Пагадненне аб супрацоўніцтве, падпісанае два гады назад паміж калектывамі Браслаўскага аб’яднання музеяў і Краслаўскага гістарычнага і мастацкага музея напаўняецца канкрэтнымі мерапрыемствамі. Летась, напрыклад, латышскія навукоўцы бралі ўдзел у канферэнцыях “Браслаўскія чытанні”, “Музей і грамадства. Кропкі датыкнення”, а ў сябе прымалі выставу браслаўскай майстрыхі Наталлі Парахневіч “Колеры натхнення”. І гэты год пачалі з рэалізацыі сумесных праектаў. У лютым па запрашэнні сяброў з Латвіі дзве ўдзельніцы народнага клуба “Ля возера” Наталля Парахневіч і Ларыса Дарафейчык на працягу двух дзён праводзілі ў Краславе майстар-класы па ткацтве паясоў і лапікавым шыцці. Завіталі да іх больш за сто чалавек – члены “Акадэміі сіньёраў” і мясцовыя школьнікі.
Дырэктары музеяў Вальдэмар Гекіш і Вольга Антанёнак вітаюць прысутных
– Сустрэчы з беларусамі ў Латвіі і карэннымі жыхарамі былі напоўнены пазітывам,-- падзялілася ўражаннямі кіраўнік клуба Наталля Парахневіч.—Яны вучыліся ў нас, а мы – у іх. Цікава было ўсім.
А днямі ў Браслаў завітала дэлегацыя з Краславы. Згодна з дамоўленасцю музейшчыкі памежных тэрыторый разгарнулі ў гісторыка-краязнаўчым музеі сумесную выставу, якая распавядае пра знакаміты род Броэль-Плятараў, прадстаўнікі якога мелі ўладанні па два бакі Заходняй Дзвіны і пакінулі свой след у гісторыі некалькіх краін.
Работнікі краслаўскага і браслаўскага музеяў правялі экскурсію па экспазіцыі, расказалі прысутным шмат цікавых фактаў з жыцця графскага роду і, у прыватнасці, Эміліі Плятар.
Наступная сустрэча калегаў адбудзецца ў Краславе, дзе ў чэрвені пройдзе навукова-краязнаўчая канферэнцыя.
Прадстаўнікі краслаўскага музея ў адзенні ХVIII ст. праводзяць экскурсію па выставе
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.