Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Каталікі Віцебшчыны рыхтуюцца адзначыць Вялікдзень 5 красавіка

Напярэдадні светлага свята Вялікадня адбылася традыцыйная сустрэча з журналістамі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

Каталіцкі іерарх перадусім нагадаў прысутным, што Уваскрэсенне - найвялікшая падзея для хрысціян. Гэта час, калі кожны мусіць абудзіць у сабе веру, звярнуцца да каранёў, зрабіць крок насустрач Богу. Бо хрысціянства - той падмурак, на якім мы павінны будаваць жыццё.

Пасхальны Трыдуум пачаўся з Вялікага Чацвярга, калі мы ўзгадвалі Вячэру Пана, устанаўленне сакрамантаў святарства і Эўхарыстыі. У Вялікую Пятніцу перажылі Хрыстовы пакуты і смерць на крыжы. Сёння час, калі ў цішыні молімся ля сімвалічнай магілы Божага Сына, чакаючы яго Уваскрэсення, якое пачнем святкаваць увечары Пасхальнай Вігіліяй і працягнем у Велікодную Нядзелю.

Біскуп падкрэсліў, што важна не толькі, як кажуць, “мець Бога ў сэрцы”, але і ўдзельнічаць у касцёльных службах для ўзмацнення веры, атрымання надзвычайнай ласкі, а яна набліжае нас да найважнейшых спраў нашага жыцця. Гэта дапамагае ачысціць душы, зразумець сапраўдную любоў і прабачэнне, чаго так нестае сёння ў грамадстве.

Апрача надыходзячага свята былі закрануты і іншыя пытанні, што датычаць жыцця касцёла, найбліжэйшыя падзеі, якія адбудуцца на Віцебшчыне. У прыватнасці, 16 мая ў абласной філармоніі каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Карытас” будзе святкаваць сваё 15-годдзе (напярэдадні Вялікадня яна правяла мерапрыемствы па аказанні дапамогі тым, каму яна патрэбна: сустрэчы ў шпіталях, інтэрнатах, дзіцячых дамах і г. д.). З 21 па 23 мая ў абласным цэнтры адбудзецца чарговая міжнародная медычная канферэнцыя. 6 чэрвеня па вуліцах Віцебска традыцыйна пройдзе працэсія Божага Цела, за дазвол на якую біскуп выказаў асаблівую падзяку уладам горада і вобласці. 4 ліпеня - урачыстасць Маці Божай Будслаўскай. На яе штогод прыбываюць тысячы пілігрымаў з розных куткоў прыдзвінскага краю. 29 ліпеня пройдзе спатканне моладзі дыяцэзіі, якое таксама ўжо стала традыцыйным. Юнакі і дзяўчаты на такіх духоўных сустрэчах атрымліваюць добрую магчымасць умацаваць сваю супольную веру. 8 жніўня ў Росіцы адбудзецца ўрачыстасць блаславёных пакутнікаў-ксяндзоў Ляшчэвіча і Кашыры, якія былі спалены фашыстамі разам з жыхарамі вёскі ў час Другой сусветнай вайны. А 22 жніўня вернікі з усёй Беларусі наведаюць Браслаў, каб ушанаваць цудадзейны абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Акрамя вышэйзгаданых падзей, запланавана шмат мерапрыемстваў рэгіянальнага ўзроўню. Сам біскуп Алег мяркуе наведаць як мага больш парафій з пастырскімі візітамі, каб удзяліць вернікам сакрамант бежмавання.

У сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце кіраўніку дыяцэзіі задалі пытанне аб узаемадзеянні з іншымі рэлігійнымі суполкамі, у прыватнасці, з мусульманскімі. Ён нагадаў, што Папа Рымскі Францішак выказвае занепакоенасць недаўнімі праявамі тэрору, сустракаецца з прадстаўнікамі розных веравызнанняў. Што тычыцца Віцебшчыны і наогул Беларусі, у нас, дзякаваць Богу, такіх канфліктаў не здараецца. Тым больш паўсюдна сустракаюцца сем’і, члены якіх належаць да розных канфесій і паважаюць пачуцці адно аднаго. Верыцца, што і свята Вялікадня стане чарговай нагодай замацаваць рэлігійны мір і супакой на нашай талерантнай зямлі.

Фота Алеся Бынькова


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ