У чарговы раз у Паставах сабраліся музыкі з розных гарадоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Удзел у фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік» прымаюць больш за трыста айчынных выканаўцаў, а таксама самадзейныя артысты з Расіі, Казахстана, Латвіі. Народную творчасць Кітая і Туркменістана прадстаўляюць студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. Праграма свята цікавая, насычаная на мерапрыемствы, сустрэчы, знаёмствы…
Фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» даўно стаў брэндам Пастаўшчыны. Ён беражэ, развівае і папулярызуе народную творчасць, перадае яе ў спадчыну будучым пакаленням і тым каштоўны для культурнага жыцця краіны. Сёлета ён прысвечаны Году міру і стварэння. Насычаны шматлікімі юбілейнымі датамі.
Першы дзень і пачаўся з шанавання славутай зямлячкі, паэтэсы Ніны Захарэвіч, якой споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння. У памяць пра яе ў выставачнай зале ў палацы Тызенгаўза ўрачыста адкрылі выставу «Светлая радасць душы», успомнілі зямлячку, якая прысвяціла шмат вершаў роднай зямлі. Многія з іх былі пакладзены на музыку і традыцыйна гучаць на свяце.
У рамках фестывалю пастаўчане адзначаюць 65-годдзе з дня заснавання Груздаўскага цымбальнага аркестра, дзякуючы якому на Пастаўшчыне і прапісаўся Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Арганізатары музычнага свята адвялі аркестру асобную старонку. Паказалі інструменты, расказалі гісторыю самадзейнага калектыву, традыцыі якога прадаўжаюць удзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорнага ансамбля «Паазер’е», дзякуючы якому толькі на Пастаўшчыне можна пачуць, як гучаць дыятанічныя цымбалы.
Сёлета спаўняецца і 290 гадоў з дня нараджэння былога гаспадара Пастаў — Антонія Тызенгаўза, які валодаў горадам у XVIII стагоддзі. На прыступках палаца Тызенгаўзаў з гэтай нагоды выступаюць навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якая носіць імя актыўнага грамадскага і палітычнага дзеяча.
25-годдзе дзейнасці адзначае і Дом рамёстваў. Кожнаму юбіляру знайшлося дастойнае месца ў праграме фестывалю.
Шматлікія калектывы і выканаўцаў сабраў папулярны конкурс «Хто каго?». На сцэне Дома культуры яны змянялі адзін аднаго, радуючы гледачоў майстэрствам валодання музычнымі інструментамі, голасам, ростам прафесіянальнага майстэрства і жаданнем узяць чарговую вышыню.
Пастаўшчына багатая на нематэрыяльныя здабыткі, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Тут іх налічваюць аж шэсць. Маляванкі народнага майстра Дома рамёстваў Вольгі Гукавай называюць брыльянтам традыцыйнага мастацтва, а папяровыя фіранкі, абклады на абразы з цікавымі сюжэтамі народнага майстра Таццяны Петух не пакідаюць раўнадушнымі ніводнага наведвальніка яе выставы. Гэтыя работы можна было пабачыць на выставах Дома рамёстваў, а клёцкі «з душамі» — пакаштаваць на аглядзе сельскіх падворкаў, якія падрыхтавалі прадстаўнікі кожнага сельсавета раёна.
Дарэчы, гэта яшчэ адна з відовішчных і прывабных частак фестывалю. Накрытыя сталы, спевы і жарты, якія гучаць на кожным панадворку, ды яшчэ гасціннасць іх гаспадароў прывабліваюць на плошчу многіх удзельнікаў свята. Сотні людзей карагодзяць ад пляцоўкі да пляцоўкі, слухаюць музыку і спевы, дзівяцца на работы майстроў-рамеснікаў, частуюцца, каб вечарам стаць удзельнікам урачыстага адкрыцця фестывалю, а затым – «Пастаўскага балю», які збярэ лепшых выступоўцаў у розных мастацкіх жанрах.
Адным словам, фестываль — гэта месца сустрэчы выканаўцаў народнай музыкі, дзеячаў культуры і мастацтва, сяброў і знаёмых, у жыцці якіх творчая дзейнасць і любоў да народнай музыкі займаюць значнае месца.
Фота Аляксандра АЗЕРСКАГА