Рэспубліканскую вядомасць аграгарадок Кардон Шумілінскага раёна атрымаў у 2016 годзе, калі на беразе Заходняй Дзвіны былі выяўлены гарадзішча і селішча ІХ — Х стст.
З той пары ў мясцовых жыхароў з’явілася важкая дадатковая падстава для гонару за сваю малую радзіму, дзе калісьці праходзіў шлях «з вараг у грэкі». А само старадаўняе паселішча на працягу як мінімум двух стагоддзяў было важным лагістычным цэнтрам па продажы футра, пянькі, мёду, воску і іншых тавараў. Навукоўцы сцвярджаюць, што ў развіццё паселішча свой унёсак зрабілі вікінгі, хтосьці з іх заставаўся на пастаяннае месца жыхарства.
Таямніцы гарадзішча
У поле зроку археолагаў Кардон трапіў годам раней, калі на сайтах чорных капальнікаў пачалі з’яўляцца артэфакты, знойдзеныя на Шуміліншчыне. Трэба адзначыць, што пра існаванне старадаўняга гарадзішча каля Кардону было вядома з 1934 года, але ў савецкія часы не бачылі перспектыў у яго вывучэнні.
Толькі за першы сезон раскопак экспедыцыя пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук прафесара Вольгі Ляўко выявіла каля 600 артэфактаў. Сярод іх вялікая колькасць манетнага срэбра, якое выкарыстоўвалася для ўзважвання тавараў, бранзалеты, гузікі, крыжык скандынаўскага тыпу, усходнія бусіны. Знойдзены сляды ювелірнай майстэрні – тыглі, у якіх плавіўся метал, і развал спецыяльнай печы. Зямля адкрыла і больш за пяць дзясяткаў старадаўніх манет (50 арабскіх дырхемаў і тры рымскія сярэбраныя манеты ІІІ – V ст.). Раскопкі праводзіліся і ў наступныя гады. Апроч археолагаў, у іх бралі ўдзел студэнты БДУ і ВДУ, вучні Кардонскай школы.
Па значнасці і перыяду часу, да якога адносіцца комплекс, гэта адзін з важнейшых помнікаў археалогіі ва Усходняй Еўропе. Сярод падобных – Гнёздава на Смаленшчыне і Шаставіца пад украінскім Чарнігавам. Па выніках раскопак кандыдат гістарычных навук Таццяна Бубенька сцвярджала, што атрыманныя артэфакты даказваюць: менавіта Віцебскае Паддзвінне грала галоўную ролю ў фарміраванні сувязі поўначы і поўдня на шляху «з вараг у грэкі». У той час паміж рэкамі Ушача і Ула размяшчалася ядро тэрыторыі полацкіх крывічоў. Кардонскія знаходкі дазволілі сцвярджаць, што менавіта тут, а не ў Смаленскім Падняпроўі, былі ўстаноўлены шырокія і больш раннія сувязі з паўднёвымі і паўночнымі суседзямі. І толькі пасля ўзмацнення Полацка і ўзяцця ім пад кантроль дзвінскага адрэзка гандлёвага шляху быў адзначаны рух варагаў з боку Наўгародчыны на Смаленшчыну і далей у паўднёвым напрамку.
Агульныя святы вернікаў
Чаму менавіта так некалі назвалі вёску, няма пэўнага адказу. Малаверагодна, што сюды больш за тысячу гадоў таму трапіла французскае слова «кардон», якое перакладаецца як шнур. Але ўсё можа быць. Гэтае слова мае некалькі значэнняў – выцягнутае размяшчэнне войскаў невялікімі атрадамі, вартавы рубеж, граніца. Зрэшты сама вёска расцягнута своеасаблівым ланцугом уздоўж Дзвіны больш чым на 2 км.
Па словах старшыні Нікалаеўскага сельсавета Уладзіміра Сядлоўскага, Кардон з’яўляецца цэнтральнай сядзібай сельгас-прадпрыемства «Ульскі». Тут пастаянна пражывае 253 чалавекі, летам насельніцтва значна папаўняецца дачнікамі. У вёсцы ёсць школа, магазін, пошта, клуб, бібліятэка.
Большасць жыхароў – каталікі. Але шмат змешаных сем’яў, дзе асноўныя рэлігійныя святы адзначаюць па каталіцкім і праваслаўным календары. Дваццаць гадоў таму ў пустуючым доме вернікі абсталявалі капліцу: уласнаручна перакрылі дах, пафарбавалі сцены, абшалявалі знутры. Збіраюцца тут галоўным чынам па нядзелях. Адказная за парадак – Зоя Булах, яна складае графік дзяжурстваў па ўборцы памяшкання і збірае грошы, калі трэба купіць неабходныя рэчы. Па вялікіх святах вернікі наведваюць касцёл у Уле Бешанковіцкага раёна, які знаходзіцца на супрацьлеглым беразе ракі.
У аграгарадку пяць вуліц: Школьная, Прыдзвінская, Кардонская, Камачынская, цэнтральнай з’яўляецца вуліца Вінера.
Памяць сэрца
У Кардоне ёсць абеліск у гонар воінаў-вызваліцеляў і брацкая магіла. У ёй пахаваны 176 радавых, сяржантаў і афіцэраў, якія загінулі пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны. Сярод іх і 22-гадовы ўраджэнец украінскага Херсона Леанід Вінер. Старшы сяржант камандаваў аддзяленнем аўтаматчыкаў. Разам з падначаленымі 24 чэрвеня
1944-га ён пераправіўся на левы бераг ракі і ўступіў у бой з праціўнікам. За праяўленую мужнасць Леанід Вінер пасмяротна ўдастоены звання Герой Савецкага Саюза.
На працягу многіх дзеся-цігоддзяў на 9 Мая ў Кардоне арганізоўваецца шэсце да памятных месцаў. Раней яго ўзначальвалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, цяпер ужо нікога няма ў жывых. Сорак партрэтаў землякоў-франтавікоў на чале калоны нясуць школьнікі.
Радзіма бліжэй
Ганна Міляк пасля заканчэння Кардонскай сярэдняй школы разам з сяброўкай-аднакласніцай атрымала накіраванне ў Магілёўскі педінстытут. Вярнулася на малую радзіму маладым спецыялістам і з 1996 года працуе настаўніцай пачатковых класаў. За гэты час не адно пакаленне юных кардонцаў і жыхароў навакольных вёсак першыя веды атрымалі ад Ганны Іосіфаўны. Яна не ўяўляе, што магла б жыць у іншым месцы і характэрызуе землякоў як працавітых і добрых людзей.
За сенам у дэльту Ілаўца
Старэйшына Кардона Леангіна Барысевіч нарадзілася ў суседніх Сутоках. Дарэчы, яна даводзіцца стрыечнай сястрой былому супрацоўніку газеты «Віцебскі рабочы» Алегу Салтуку. Вядомага прыдзвінскага паэта, які ў свой час узначальваў Віцебскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, даўно няма сярод нас.
Леангіна Казіміраўна і яе муж Віктар Іосіфавіч выгадавалі траіх дзяцей, пабудавалі вялікі па мерках Кардона дом, трымалі ладную гаспадарку, у тым ліку 45 калод пчол. Сем гадоў таму Леангіна Барысевіч аўдавела, пасеку прыйшлося скараціць амаль удвая.
Жанчына згадвае, што, калі нарыхтоўвалі сена на месцы зліцця ручая Ілавец і Заходняй Дзвіны, заўсёды звяртала ўвагу на прыгожую дэльту са стромкімі берагамі. І, як аказалася, нездарма. Высокую гару і дастаткова вялікую бухту, створаную воднымі аб’ектамі, людзі аблюбавалі больш за тысячу гадоў таму.
Страчаная магчымасць
Экскурсію да старажытнага гарадзішча для нас правёў настаўнік геаграфіі Аляксей Барысевіч. Пакуль ішлі, ён рассказаў, што з пабудовай плаціны Полацкай ГЭС вада ў рацэ значна паднялася, глыбіня дасягае 9 м. З’явіўся судак, размножыўся сом. Па выхадных у акваторыі шмат рыбакоў з Мінска, Віцебска, Полацка.
Жыхарам Кардона надоўга запомніцца канец чэрвеня 2021 года, калі вёска аказалася ў эпіцэнтры ўрагана, які трушчыў дрэвы, падымаў і перакідваў на суседнія агароды парнікі з полікарбанату. Асабліва хапіла лесу: сосны і елкі завалілі асфальтаваную дарогу да Нікалаева, што ні праехаць, ні прайсці. Адзін чалавек ішоў туды на працу, адлегласць у 2 км адолеў за дзве гадзіны.
… Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што вусце Ілаўца са старажытным гарадзішчам знаходзіцца на ўскрайку вёскі Ілава (відавочна, назва ад вод-най артэрыі), дзе цяпер жывуць шэсць чалавек. Дарэчы, тут у 1938 годзе нарадзіўся Аляксандр Дубко – былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама, Герой Сацыялістычнай Працы (1982), Герой Беларусі (2001, пасмяротна).
Стоячы на гарадзішчы і разглядаючы маляўнічы ландшафт, разумееш, што па нейкіх прычынах вёска Ілава страціла магчымасць вырасці да маштабу горада і зараз быць, напрыклад, шматтысячным Ілаўскам. Як размешчаны на Віцьбе Віцебск ці на Палаце – Полацк.
Фота Сяргея КАВАЛЕЎСКАГА.