У Асаўцы Бешанковіцкага раёна падчас сёлетняй археалагічнай экспедыцыі знойдзена некалькі сотняў розных вырабаў першабытнага чалавека, сярод якіх ёсць касцяная лыжка, старэйшая за Тутанхамона.
– Калі я знайшла гэту лыжку і зразумела, што гэта такое, была шчаслівая больш, чым калі паступіла ў магістратуру, – прызналася Лізавета Кісялёва, якая на другой ступені вышэйшай адукацыі будзе вучыцца па спецыяльнасці «Археалогія». – Кожная знаходка – гэта нейкае адкрыццё, таму ўсе мы крыху Калумбы.
– Гэта другая на тэрыторыі Беларусі касцяная лыжка, якой наўскідку 4,5 тысячы гадоў. Першая, дакладней яе фрагмент, знойдзена дзесьці тут жа ў канцы 1960-х, – распавёў кіраўнік экспедыцыі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максім Чарняўскі.
Сам гістарычны аб'ект называецца Крывінскі тарфянік, праз які праходзіць мяжа Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў. У Бешанковіцкім ўсе стаянкі завуцца Асавец пад нумарамі ад 1 да 7, а ў Сенненскім яны носяць імя Крывіна – ад 1 да 3 па назве ракі. Яны ахопліваюць адрэзак часу ад ранняга неаліту да сярэдзіны бронзавага веку, ад 4 да сярэдзіны 2 тысячагоддзя да нашай эры.
Першыя даследаванні ў рэгіёне былі пачатыя у 1934 годзе, з 1966-га з археалагічнымі экспедыцыямі прыязджаў сюды Міхаіл Чарняўскі, а з 2000-га гэту справу працягвае яго сын. Але ўпершыню Максім прыехаў у Асавец яшчэ са сваім бацькам ў 1992 годзе.
Археабатанікі Міндоўгас Грыкпедэс і Ауксэ Рустэйкіте
– Гэты археалагічны мікрарэгіён унікальны з-за таго, што знаходзіцца на тарфяніку. А торф, акрамя таго, што мае пэўныя дубільныя ўласцівасці, не прапускае кісларод, што і захавала арганічныя артэфакты ад гніення. Таму калі ў большасці археалагічных помнікаў на суседніх тэрыторыях знаходзяць толькі фрагменты посуду, крамянёвыя элементы прылад працы, то тут захавалася яшчэ і арганіка – вырабы з дрэва, кары, бурштыну, косткі, рога. Такія стаянкі нам даюць у дзесяткі разоў больш інфармацыі пра жыццё і побыт нашых продкаў, чым мы атрымліваем з пяшчаных помнікаў, – удакладніў навукоўца.
Сярод шматлікіх знаходак гэтага года ёсць, напрыклад, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі стрэл, фрагмент рагавой сякеры, рыбалоўныя кручкі з косткі і шчапаных дзічыных іклаў, падвескі з зубоў жывёл, бурштынавыя, а таксама ключападобная падвеска – такіх за ўвесь час знойдзена дзесьці з дзясятак, і ні на воднай форма рукаяткі не паўтараецца. Па-за межамі Крывінскага тарфяніка такіх больш няма.
Касцяная лыжка, якой больш за 4000 гадоў
– Калі толькі пачыналі ў 2000-м, падвеска з прасвідраванага зуба куніцы ад караляў здавалася нечым супер ўнікальным. Цяпер мы ўдасканалілі тэхналогію і такіх знаходак ужо па некалькі штук у дзень, хаця для іншых тэрыторый Беларусі гэта і сёння нешта, – падзяліўся Максім Чарняўскі.
Старажытную касцяную лыжку знайшла Лізавета Кісялёва
Сярод цікавых знаходак на Крывінскім тарфяніку ён успомніў адны з першых вядомых на Беларусі духавых інструментаў – некалькі падоўжных флейтаў з трубчастых костак чаплі. Тут жа знойдзена ўнікальнае складное шыла: ручка з трубчастай косткі, унутр якой устаўляецца шыла, а каб яно не выпадала, умацоўваецца адмыслова зробленым клінікам. Пасля яго можна дастаць, развярнуць вастрыём вонкі і гэтым жа клінікам зафіксаваць ужо ў рабочым становішчы. Пры гэтым ручка яшчэ і арнаментаваная. Такіх знаходак больш няма не толькі ў Беларусі, а і навокал.
– Сам па сабе артэфакт нясе нязначную інфармацыю, а вось кантэкст, у якім ён знойдзены, разам з якімі знаходкамі суседнічаў, – усё гэта ўвогуле можа даць рэканструкцыю цэлага асяроддзя, – патлумачыў адзін з удзельнікаў экспедыцыі студэнт 4 курса Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Алесь Гаршкоў, які менавіта ў Асавец прыязджае ўжо трэці раз. – Тут файныя спецыялісты, у якіх можна павучыцца, бо я таксама планую займацца менавіта археалогіяй, ды й помнік унікальны.
Ключападобная падвеска
Тарфянік захаваў у нязменным выглядзе не толькі розныя цікавыя вырабы і прылады, а і насенны матэрыял. Узяць яго ўзоры прыехалі сюды археабатанікі з Вільнюса Міндоўгас Грыкпедэс і Ауксэ Рустэйкіте. Ім цікава, што за расліны былі на тэрыторыі Беларусі ў часы неаліту і бронзавым веку.
Максім Чарняўскі адзначыў, што стаянка Асавец-2, на якой сёлета ішлі раскопкі, на дадзены момант даследавана толькі адсоткаў на дзесяць. Так што яшчэ шмат чаго хавае Крывінскі тарфянік.
Фота Алены АЛІМАВАЙ.