свечкі і маленькага хлопчыка.


У пакоі на стале гарэлі чатыры свечкі. Яны ціха размаўлялі паміж сабой. Першая сказала: «Я – мір. На жаль, людзі мяне ўжо не абараняюць». І згасла. Другая сказала: «Я – вера, але ў сучасным свеце я нікому не патрэбная». І згасла. Трэцяя дадала: «Я – любоў, але ўжо не маю сілы гарэць». І таксама згасла.
У гэты момант хлопчык увайшоў у пакой, убачыў тры згаслыя свечкі і, звяртаючыся да чацвёртай, сказаў: «Ты гарыш, бо ведаеш, што я баюся цемры», і заплакаў. Тады чацвёртая свечка сказала: «Пакуль я гару, заўсёды застаецца надзея, бо ад мяне можна запаліць іншыя».
Хлопчык узяў свечку, запаліў іншыя тры і радасна засмяяўся. 

Увечары, ці ўжо ў начы, хрысціяне-католікі сабяруцца на святочную Вігілійную літургію – Пастэрку. У сваіх сэрцах і думках яны звернуцца да Бога, просячы Яго аб міры ў свеце, братняй любові, узаемапаразуменні, шчасці для сваіх блізкіх. Кажуць, Адвэнт спрыяе наступленню добрых перамен у жыцці чалавека, вызначае ступені для яго духоўнага росту. Няхай так. Памятаю, як у гэты перыяд я штодня малілася аб здароўі свайго цяжкахворага таты. І хвароба адступіла, Бог падарыў яму яшчэ паўгода жыцця.

З даўніх часоў існуе звычай: дзень перад вялікай урачыстасцю вернікі захоўваюць строгі пост, а вечарам сям’я збіраецца за сталом. Па даўняй славянскай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае – як памяць аб памерлых родзічах і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы... Усе члены сям’і дзеляцца аплаткай, выказваючы пры гэтым пажаданні адно аднаму. Сярод традыцыйных вігілійных страў – грыбная поліўка, стравы з рыбы, розныя посныя салаты, аладкі, падсмажаныя на алеі і палітыя цёртым падсалоджаным макам, таксама кісель, кампот, звараны з сушаных фруктаў, і, канешне, куцця – каша з ячных круп з мёдам, арэхамі, курагой, разынкамі, макам.


Яшчэ адна з важных традыцый – у кожным касцёле і капліцы ўсталёўваюць батлейку, якая адлюстроўвае эпізод нараджэння Хрыста ў стаенцы сярод жывёл.
Днямі мы наведалі парафію Святога Антонія ў Віцебску, дзе ў гэтым годзе змяніўся пробашч. З Друі, што ў Браслаўскім раёне, у Віцебск быў пераведзены ксёндз Сяргей Сурыновіч.

Парафіяне шчыра рыхтаваліся да сустрэчы свята Божага Нараджэння: удзельнічалі ў стварэнні тэматычных творчых работ, рэпеціравалі калядныя спевы, упрыгожвалі святыню, прадумвалі дэталі абсталявання батлейкі, дзяліліся паміж сабой сакрэтамі калядных страў. А дзеці, якія з радасцю наведваюць нядзельную школу, загадвалі адно жаданне: каб на Раство выпаў снег. Няхай свет накрые чыстае белае покрыва, снег заўсёды нагадвае нам самыя светлыя пачуцці. Слушна кажуць: вуснамі дзіцяці мовіць ісціна.
Наступяць Каляды, а з імі адчыняцца дзверы ў будучыню. Няхай жа надзея і вера ніколі не згасаюць у нашых сэрцах.

Святлана Дзядзінкіна. Фота Аляксея Вронскага.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ