Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Фальклорны гурт “Варган” выпусціў альбом з аўтэнтычнай музыкай Полаччыны

Музычныя скарбы роднай зямлі сабраў і запісаў полацкі фальклорны гурт “Варган”. Аншлаг на прэзентацыі дэбютнага альбома засведчыў жывую цікавасць моладзі да традыцыйнай культуры продкаў.

Чаму архаіка набывае ўсё большую папулярнасць? Навошта 20-гадовым  хлопцам і дзяўчатам апранацца ў строі бабуль-дзядуль, ехаць па вёсках,  размаўляць са старажыламі, вучыцца ад іх аўтэнтычнай манеры выканання народных спеваў?

– Асабіста я, – кажа ўдзельнік гурта Стас Сілка, – кожны раз атрымліваю вялікае задавальненне. У гэтых песнях – крутая гармонія гукаў і шмат меладычных хадоў, вельмі цікавая тэхніка. Здаецца, у іх гучыць голас з самых глыбіняў нашай зямлі. І калі трапляеш у гэтую магічную плыню – яна цябе моцна падсілкоўвае энергіяй. Займацца гэтым вельмі здорава і для мяне на дадзеным этапе - больш арыгінальна, чым усё, што можна яшчэ прыдумаць.

“Варган” працуе на базе гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з 2011 года. Аснову рэпертуару складаюць беларускія традыцыйныя песні з розных гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі, але асаблівае месца займае спеўны матэрыял з  Беларускага Падзвіння, запісаны падчас этнаграфічных экспедыцый. Гурт прымае актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах  рэгіёна і рэспублікі,   годна прэзентуе свой горад і Беларусь на фестывалях за межамі краіны.

– Гэты калектыў наздвычай плённа працуе, і мы рады падтрымліваць яго ініцыятывы. Вельмі важна, каб традыцыі не парываліся, а моладзь працягвала вывучаць і папулярызаваць культурнае багацце нашай зямлі, – адзначыў дэкан гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс  Кандакоў.

Стваральніцай і кіраўніком гурта з’яўляецца дацэнт ПДУ, кандыдат біялагічных навук Вольга Емяльянчык. Беларускімі народнымі песнямі яна захапілася яшчэ ў дзяцінстве: у сям’і было прынята спяваць заўсёды, калі род збіраўся разам. Майстрамі ў гэтай справе былі прадзед, бабуля і яе сёстры, а на вяселлі бацькоў, якое  праходзіла па традыцыйных канонах, грала спецыяльна запрошаная вясковая «капэла».

Кіраўнік гурта “Варган” Вольга Емяльянчык: Наша мэта - стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца. Кожны, хто меў магчымасць паслухаць вясковых спевакоў і музыкантаў, мог адчуць вялікую жыццясцвярджальную сілу, якая сыходзіць ад гэтых людзей.  Для нас важна паспрабаваць наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання традыцыйнай музыкі, перадаць яе жывую энергетыку і даць ёй працяг у наступных пакаленнях.

Любімай справай Вольга Антонаўна (сама яна таксама валодае ўнікальным голасам) працягнула займацца і калі стала выкладчыцай універсітэта. Аднойчы, калі збіраліся на прыроду, прапанавала групе, дзе была куратарам, пагукаць вясну. Раздрукавала тэксты, вывучыла са студэнтамі адпаведныя песні. Маладым людзям настолькі спадабалася, што яны захацелі працягваць рэпетыцыі. Так з’явіўся “Варган”.

У назве калектыву адлюстравана назва старажытнага інструмента, шырока распаўсюджанага на тэрыторыі Беларусі ў эпоху Сярэднявечча. Яго не раз знаходзілі падчас раскопак старажытных гарадоў, у тым ліку ў  Полацку.

Вольга Емяльянчык лічыць варган своеасаблівым парталам, што адкрывае ўваход у гукавую стыхію мінулых стагоддзяў, дапамагае вандраваць у прасторы і часе.

 Адным з вынікаў такіх вандровак стаў запіс аўдыёальбома “Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны”, дзе ва ўсім харастве і разнастайнасці гучыць музычны голас роднай зямлі.

Тут сабраны валачобныя, купальскія, жніўныя, вясельныя, хрэсбінныя песні, прадстаўлены ўзоры ўнікальнага полацкага канона, рэканструкцыі перарванай традыцыі мужчынскіх рэкруцкіх спеваў, а таксама інструментальныя найгрышы на дудзе, ліры, цымбалах.

Прэзентацыя альбома сабрала поўную канцэртную залу ў Полацкім калегіуме, на базе якога працуе гуманітарны факультэт.

Публіка на ўра сустракала кожны выхад спевакоў. Галоўным сюрпрызам  стала выступленне 80-гадовай жыхаркі вёскі Шастова Полацкага раёна Алімпіяды Шчарбаковай. Менавіта ад яе запісвалі варганаўцы старажытныя песні, частку якіх можна пачуць на дыску. Моладзь працягнула сустрэчу вечарынай традыцыйных танцаў.

Фота Ларысы МАЛАШЭНИ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ