Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Зялёны сшытак Фрузы Вінаградавай: як настаўніца захавала імёны 1447 воінаў Вялікай Айчыннай вайны

Сорак год назад шляхі завялі маладога журналіста ў вёску Пагосцішча ў Лёзненскім раёне да Фрузы Васільеўны. Так з’явіўся ў абласной газеце «Віцебскі рабочы» артыкул «Скарб школьнага сшытка», які, дарэчы, быў вылучаны на абласным творчым конкурсе «У баях Радзіму адстаялі» — заняўганаровае другое месца. Пазней гэты артыкул увайшоў у гісторыка-дакументальную хроніку Лёзненскага раёна «Памяць».

Асоба настаўніцы Фрузы Ва­сільеўны пакінула ў маёй памяці значны след на ўсё жыццё, бо справа яе жыве і будзе жыць у стагоддзях.

З двума малымі сынамі на руках і старэнькімі бацькамі яна перажыла нямецка-фашыстскую акупацыю, трымала сувязь з партызанамі. А калі родны край вызвалілі ад карнікаў і фронт пайшоў далей на захад, убачыла, што ўсё наваколле быццам ператварылася ў адзіны пагост – вакол сотні, тысячы загінуўшых герояў, якія знайшлі свой апошні прытулак на брацкіх могілках ля вёскі Пагосцішча.

У сучаснай мове слова «пагост» часцей за ўсё ўжываецца ў значэнні «могілкі», але гістарычна яно мела больш шырокае значэнне. Пагост – гэта не проста могілкі, гэта цэлы свет, вытканы з веры, жыцця і памяці.

Фруза Вінаградава перапісвала імёны пахаваных салдат у школьны сшытак, стварыла сістэму нумарацыі пахаванняў. 1447 воінаў Вялікай Айчыннай, з іх – 527 невядомых. Яе зялёны сшытак ператварыўся ў своеасаблівы пантэон памяці, бо складзеныя спісы і дагэтуль запатрабаваны нашчадкамі загінуўшых не толькі ў нашай краіне, але і ў далёкім замежжы.

Жывыя і мёртвыя 

Дзявяць доўгіх месяцаў, з восені 1943-га да лета 1944-га, праходзіў фронт пад Віцебскам, праз Лёзненскі раён. Лёзна было вызвалена ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў 10 кастрычніка 1943 года. А пасля пачалося зацяжное супрацьстаянне, якое суправаджалася кровапралітнымі баявымі дзеяннямі і шматлікімі стратамі асабістага складу воінскіх злучэнняў. На віцебскім напрамку наступалі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем генерал-палкоўніка Івана Баграмяна. Наступленне ўскладнялася шматлікімі добра ўмацаванымі траншэямі праціўніка. З успамінаў ветэранаў: «Гітлераўцы шалёна адбіваліся, подступы да сваіх апорных пунктаў усеялі мінамі, аблыталі калючым дротам. Лінія абароны ў раёне Крынак праходзіла ў нявыгадных для нас умовах. У фашыстаў знаходзіліся пануючыя вышыні: днём яны бачылі ўсё, што адбывалася ў размяшчэнні нашых войск».

У нашых вайсках адчувалася вялікая фізічная стомленасць. Пасля некаторых аперацый склад батальёна па колькасці часам адпавядаў складу роты. У сярэдзіне снежня 1943-га дывізія прарвала ўмацаваную абарону гітлераўцаў на поўнач ад Крынак і пасля цяжкіх баёў прасунулася на некалькі кіламетраў у напрамку Віцебска. У студзені пачалося наступленне ў бок Дыманова з тым, каб авалодаць аўтадарогай Орша – Віцебск. Плацдарм быў паглыблены і пашыраны. Пад Пагосцішчам стаяла батарэя гармат на прамой наводцы.

Канчаткова і цалкам Лёзненскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ходзе Беларускай наступальнай аперацыі толькі ў чэрвені 1944 года.

Радзіма-маці кліча 

Здаецца, у асобе сціплай на­стаўніцы Фрузы Вінаградавай увасобіліся тыповыя рысы жанчыны-патрыёта, жанчыны-маці, якая з’яўляецца прыкладам служэння сваёй Радзіме.

Да вайны яна з мужам Іванам Калі­ніным працавалі ў Пагос­цішчанскай школе, ён быў дырэктарам, яна выкладала біялогію. У сям’і нарадзіліся два сыны. Вайна выбухам разбіла сямейнае шчасце. Іван адразу пайшоў на фронт добраахвотнікам. Іх вучні падаліся ў партызаны ў Хацімлянскі лес. Фруза Васільеўна трымала сувязь з партызанамі праз свайго вучня Андрэя Сыркіна. Ад яе ён прыносіў у атрад новыя звесткі пра ворага, бялізну для маскіровачных халатаў у снежную зіму. Пасля вайны настаўніца напісала артыкул для раённай газеты, у якім цёпла ўзгадвала сям’ю Сыркіных. Разам з іншымі вучнямі вясковай школы Андрэем Клімавым, Максімам Чэбавым, Валянцінам і Пятром Македонавымі, Соф’яй Шапуровай, Яўгенам Прастаковым Андрэй Сыркін змагаўся з нямецка-фашыстскімі захопнікамі, не даючы ім спакою на акупіраванай зямлі. Загінуў Андрэй ад здрадніка-паліцая. Гітлераўцы ўчынілі расправу і над яго братам Рыгорам Сыркіным, які дапамагаў партызанам. У партызанскіх атрадах змагаліся таксама браты Сяргей і Уладзімір Смятаніны і іх сястра Ліда. Уладзімір знаходзіўся ў дазоры, адзін з першых прыкмеціў набліжэнне карнікаў да атраду. Юнак адкрыў агонь па ворагу, але адна з куль абарвала жыццё патрыёта. Не давялося дажыць да Дня Перамогі і Лідзе. Пры прарыве акружэння дзяўчыну ранілі ў абедзве нагі, яна не здолела перайсці цераз топкае балота.

Фашысты жорстка распраўляліся з тымі, хто аказваў падтрымку народным мсціўцам. За сувязь з партызанамі былі расстраляны Бася Плашчынская, Емельян Македонаў,  Марыя Бондарава, Пётр Шэрыкаў, Вольга Янушкоўская, прыгадвала настаўніца Вінаградава сваіх гераічных выхаванцаў.

У сваіх пісьмах яе муж пісаў:

«Маё жыццё прасякнута порахам і смерцю. Штодня смерць скача побач, але ты ўпэўнена ідзеш наперад.
Кожны дзень, кожную гадзіну, кожны крок можа апынуцца апошнім».

Прайшоўшы амаль усю вайну, ён загінуў у баі 21 студзеня 1945 года ў Латвіі.

Беларусь памятае 

Сярод разбураных и спаленых вёсак – безліч адзіночных і брацкіх пахаванняў салдат Вялікай Айчыннай. Так выглядала лёзненская зямля адразу пасля вайны. Усе пахаванні трэба было ўлічыць, сістэматызаваць. Але гэтым заняліся не адразу. І зразумела, каб жыць, трэба было адбудоўваць жыллё, расціць хлеб. Фруза Вінаградава разам са старшынёй сельскага Савета Марыяй Навуменка перапісвалі пахаваных байцоў у школьны сшытак, адпаведна складала схему могілак. У 50-я гады праводзіліся перазахаванні – і да брацкіх могілак на Пагосцішчы далучыліся пахаванні з Вялікай і Малой Выдрэі, Мерзлякова, іншых бліжэйшых хутароў і вёсак.

І вось пацягнуліся да Пагосцішча родныя тых, хто быў пахаваны на брацкіх могілках. Вінаградавай прыходзілі лісты з усяго Саюза. Першы прыйшоў з Урала – праверыла па спісах, адказала – прыязджайце.

Сорак гадоў назад, калі я прызджала да Фрузы Васільеўны, яна ўжо была на пенсіі, жыла адна на ўскрайку вёскі ў старэнькай хаце. Як дарагую рэліквію захоўвала настаўніца той самы школьны сшытак з іменамі пахаваных салдат. У святочныя дні, калі раён адзначаў вызваленне ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў, да Фрузы Васільеўны абавязкова заходзілі ветэраны 184-й стралковай Духаўшчынскай Чырвона­сцяжнай дывізіі, каб пакланіцца матчынаму подзвігу сяльчанкі.

Прайшло сорак гадоў з таго часу, як была напісана гісторыя пра скарб школьнага сшытка. Захацелася зноў завітаць у тыя шчодра палітыя крывёю абаронцаў Радзімы мясціны, пагля­дзець на брацкія могілкі. Канешне, маёй мужнай настаўніцы я ўжо не заспела, хаця сказалі, што пражыла яна 94 гады. Не захаваўся і дом Фрузы Васільеўны. А вось брацкія магілы дагледжаны ў любую пару года, захоўваюцца адпаведна, бо з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

І што ўразіла: спіс пахаваных тут герояў стаў яшчэ шырэйшы – 2411 імён!

Справу вясковай настаўніцы працягваюць наступныя пакаленні. 15 гадоў працаваў у Выдрэйскай базавай школе малады настаўнік Канстанцін Гайдукоў. Апантаны краязнаўца шчыльна займаецца вывучэннем матэрыялаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. З гонарам узгадвае імя Героя Савецкага Саюза Пятра Даўбешкіна. 

– Гэта мой траюрадны дзядуля, – удакладняе Канстанцін. – У 1941-м выйшаў з акружэння пад Ржэвам, потым ваяваў на Бранскім, Цэнтральным і Варонежскім франтах, загінуў у 1943-м ва Украіне. Атрымаў званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. А нарадзіўся Пётр Лукіч у вёсцы, якая зараз увайшла ў межы Віцебска.

Унук героя сабраў унікальныя звесткі пра тых, хто вызваляў Віцебшчыну.

За станам брацкіх могілак каля Пагосцішча сочыць і старшыня Крынкаўскага сельскага Савета Людміла Іванова. Яна сэрцам адчувае, што значыць, калі абаронца краіны лічыцца без весткі прапаўшым…

– Мой дзядуля загінуў у вайну пад Масквой. І мама, і бабуля ўсё жыццё чакалі, калі знойдуць месца яго пахавання, – расказвае Людміла. – І зараз, калі прыязджаюць сваякі тых, хто пахаваны на лёзненскай зямлі, мы аказваем ім усялякую падтрымку, добра разумеем, што для іх значыць пакланіцца памяці героя. 

Захаванне памяці пра продкаў, асабліва калі яны загінулі ў баях за Радзіму, – не проста наш святы абавязак, гэта высакародная справа кожнага чалавека.

Фота Аляксея ВРОНСКАГА


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ