Камісія з прадстаўнікоў грамадскасці аб’ехала практычна ўсе вёскі, якіх больш за 20, агледзела прысядзібныя ўчасткі і вызначыла найлепшых гаспадароў па ўтрыманні прыдамавых тэрыторый. Шыльду «Дом узорнага парадку» заслужылі жыхары населенага пункта Чыгуначная Казарма, у якім тры гаспадары. Ля іх дома парадак ідэальны. Яго ў асноўным падтрымлівае старэйшая жыхарка Марыя Каштальян. Нягледзячы на паважаны ўзрост, кожны год высаджвае шмат кветак, даглядае іх. Маладзейшыя – памочнікі ў фізічна больш цяжкіх клопатах.
– За год зроблена многа, – расказаў старшыня сельвыканкама Павел Скрыдлеўскі. – Сельвыканкам разам са старэйшынамі і неабыякавымі жыхарамі клапоціцца пра парадак на 10 грамадзянскіх могілках. Рэгулярна праводзім на іх суботнікі, ачышчаем ад пустазелля, кустоўя. Штогод абнаўляем абеліскі загінулым землякам у Хацілах і Ярэве. Каля пагранічнай заставы «Ярэва» заклалі сад у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі, дзе з часам будзе сквер. Сочым за парадкам каля адміністрацыйных будынкаў сельвыканкама і ААТ «Ярэва-Агра», высаджваем кветкі, маладыя дрэўцы. Сёлета спілавалі пяць старых аварыйных. Як і ў іншых, фінансавых сродкаў на добраўпарадкаванне ў бюджэце сельсавета небагата, таму ўсё робіцца на добраахвотнай аснове, з дапамогай шэфскіх арганізацый і насельніцтва. Акрамя таго, калі хтосьці ігнаруе агульныя правілы сумеснага пражывання, выдаём прадпісанні. Такіх было сёлета 23.
Фота з адкрытых крыніц.