У дзяржаўнай установе ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“ адбылося адкрыццё абласных выстаў – выставы-конкурсу ”Сонечная спадчына“ і выставы Чашніцкага Дома рамёстваў у рамках арт-праекта “Захавальнікі народных рамёстваў Віцебшчыны.”
На Віцебшчыне саломапляценне мае свае багатыя традыцыі і паслядоўнікаў. Кожны раён нашай вобласці мае майстроў, якія займаюцца гэтым рамяством. Элемент ”Мастацкія практыкі саломапляцення Віцебскай вобласці“ ў 2020 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь. А на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА 1 снежня 2022 года ў Марока прынята рашэнне аб уключэнні беларускай намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сучаснае мастацкае саломапляценне Віцебскай вобласці дэманструе надзвычай шырокі дыяпазон асартыменту вырабаў, адначасова – узбагачэнне тэхнік пляцення, выкарыстанне розных новых дэкаратыўна-мастацкіх прыёмаў і элементаў, што ў выніку стварае багатую карціну сучаснага стану і характару гэтага нацыянальнага мастацкага феномену.
Выстава-конкурс ”Сонечная спадчына“ прадугледжвае творчае спаборніцтва майстроў народных мастацкіх рамёстваў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны па 6 намінацыям: "Утылітарны выраб у тэхніцы спіральнага пляцення", "Дэкаратыўны выраб у тэхніцы спіральнага пляцення", "Дэкаратыўны выраб з саломкі", "Утылітарныя вырабы з саломкі", "Саламяная пластыка", "Саламяны павук".
На выставе-конкурсе ”Сонечная спадчына“ прадстаўлена больш за 600 конкурсных работ, прынялі ўдзел усе майстры па саломапляценнi і спіральным пляценнi Віцебскай вобласці з 21 раёна і майстры ДУ ”Культурна-гістарычны комплекс ”Залатое кола горада Віцебска ”Дзвіна“.
Народныя рамёствы Віцебшчыны – гэта багатая і невычэрпная крыніца, у якой увасобілася неабдымная, вечна жывая душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт. Свой вопыт і прэзентацыі лепшых узораў народнай творчасці майстроў прапануюць на другой выставе творцы Чашніцкага Дома рамёстваў у рамках абласнога арт-праекта “Захавальнікі народных рамёстваў Віцебшчыны”.
Лілія Рэзкіна, начальнік аддзела традыцыйнай культуры ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“