Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Лепельскага раёна можа папоўніцца асаблівым відам ткацтва. Пакуль жа ў гэтым рэестры толькі абрад «Жаніцьба Цярэшкі» і страва «Клёцкі з душамі».
Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору з выбарам вядомае на Лепельшчыне з ХІХ стагоддзя. Такім чынам тут ткуць «адзіяла накладанае».
– Гэта мясцовая назва. Посцілку выкарыстоўвалі як покрыва і як коўдру. Мабыць, таму і «адзіяла накладанае», што клалася на нешта. А мо таму, што рознакаляровы ўзор накладваецца на аснову – льняное палатно чорнага колеру, – паведаміла майстар па ткацтве Лепельскага Цэнтра рамёстваў Святлана Залатуха.
У лепельскіх «адзіял накладаных» існуе некалькі характэрных асаблівасцей. Яны могуць складацца з дзвюх полак, бо ў гэтай мясцовасці вузкія кросны, таму і тканіна атрымлівалася па 60 – 80 см. Гэтыя полкі сшываліся паміж сабой і маглі мець розны арнамент. Са сподняга боку посцілкі падшывалі якой-небудзь іншай тканінай, каб схаваць вузельчыкі, тасёмкі.
Сыравінай для вырабу ўзорных тканін служылі як ільняныя і ваўняныя ніткі дамашняга прадзення, так і пакупныя баваўняныя, змешаныя валокны разнастайных колераў.
Ажыўленне ткацкага рамяства прыйшлося на 20 – 30-я гады ХХ стагоддзя, калі разбураная ў гады Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў гаспадарка не магла забяспечыць насельніцтва неабходнымі таварамі. Ужо ў канцы 50-х амаль перасталі ткаць палатно для адзення, на першае месца выйшлі дэкаратыўныя вырабы – посцілкі, абрусы.
Супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў правялі вялікую экспедыцыйную работу, каб выявіць рэшткі тканых вырабаў таго часу, а затым зрабіць рэканструкцыю знойдзеных скарбаў.
– У экспедыцыі мы знайшлі адзінкавыя вырабы, і ў асноўным пасляваеннага часу, таму што падчас ліхалецця многае было згублена. Але бабулі захавалі майстэрства ткацтва і дэталі станкоў. Пасля вайны трэба было ў нешта апранаць сям'ю, дзяцей спавіваць, накрываць, і мясцовыя жыхары збіралі свае станкі, успаміналі ўсё, што ведалі, і ткалі, што ўмелі, – распавяла майстар па ткацтве Алена Камека.
Майстрыхі расказалі, што некаторыя фрагменты тканых вырабаў проста віселі на плоце, выкарыстоўваліся ў якасці пакрывала для каня, дворнікі на рознакаляровыя посцілкі зграбалі лісце.
– На жаль, цяперашняе пакаленне не разумее каштоўнасці гэтых вырабаў, з якой цяжкасцю яны даваліся, – адзначылі жанчыны. – Але некаторыя гаспадары беражліва захоўваюць спадчыну бабуль і даюць посцілкі толькі на некаторы час, каб мы знялі малюнак.
Спецыялісты Лепельскага Цэнтра рамёстваў ствараюць рэканструкцыі тканых рэчаў, якія з цягам часу згубілі эстэтычны выгляд, робяць уласныя творы на кроснах. Навучаюць усяму, што ведаюць самі, дзетак на гуртковых занятках, праводзяць майстар-класы.
Фота Алены АЛІМАВАЙ.