Ад’язджаючы з міжнароднага фестывалю “Браслаўскія зарніцы”, кіраўнік эстонскага танцавальнага калектыву “Каарэкэ” Рыха Похла абяцаў арганізатарам свята народнай творчасці хутка вярнуцца і даць паўнацэнны канцэрт. Слова стрымаў. У суботу ў лесапарку “Леснічоўка” на новай канцэртнай пляцоўцы, абсталяванай да “Дажынак”, госці здзіўлялі сваім майстэрствам шматлікіх гледачоў. Усе танцы былі хуткімі, задорнымі, часта жартоўнымі.
Гледачы выклікалі кіраўніка на сцэну і папрасілі расказаць пра ”Каарэкэ”. І былі прыемна здзіўлены, што выступае перад імі самадзейны калектыў з невялікага населенага пункта з колькасцю жыхароў менш за 3 тысячы. У пасёлку Мар’ямаа танцуюць усе, сцвярджаў Рыха Похла, бо ў праграме пачатковай школы танцы абавязковы прадмет. А яшчэ сем творчых груп сфарміраваны з вучняў старэйшых класаў. У складзе “Каарэкэ” настаўнікі і вучні, пажарныя і будаўнікі.
– Нам падабаюцца Браслаў і яго людзі, – сказаў Рыха Похла. – У азёрным краі дадзім чатыры канцэрты для жыхароў аграгарадкоў. Дружба мацуецца, калі сябры лепш разумеюць адно аднаго.
Фота Тамары Пашкевіч.