Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Як Валянціна Садоўская з дапамогай іголкі і нітак стварае узор 3D-успрымання?

Дзесяць гадоў Падсвільская бібліятэка Глыбоцкага раёнаплённа рэалізуе праект «Бібліятэка — тэрыторыя творчасці». А для гэтага стварае ўмовы для раскрыцця творчых талентаў жыхароў пасёлка. Так, было адкрыта больш за 25 імёнаў землякоў, якія знайшлі сябе ў музыцы, літаратуры, мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. З работамі большасці з іх падсвільскія глыбачане і іх госці знаёмяцца на персанальных выставах, якія раз-пораз адкрываюцца ў храме кнігі.

– Арганізацыя персанальных выстаў стымулюе сталых майстроў да пошуку новага ў абраным накірунку, – упэўнена загадчыца бібліятэкі Святлана Яцкоўская. – А для пачынаючых гэта добры стымул стварэння якасных работ і ўменне прадставіць сябе і свае творы перад публікай. У гэтыя вясновыя дні выставачная прастора ўстановы перададзена адной з таленавітых жанчын – Валянціне Садоўскай (на фота). Гэта яе другая персанальная выстава, якая ўражвае акуратнасцю, тонкасцю работы майстрыхі, тым, як можна з дапамогай іголкі і нітак стварыць узор 3D-успрымання. 

Першыя ўрокі рукадзелля Валя атрымала ад матулі Ганны Мартынаўны. Доўгімі зімовымі вечарамі дзяўчынка сядзела каля яе і, затаіўшы дыханне, глядзела, як маці малявала ўзоры, падбірала ніткі па колеры, а затым вышывала кветкі на навалачках і ручніках, як белае палатно ўпрыгожвала дзіўнымі ўзорамі.

Пасля школы Валянціна выйшла замуж, нарадзіла сына і дачушку. У пару дэфіцыту апранала іх у прыгожыя сукенкі, кашулі. Сям’ю ратавала ўменне жанчыны краіць і шыць вопратку, эканоміць час і грошы на пошук і набыццё патрэбнага адзення. Дамашняе атэлье пачынала работу па вечарах і выхадных. А днём Валянціна шчыравала ў бухгалтэрыі, у справа-здачныя перыяды затрымлівалася на працы дапазна. Час праляцеў – не прыкмеціла. Павырасталі дзеці і ўнукі, у іх цяпер сваё жыццё і свае інтарэсы. У Валянціны Венядзіктаўны з’явілася шмат вольнага часу, і яна занялася вышываннем.

Першыя карціны вышывала на адным дыханні, не адчуваючы часу і стомы. Горныя пейзажы, зялёныя лужкі, букеты кветак, дзяўчаты ў нацыянальным убранні, матылькі ў фармаце 3D. Усё, да чаго ляжала душа, майстрыха пераводзіла ў каляровыя ўзоры з нітак. Унучкам Марце і Іне бабуля вышыла на памяць ручнікі. Таксама Валянціна зрабіла некалькі ікон з бісеру. Час ад часу займаецца бісерапляценнем. Але перавагу аддае вышыванню. Яе работы шмат разоў выстаўляліся ў экспазіцыях зборных тэматычных выстаў як у пасёлку, так і ў раёне, на Вішнёвым фестывалі ў Глыбокім, «Славянскім базары ў Віцебску» ў афармленні Падсвільскага падворка, на выставах свята «Падсвільскі Світанак».

У захапленні ад работ майстрыхі і родныя, і сяброўкі. Дзівяцца толькі, калі яна паспявае і гаспадарку даглядаць, і агарод у парадку трымаць, і кветкі садзіць, і быць удзельніцай ансамбля «Весялушкі», які працуе пры Падсвільскім цэнтры культуры.

Фота дадзена Падсвільскай бібліятэкай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ