Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Адраджаюць старажытныя абрады и абуджаюць эмоцыі вакалам: як заваёўваюць любоў публікі дунілавіцкія спявачкі

– Дзе фэст, там і яны, – жартаўліва і разам з тым ёмка ахарактарызавала дунілавіцкі фальклорны калектыў загадчыца сельскага Дома культуры Іна Русецкая. – Рэдка якое свята на Пастаўшчыне абыходзіцца без яго ўдзелу. Народныя песні ў выкананні нашых жанчын падабаюцца слухачам, бо падабраны так, каб закрануць струны душы – радасныя ці самотныя.

Сама бачыла, як ад адных песень, што гучалі на панадворку Дунілавіцкага сельсавета падчас фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” многія наведвальнікі пачыналі прытанцоўваць. Ад другіх, пачутых са сцэны на народным свяце, у жанчын набягалі на вочы слёзы. Таму пры першай магчымасці пацікавілася ў Іны Станіславаўны: хто для калектыву падбірае рэпертуар, робіць аранжыроўку?

Аказалася, што кожны так ці інакш мае дачыненне да творчага працэсу. Асабліва ў падборы песень. Дзе б ні былі, ні выступалі, заўсёды цікавяцца тым, што спяваюць іншыя народныя гурты, прыглядаюцца да іх манеры выканання, падтанцовак. Тое-сёе пераймаюць у прафесіянальных спевакоў. Уласная фанатэка за дзясяткі гадоў існавання гурта сабралася вялікая.

У фальклорную групу жанчыны прыйшлі ў розную пару. Людміла Здраеўская кіруе ёй з 1991-га. А ёсць тыя, хто спявае і больш за трыццаць гадоў. У ліку старажылаў медыцынская сястра мясцовай участковай бальніцы Ларыса Рабава, аператар машыннага даення Любоў Касарэўская, хатняя гаспадыня Алена Шарабайка. Адносна нядаўна ў калектыў уліліся культарганізатар Алеся Кісялёва і рэжысёр ДК Алена Іваніцкая. Ды і Іна Русецкая клубным работнікам стала дзякуючы песні і фальклорнаму гурту. Менавіта ў ім была заўважана кіраўнікамі аддзела культуры і сельвыканкама, якія праз пэўны час прапанавалі ўзначаліць калектыў мясцовых культработнікаў і самадзейных артыстаў.

Два разы на тыдзень па вечарах жанчыны збіраюцца ў клубе, спяваюць ужо добра вядомыя ім песні, развучваюць новыя, абменьваюцца думкамі наконт таго, што належыць прыўнесці ў выступленні.

-- Усе мы любім спяваць, -- гаварылі артысткі, -- бо чалавек не можа жыць адной працай. Яму патрэбны аддушына, жаданне дакрануцца да чагосьці глыбокага, праверанага вякамі. Таму ўзяліся і за адраджэнне народных абрадаў. Аднавілі і паказалі шырокай аўдыторыі “Вяселейка грае”, “Уваходзіны”, “Падушачкі для сына і дачушкі”. Апошні -- абрад па падрыхтоўцы пасагу для дзяўчыны, якая збіраецца замуж. Маленькае тэатралізаванае прадстаўленне атрымалася цікавым і вясёлым, насычаным багатай інфармацыяй пра тое, як сур’ёзна ставіліся нашы бабулі да стварэння сям’і.
Выканаўчае майстэрства, арыгінальнасць рэпертуару ацанілі знаўцы спеваў. Выступленне калектыву запісалі і паказалі па тэлебачанні ўсёй краіне. Такім чынам колькасць аматараў гурта істотна пашырылася.

Фота з адкрытых крыніц.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ