Галіна Тушкіна, якая працуе настаўніцай у Бігосаўскай школе Верхнядзвінскага раёна, піша свае карціны не пэндзалем і фарбамі, а бяростай і клеем.
Першы раз я іх пабачыла ў райвыканкаме, пазней – на «Славянскім базары», як і іншыя, падоўгу ўглядалася ў пейзажы, хацела нават знайсці які дэфект – нельга ж так дакладна перадаць карой дрэва фарбы і адценні, якімі багата прырода, дапасаваць кавалачкі адзін да аднаго так, каб не было бачна злучэнняў. І, не знайшоўшы, думала: дзіва дзіўнае, якім жа дарам бачыць і перадаваць прыгажосць свету надзяліў жанчыну Усявышні.
– Лёс падкажа дарогу, калі не будзеш глухі і пачуеш яго падказкі, – гаворыць Галіна Віктараўна. – Маці працавала настаўніцай, але мне настойліва раіла паступаць у медыцынскі. Адпраўляючыся ў абласную сталіцу на экзамены тады яшчэ ў медінстытут, ні яна, ні я не ведалі, што ўсё складзецца па-іншаму. У дарозе пазнаёмілася з дзяўчынай, якая ехала таксама паступаць, толькі ў педагагічны інстытут. Яна ўвесь час штосьці малявала ў сваім сшытку, пацікавілася і ў мяне, ці ўмею трымаць аловак. Я дастала свой сшытак і накідала партрэт дзяўчыны. Яе рэакцыя была нечаканай: «Не туды ты едзеш паступаць, табе трэба на мастацка-графічны факультэт са мной». Я і паслухалася.
Так лёс павёў дзяўчыну па дарозе творчасці. Аказалася, ёй лёгка даваліся самыя розныя рамёствы. Асвоіла ганчарства, макрамэ, саломапляценне… А гадоў сем назад прыйшло захапленне бяростай.
– Пайшла па грыбы, – успамінае той дзень, калі перажыла азарэнне, Галіна Тушкіна. – У нейкі момант за падгніўшы сук і вялізны кавалак кары, што адлупіўся ад яго, «зачапіліся» не ногі, а вочы. Бяросту падняла, пакруціла ў руках, паспрабавала разламаць і нечакана для сябе адкрыла, што яна не ламаецца, а расслаіваецца на танюсенькія палоскі. Кожная мела свой колер – ад цёмна-фіялетавага да нябесна-блакітнага. У галаве ўзнікла ідэя, як можна выкарыстаць гэты прыродны матэрыял.
Рэдка здараюцца дні, калі Галіна Віктараўна не садзіцца за рабочы стол. Бяросты з мужам назапашваюць многа. Метадам спроб і памылак навучыліся яе захоўваць так, каб не губляла пластычнасці. Ведаюць, дзе ўзяць патрэбную па колеры. На балоце, кажа, ён адзін, на сонцы – другі, браць можна толькі тады, калі спыняецца рух соку.
– Ведаю 72 адценні бяросты, таму прастор для фантазіі не абмежаваны, дазваляе перадаць фарбы прыроды ва ўсе часы года, – падкрэслівае майстрыца.
– Дзе бераце столькі сюжэтаў? – цікаўлюся ў Галіны Віктараўны.
– У прыродзе, – чую адказ. – Наша беларуская настолькі прыгожая, што шукаць сюжэт не даводзіцца. Выйдзеш за ваколіцу – і рабі эскіз. Так, спачатку на аснову наношу контуры будучай карціны, а пасля наклейваю бяросту. Больш складана ў такой тэхналогіі, калі патрэбны дакладныя лініі, маляваць храмы. Але дапамагае навык.
Фота з адкрытых крыніц.