Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

У Полацку прайшоў рэспубліканскі дзіцяча-юнацкі форум «Скарынаўскія дні – 2019»

Адметныя культурна-асветніцкія ініцыятывы ўстаноў адукацыі Полацка набываюць рэзананс ва ўсіх рэгіёнах краіны і за яе межамі. Гэта засведчыў шосты рэспубліканскі дзіцяча-юнацкі форум «Скарынаўскія дні – 2019», што сабраў на радзіме славутага першадрукара каля 400 удзельнікаў з 60 гарадоў Беларусі, Латвіі, Германіі.

– У праекта вялікая будучыня, таму што ён цікавы і патрэбны моладзі, – адзначыла метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Рыма Бабашка. – Каб не стаць манкуртамі, не страціць гістарычных каранёў, мы павінны зберагаць памяць, шанаваць духоўныя каштоўнасці, і палачане сваімі справамі падаюць прыклад такой працы. Свята, што аб’ядноўвае нашчадкаў Скарыны, увесь час пашырае кола сяброў, удасканальваецца, знаходзіць новыя формы папулярызацыі багатай спадчыны нашага народа.

Сімвалічна, што ініцыятыва рэалізуецца ў Полацку, дзе закладваліся падмуркі беларускай гісторыі, культуры, асветы. Жыхары горада, як падкрэсліла намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Кузьменка, не толькі паказваюць прыклад шанавання мінулага, але і маюць чым падзяліцца з іншымі: гасціннасцю, прыязнасцю, працавітасцю, прафесіяналізмам педагогаў і творчымі здабыткамі моладзі, а таксама мудрасцю кіраўніцтва, якое шмат гадоў падтрымлівае гэты важны для ўсёй краіны праект.

Праграма форуму дазволіла школьнікам праявіць свае таленты ў самых розных накірунках. На “Скарынаўскай алімпіядзе” яны дэманстравалі веды па гісторыі, майстэрства дыспутаў і мастацкае чытанне вершаў. Інтэлектуальны турнір “Скарынаўскія гульні” стаў праверкай на эрудыцыю, кемлівасць, хуткасць мыслення. Конкурс відэаролікаў “Спадчына праз стагоддзі” раскрыў творчы патэнцыял праз выкарыстанне сучасных інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій. А краязнаўчы квэст КОД “7 ключоў” выпрабаваў на спрыт і пошукава-даследчыцкія навыкі.

Акрамя таго, маладыя лідары змаглі прайсці трэнінг па навучанні асновам парламентарызму, пазнаёміцца з рэтраспектыўнай мадэллю гісторыі адукацыі Полаччыны і абмеркаваць актуальныя пытанні сваёй дзейнасці за круглым сталом. Вечар сустрэчы сяброў “У саюзе” дазволіў школьнікам завесці новыя знаёмствы і выдатна адпачыць, у той час як кіраўнікі каманд наладзілі прадуктыўны “Дыялог у фармаце 3С: супрацоўніцтва, садружнасць, сатворчасць”.

Сёлета ўпершыню да “Скарынаўскіх дзён” далучыліся замежныя госці. Вучні гімназіі з нямецкага Флензбурга паспрабавалі свае сілы ў чытанні патрыятычных вершаў беларускіх аўтараў. А школьнікі з Латвіі і Літвы не толькі паўдзельнічалі ў інтэлектуальных спаборніцтвах, але і прэзентавалі ў Полацку арыгінальныя творчыя праекты – спектакль па матывах твора А. Пушкіна “Залаты пеўнік”, канцэртныя праграмы самабытных фальклорных і харэаграфічных калектываў.

Значна пашырылі ўдзел у форуме рэгіёны Віцебшчыны. Вучаніца СШ №21 Оршы Марына Плышэўская з гонарам павезла дадому спецыяльны прыз Полацкага гарвыканкама – планшэт – як абсалютная пераможца, якая набрала найбольшую колькасць балаў у конкурсе рытараў.

– Я не настройвала сябе на перамогу, а хацела пазнаёміцца з культурай старажытнага горада, атрымаць задавальненне ад удзелу ў конкурсах, цікавых сустрэч з новымі сябрамі. Можа, таму ўсё так удала і склалася – гэтыя дні ў Полацку падарылі сапраўды неверагодныя эмоцыі, – прызналася дзяўчына.

У лік пераможцаў конкурсных выпрабаванняў увайшлі таксама іншыя прадстаўнікі нашай вобласці – з Глыбокага, Шуміліна, Пастаў, Наваполацка, Віцебска. Але найбольшую колькасць узнагарод цалкам абгрунтавана атрымалі гаспадары свята.

 “Скарынаўскія дні ў Полацку” праводзяцца па ініцыятыве маладзёжнага парламента пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Фота Ларысы Малашэні


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ