Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Сялянская праца не аддзячыць, калі не адчуе поўнай аддачы, перакананы Таццяна і Сяргей Аўсеенкі з Верхнядзвінскага раёна

Нялёгкая сялянская праца не аддзячыць, калі не адчуе поўнай аддачы ад таго, хто за яе ўзяўся. У гэтым на ўласным вопыце пераканаліся Таццяна і Сяргей Аўсеенкі з вёскі Нурава Верхнядзвінскага раёна.

У Аўсеенкаў уласнае падвор’е не надта вялікае. Крыху больш за пяць гектараў зямлі, сем дойных кароў, чатыры цялушкі, індыкі ды куры.

– Але менавіта з гэтага падвор’я здаюць самую вялікую колькасць малака ў раёне. У дзень – да 300 літраў, за леташні год гаспадары прадалі больш за 82 тоны, – удакладніла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Козел. – Некалькі год таму менавіта пад іх перагледзелі сыравінныя зоны малаказборшчыкаў, не раз заахвоцілі сям’ю маральна і матэрыяльна за такі важкі ўклад у выкананне агульнадзяржаўнай харчовай праграмы.

Аўсеенкі – патомныя хлебаробы. Імі былі іх дзяды і бацькі, сельскагаспадарчыя прафесіі выбралі і яны. Таццяна па накіраванні калгаса вывучылася ў Полацкім тэхнікуме на бухгалтара. Сяргей стаў інжынерам. Лёс звёў разам людзей працавітых, упартых у дасягненні мэты.

Ірына Козел расказала пра адзін з цяжкіх перыядаў у жыцці гэтай сям’і, пра які ведае ад самой Таццяны. Выйсце з яе Аўсеенкі маглі знайсці лёгка, распрадаўшы частку хатняй жывёлы. Толькі гаспадары не пайшлі на гэта. Тужэй зацягнулі паясы і стаўку зрабілі не на збыт, а на развіццё падвор’я, павелічэнне продажу ўласнай прадукцыі. І, як паказаў час, не пралічыліся.

– Чалавек павінен многае ўмець, вучыцца ўсё жыццё, – кажа Таццяна Сямёнаўна. – Гэта я зразумела яшчэ ў маладосці, як і тое, што поспеху дабіваецца чалавек працавіты і актыўны. Таму да бухгалтара атрымала спецыяльнасці повара і асемянатара жывёлы. Такі ж дапытлівы і Сяргей. Вырас у сялянскай сям’і, да працы быў прывучаны з дзяцінства. Шчыра працаваў у калгасе, за што мае 37 грамат і Падзяку Прэзідэнта Беларусі. Не разгубіўся, калі трапіў у аварыю і не змог хутка вярнуцца на афіцыйную працу. Рабіў тое, што было па сіле ля дома, непрыкметна развіваючы ўласную гаспадарку.

З года ў год Аўсеенкі павялічвалі пагалоўе кароў, стараліся, каб былі яны высокаўдойнымі, давалі ў дзень не менш за 40 літраў малака. Пашы для жывёлы хапае. На зіму кармы нарыхтоўваюць з дапамогай тэхнікі. Ва ўласным машынна-трактарным парку «Хундай», УАЗ, падораны былым старшынёй калгаса, чатыры веласіпеды, трактар МТЗ-50, збожжаўборачны камбайн, сеялка і саджалка, капалка, касілка, сенаразбівалка, прэс-падборшчык.

– Наша асабістая гаспадарка ў асноўным трымаецца на мужы, – гаворыць Таццяна Сямёнаўна. Праўда, і сама спяшалася на абедзенную дойку. Хоць, пахвалілася, мае даільны апарат, але прадоўжыць размову абяцала толькі праз некалькі гадзін.

Пазней у Таццяны пацікавілася, ці ёсць праблемы са здачай малака, разлікамі за яго.

– Не, – пачула ў адказ. – Малаказборшчык Уладзіслаў Малаток чала­век адказны. Забірае малако па графіку, тлустасць правярае рэгулярна і непаразуменняў паміж намі не ўзнікае. За малако завод разлічваецца рэгулярна. Сума збіраецца больш важкая, чым мой заробак у культуры.

Таццяна Аўсеенка загадвае мясцовым клубам. Дарэчы, і на гэтай пасадзе ў райвыканкаме яе хваляць за ініцыятыўнасць і творчасць. У апошні час, напрыклад, вучыла дзятву лепцы з салёнага цеста. У фае ўстановы культуры з іх работ утварылася вялікая выстава. Пазнаёміцца з ёй верхнядзвінцы змогуць на свяце «Жнівеньскія Спасы». Ведаюць у раёне і самадзейных артыстаў з Нурава, якія заўсёды вызначаюцца ў канцэртных праграмах на раённай сцэне.

Аўсеенкі, сапраўды, людзі спраўныя, у сям’і дружныя, сябры надзейныя, бацькі любячыя. З гэтай нагоды запытала ў Таццяны Сямёнаўны, ці не дачцэ пасаг збіраюць.

– І ён патрэбны, – адказала маці. – Але няхай перш адвучыцца, бо заканчвае толькі трэці курс медуніверсітэта. Наперадзе яшчэ чатыры гады вучобы і першага прафесіянальнага станаўлення. Спадзяёмся, што будзе добрым спецыялістам і прадаўжэннем яшчэ адной сямейнай дынастыі медыкаў. А мы будзем жыць на сваёй зямлі, якая дае нам здароўе і сілу.

 Фота Ларысы Зайцавай.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ