Упершыню арганізатарам фестывалю беларускага слова, які з 3 па 7 снежня праходзіць у ВДУ імя П. Машэрава, разам з філалагічным факультэтам стала дэпутацкая група «Белая Русь» абласнога Савета дэпутатаў (пры ўдзеле прадстаўнікоў аналагічнай суполкі з Віцебскага гарсавета).
Мэтамі фестывалю з’яўляюцца папулярызацыя беларускай мовы і культуры сярод моладзі, прафарыентацыя. Яго ўдзельнікі – студэнты ўніверсітэта, у тым ліку з замежжа, выкладчыкі, а таксама вучні і настаўнікі школ абласнога цэнтра.
На ўрачыстым адкрыцці фестывалю іх віталі члены РГА «Белая Русь» – дырэктар віцебскай СШ №45, кіраўнік дэпутацкай групы «Белая Русь» аблсавета Таццяна Аўтухова, дэкан філфака, доктар педагагічных навук, прафесар і дэпутат аблсавета Сяргей Нікалаенка, першы прарэктар ВДУ, доктар эканамічных навук, прафесар, дэпутат гарсавета Валянціна Багатырова.
У праграме фестывалю – спектакль-калаж паводле камедыі Уладзіміра Бутрамеева «Новыя прыгоды Несцеркі», рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Навукова-метадычная думка на Беларусі», прысвечаная 100-годдзю «Беларускай граматыкі для школ» Браніслава Тарашкевіча, інтэлектуальная гульня «Збяры Беларусь у думках і сэрцы», выстава дэкаратыўных вырабаў «Свет нашых захапленняў» і іншыя цікавыя мерапрыемствы.
Міні-ўрок і майстар-клас сённяшнім і будучым калегам дала колішняя выпускніца ўніверсітэта, зараз настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай СШ №15 Наваполацка, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года – 2017» Святлана Румянцава.
Майстар-клас «Філфакаўцы ў коласаўцаў» быў прапанаваны мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Міхаілам Краснабаевым.
Народныя выбраннікі Віцебшчыны з ліку членаў РГА «Белая Русь» гатовы падтрымаць не толькі асветніцкія праекты ВДУ, які становіцца цэнтрам беларускасці ў вобласці. Аднайменная група ў абласным Савеце дэпутатаў хаця і створана не так даўно, але ўжо прыняла актыўны ўдзел у шэрагу прыкметных грамадскіх праектаў і акцый.
Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.