Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Конкурс харавога мастацтва, відэафорум і “Баян – батл – фэст”: у Браславе прайшоў фестываль “Браслаўскія зарніцы”

Традыцыйна Браслаў сустракаў лета фестывалем “Браслаўскія зарніцы”. Свята заўсёды было і застаецца любімым у жыхароў краю, а ў апошняе дзесяцігоддзе і шырока вядомым на міжнароднай культурнай арэне. На жаль, пандэмія ўнесла карэктывы ў геаграфію яго ўдзельнікаў. І калі сёлета “Зарніцы” не змаглі сабраць дзясяткі самадзейных калектываў з блізкага і далёкага замежжа, то свая родная Беларусь і яе сінявокая Віцебшчына былі прадстаўлены шырока. Даўнія ж сябры фестывалю з іншых краін даслалі свае прывітанні: хто цёплыя словы і пажаданні, хто кавалачак песні ці танца, якія хацеў, але не змог паказаць у Браславе. Сучасныя сродкі сувязі дазволілі правесці відэафорум “Мастацтва без межаў”, злучыць відэаролікі і рэальныя выступленні ўдзельнікаў “Зарніц”. Таму ўражанне ранейшай еднасці не пакідала непасрэдных удзельнікаў фестывалю.

А распачаўся ён “Браслаўскай харавой асамблеяй” – конкурсам харавога мастацтва сярод дзіцячых калектываў. У чацвёрты раз на сцэне раённага цэнтра культуры спаборнічалі паміж сабой маленькія спевакі. Кампетэнтнае журы на чале з загадчыкам харавога аддзялення, выкладчыкам харавых дысцыплін Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа Аляксандрам Суворавым ацэньвала выступленні: і як выйшлі, як трымаліся і, вядома, наколькі чыста спявалі. Таму інтрыга, каму ж дастанецца перамога, захоўвалася да канца конкурсу.

А на сцэне змянялі адзін аднаго ўзорныя хары з Глыбокага, Шуміліна, Ушач, Лепеля. У музычным суправаджэнні і акапэла галасістая дзятва выконвала песні роднай зямлі, творы айчынных і замежных аўтараў, размаўляла на адзінай універсальнай мове чалавецтва, якой з’яўляецца музыка.

– Выбраць лепшых з кола канкурсантаў, – скажа Аляксандр Сувораў, – было няпроста. Усе заслугоўваюць пахвалы, таму і меркаванні членаў журы часам разыходзіліся. Але па большасці галасоў пераможцам стаў хор Ушацкай школы мастацтваў. На другім месцы калектыў з Лепеля, на трэцім – з Шуміліна.

Затым эстафету конкурсу дзіцячыя калектывы перадалі дарослым харам. Цяпер ужо над векавымі соснамі і гладдзю возера загучалі велічныя і вясёлыя мелодыі. У кожнага з 19 калектываў, якія дэманстравалі прафесіяналізм харавых спеваў, былі свае гісторыя і рэпертуар, але ўсіх аб’яднала агульная папулярнасць у гледачоў. Тон задаў народны камерны хор Цэнтра культуры ”Віцебск“. Свае калектывы прыслалі Полацк і Наваполацк, Сянно і Шуміліна, Ула і Обаль, Лужкі і Руба, дамы культуры з Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Саперніцтва было вострым, журы прынцыповым. У выніку у намінацыі акадэмічных спеваў перамог народны камерны жаночы хор з Наваполацка, у народных спевах – народны ансамбль народнай песні “На панадворку” з Браслава. Гран-пры павёз дахаты народны ансамбль народнай песні “Дзівакі” з Асіповічаў.

Каб кожны, хто завітаў на фестываль, знайшоў для сябе цікавае, арганізатары “Браслаўскіх зарніц” насыцілі праграму самымі рознымі мерапрыемствамі. На працягу ўсяго фестывалю на цэнтральнай плошчы ў новай выставачнай зале працавала экспазіцыя, прысвечаная 635-годдзю Друі: па копіях гістарычных дакументаў, археалагічных знаходках, фотаздымках можна было прасачыць жыццё старажытнага паселішча. На пляцоўцы вулічнай бібліятэкі былі прадстаўлены тэматычныя выставы кніг. Для дзятвы арганізаваны атракцыёны, для людзей умелых і проста цікаўных праводзіліся майстар-класы.

Афіцыйнае адкрыццё свята было назначана на падвячорак. На цэнтральнай плошчы ў аб’яўлены час сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў Браслаўшчыны, шматлікія мастацкія калектывы, жыхары раёна. Яны дзівіліся на замак, які ўзняўся за адну ноч, на людзей у старажытнай вопратцы, што забаўляліся перад ім, на бойку, што разгарнулася паміж трыма маладымі князямі Брасам, Снудам і Новам, на тое, як Брас стаў правіць горадам, а пасля перадаў свае сімвалы ўлады (пячатку – сённяшняму кіраўніку раёна Аляксандру Баданіну, а герб – моладзі) і наказаў уладарыць мудра, клапаціцца пра дабрабыт краю. Браслаўчане і іх госці дружна апладзіравалі і князю, і старшыні райвыканкама, а потым усе разам скіраваліся ў лесапарк Леснічоўка – традыцыйнае месца масавых гулянняў браслаўчан.

– Наша творчасць і талент, натхнённы і моцны спеў табе, наша гасцінная Беларусь, – ад імя тысячагалосага хору казалі вядучыя. Яны ж, як лоцманы, вялі гледачоў праз увесь канцэрт, прадстаўляючы і расказваючы пра кожнага яго ўдзельніка, якія прыехалі ў Браслаў з розных абласцей краіны.

Не паспелі адгучаць песні, як грымнулі музыкі – у праграме сёлетніх зарніц быў і «Баян – батл – фэст». Сваё майстэрства і талент дарылі гледачам падчас канцэрта і конкурсу ўзорны аркестр баянаў і ансамбль лыжкароў Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, аркестр баянаў-акардэонаў і духавой музыкі Наваполацкага музычнага каледжа, саліст Магілёўскай абласной філармоніі Пётр Войчанка і іншыя.

А вечарам удзельнікі фестывалю перамясціліся ў сярэднявечча. На Замкавай гары паўстаў старажытны Браслаў з тагачасным побытам, рамёствамі, спевамі, танцамі і гульнямі. Шматлікія клубы гістарычнай рэканструкцыі прапаноўвалі павучыцца старажытным тэхналогіям ганчарства, ткацтва, гатавання ежы, дэманстравалі баі ваяроў… Тут можна было падзівіцца на тое, як нашы продкі здабывалі жывы агонь, які, як верылі, засцерагаў жыхароў паселішча ад хвароб і бяды.

Фэст “Меч Брачыслава” – адно з самых захапляючых дзействаў – відовішчных і пазнавальных і разам з тым багатых на сустрэчы з вядомымі майстрамі вобласці і краіны. Сёлета ў яго рамках было і знаёмства з маляванымі дыванамі і дзіцячай глінянай цацкай, тэхналогія вырабу якіх з’яўляецца нематэрыяльнай культурнай спадчынай беларусаў.

Да позняга вечара карагодзілі госці па гарадзішчы, пераходзячы ад аднаго клуба да другога. Але вось патухлі апошнія ачагі. Прыйшоў час адпачынку, бо такім жа насычаным абяцаў быць і другі дзень фестывалю.

З раніцы ў Леснічоўцы адчыніў дзверы “Браслаўскі фальварак”, дзе можна было ўбачыць работы майстроў клуба “Ля возера”, пачаставацца мясцовымі прысмакамі. Іказненскія гаспадыні, напрыклад, пяклі бліны, а слабодкаўскія школьнікі заварвалі гарбату на травах, якія яны вырошчваюць на прышкольным участку. Гасцям прапаноўвалі паўдзельнічаць у забавах: палавіць рыбку, пашукаць суджанага, памерацца сілай. Адным словам, за дзень на фальварак удзельнікі фестывалю вярталіся не раз, ад яго пераходзілі на пляцоўку, адкуль ішоў пах ежы. Ну якія “Зарніцы” без браслаўскай юшкі! Традыцыйна такі конкурс праходзіў паміж мясцовымі камандамі. Кожная мела свой рэцэпт. Адны гатавалі юшку ў тры этапы, мяняючы рыбу, другія макалі ў яе галавешку, трэція дабаўлялі кроплю-другую моцнага напою… Адным словам, у кожнай юшкі быў свой смак, які ацэньвала журы, а пасля і наведвальнікі імправізаванай кухні на прыродзе. Урэшце, каманды атрымалі шмат эмоцый і добры настрой, а гасцям прыйшлася даспадобы духмяная юшка і атмасфера мерапрыемства.

А на сцэнічнай пляцоўцы цякло свае жыццё. Другі дзень фестывалю быў аддадзены народным танцам. Пра ўдзел у конкурсе “Паазерскія тапаткі” заявілі 16 калектываў. Назва амаль кожнага пачыналася са слова “ўзорны”. Па гэтым ужо можна меркаваць пра майстэрства танцораў. Гледачам падабаліся ўсе. Але пальму першынства ўсе ж аддавалі тым, што былі з невялікіх населеных пунктаў, у прыватнасці, верхнядзвінскім “Лялькам”, якія ўразілі іскрамётнасцю, складанасцю і адточанасцю рухаў.

Два дні фестывальны Браслаў уяўляў сабой вялікую творчую пляцоўку, дзе кожны мог прадэманстраваць свае таленты на сцэне, на майстар-класах, гульнях і забавах. Фестываль адспяваў, адзвінеў, падарыў удзельнікам добры настрой і надзею на новыя сустрэчы.

Тамара ПАШКЕВІЧ, Аляксандр АЗЕРСКІ, фота аўтараў.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ